Выбрать главу

— Якая брыдота,— уздыхнула Варвара Сямёнаўна.— Адкуль яны ўзяліся, гэтыя Іваны Іванавічы, з якіх шчылін вылезлі?! Гандляры, хабарнікі, некалі такім ніхто рукі не падаваў, а мы вымушаны перад імі шапкі здымаць, прыніжацца…

— Што ж ты зробіш…— Анатоль Сяргеевіч нахіліўся над Каламійцавай.— Хочаш, я сам папрашу Зіначку, каб яна за цябе падзяжурыла, мне яна не адмовіць.

— Не трэба,— успамін пра хворую дачку зноў халадком крануў сэрца Каламійцавай.— Я сама…

Яна ведала, што прасіць Зіначку сёння падзяжурыць за яе не мела сэнсу. «Вольны казак» яшчэ з раніцы гадзіны дзве адпакутавала ў салоне прыгажосці і прыйшла на работу з такой пышнай і мудрагелістай прычоскай, што нават не змагла надзець на галаву шапачку, а завязала белую хусцінку, хоць ведала, што загадчык аддзела прафесар Карпенка гэтага не любіць і, калі ўбачыць, абавязкова прачытае натацыю. Хусцінка была знакам, што Зіначка збіраецца на спатканне. Ёй ішоў дваццаць восьмы год, і Зіначка ўсё яшчэ халасцякавала; усе ў аддзеле разумелі, што ў такім крытычным узросце ад прапушчанага спаткання часам залежыць лёс жанчыны. Каламійцава ведала, што сваёй просьбай яна толькі паставіць і сябе і Зіначку ў няёмкае становішча.

Вырашаўся ў той вечар і лёс хірурга Безбародзькі. Ён быў запрошаны да цешчы на дзень нараджэння і разлічваў выкарыстаць зручны момант, каб пазычыць у яе грошай на кааператыўную кватэру. Ён ненавідзеў сваю цешчу, галоўнага адміністратара рэстарана «Беларусь», жанчыну нахабную і самаўпэўненую, і не падтрымліваў з ёю ніякіх адносін. Думка пра тое, што сёння яму прыйдзецца прыніжацца перад ёю, а потым доўгія гады, аж пакуль не разлічыцца да апошняй капейкі, залежаць ад яе, моўчкі глытаць яе кпіны, здзеклівыя, абразлівыя размовы пра ўрачоў, якія зарабляюць меней за пасудамыек у яе рэстаране, ужо з раніцы атруціла яму настрой.

Надзя бачыла, што на душы ў чалавека моташна, што ён не знаходзіць сабе месца, і нават з палёгкай уздыхнула, калі Безбародзька, не чакаючы просьбы, сам сказаў, што, на вялікі жаль, сёння падмяніць яе не зможа.

Яна зрабіла яшчэ некалькі спроб, якія былі не больш удалыя за папярэднія. У Жуковіч, як на тое, муж працаваў у другую змену і не было на каго пакінуць дзяцей. Жэня Тарасаў не мог дачакацца канца работы, каб пабегчы ў эксперыментальную аперацыйную — у яго сінім полымем гарэла кандыдацкая дысертацыя. Бабіцкая ў пятніцу вечарам ад’язджала ў санаторый, у яе хапала сваіх турбот. Заставаўся, праўда, яшчэ Чумакоў. Але прасіць Чумакова ёй не хацелася.

Усю доўгую раніцу Каламійцава думала пра гэта недарэчнае дзяжурства, праз кожныя паўгадзіны званіла дамоў глухаватай старой цётцы, якая даглядала дачку: ці ўдалося збіць тэмпературу? Цётка плакала: не ўдаецца, трыццаць дзевяць і дзве, Марынка скардзіцца, што вельмі баліць горла. Напэўна, ангіна, думала Надзя, а ў дзіцяці хворае сэрца. Ускладненні могуць быць самыя нечаканыя. А наперадзе ноч. Я тут звар’яцею за гэту ноч, далібог, звар’яцею… Вядома, можна звярнуцца да Карпенкі: так і так, прызначце каго-небудзь, я пазней аддзяжуру… і ўсё будзе вырашана. Карпенка ў гэтым сэнсе чалавек жалезны: трэба дык трэба. Але ёй не хацелася ісці да Карпенкі, такія рэчы звычайна вырашаюцца па дамоўленасці. Прафесара не цікавяць дробязі накшталт Зіначчынага спаткання або доўгачаканага вяселля ў Малышавых; халодны і недаступны, ён загадае і пойдзе ў свой кабінет, а як табе потым глядзець людзям у вочы? Дзе табе вочы ўзяць, у сабакі пазычыць?

Пра тое, каб самавольна паехаць дадому і пакінуць клініку на ўсю ноч без хірурга, Каламійцава нават падумаць не магла, ды і дзіка было пра гэта думаць.

Хочаш не хочаш, а трэба было неяк дамаўляцца з Чумаковым.

Чумакоў сядзеў у кутку за сваім старэнькім пісьмовым сталом, схіліўшы да пляча круглую лабастую галаву, і праглядаў гісторыі хваробы. Два стосы тоўсценькіх, ад падклееных аналізаў, заключэнняў, кардыяграм, сшыткаў у цвёрдых жаўтаватых вокладках ляжалі перад ім; ён браў па адным сшытку з левага стоса, гартаў, нешта хутка запісваў, высалапіўшы і прыкусіўшы ад напружання кончык языка, і лажыў справа.

Каламійцава ведала за Чумаковым гэту недарэчную звычку: працуючы, высоўваць і прыкусваць кончык языка. Некалі гэта смяшыла яе, потым стала раздражняць: нейкім тупым, дурнаватым рабіўся ў Чумакова выраз твару, як у кітайскага балванчыка.

Надзя з грукатам падсунула крэсла да яго стала і села. Чумакоў нават вачэй не прыўзняў, усё гэтак жа хутка пісаў і перакладваў свае сшыткі злева направа. Толькі бровамі паварушыў: маўляў, бачу, пачакай хвілінку, зараз вызвалюся.