Выбрать главу

Бровы ў яго былі быццам два калматыя вусені. Густыя, шырокія, кусцістыя, яны зрасліся на пераноссі; чорныя, штопарам закручаныя валаскі тырчалі ў розныя бакі, і Чумакоў раз-пораз прыгладжваў іх пальцамі. Бы чорныя стрэхі, навісалі бровы над глыбока запалымі прыжмуранымі вачыма; відаць, таму Чумакоў здаваўся змрочным і заклапочаным, нават калі ўсміхаўся.

Кароткім рухам брыва Чумакоў мог часам сказаць болей, чым Жэня Тарасаў прамовай: згадзіцца, адмовіць, падтрымаць… «Закон кампенсацыі ў дзеянні! — жартаваў Жэня.— Уся расліннасць пайшла на бровы, натуральна, што на галаву нічога не засталося».

Галава ў Чумакова сапраўды была голая, як калена. Рэдкія і мяккія валасы, некалі чорныя, а цяпер нейкія стракатыя ад сівізны, вяночкам ляжалі толькі на скронях і патыліцы, і было іх, па з’едлівых падліках усё таго ж Жэні Тарасава, галоўнага інстытуцкага жартаўніка, на адну добрую бойку.

Каламійцава з непрыяззю паглядзела на схіленую галаву Чумакова, на яго заклапочаны твар, хударлявы, зрэзаны глыбокімі і доўгімі маршчынамі, на прыкушаны кончык языка, што надаваў гэтаму твару такі недарэчны выгляд, і адчула, што вось-вось заплача. Слёзы, што збіраліся ўсю раніцу, заказыталі ёй горла, але яна стрымалася, толькі вусны горка таргануліся: ну, не, слёз ты ад мяне не дачакаешся!

Вой, як не хацелася Каламійцавай прасіць Чумакова! Справа ў тым, што ён ніколі нікому не адмаўляў. Хто б ні прасіў, моўчкі кідаў сваю работу і ішоў глядзець чужых хворых, разблытваць вынікі эксперымента, правяраць падлікі… Сёй-той у аддзеле бессаромна карыстаўся гэтым, спіхваў на яго шырокія плечы самую цяжкую частку сваей работы. Надзя абуралася: вы чалавек ці слімак? Хіба так можна? Лепш над сваім артыкулам папрацавалі б! Чумакоў пасміхаўся куточкамі вуснаў: можна, усё можна. У маі ён ужо аддзяжурыў за сябе і за Жуковіч. Цяпер вось яна… А яму дома больш трэба быць, дома, а не ў інстытуце. Каламійцава сябравала з жонкай Чумакова, Ірынай Мікалаеўнай, і здагадвалася, што кепска там ўсё, вельмі кепска. Жыццё ломіцца. А Аляксей Пятровіч — як сляпы, нічога, акрамя сваёй навукі ды хворых, не бачыць…

Каб не страх за хворую дачку… Ды яна за тры вярсты абышла б Чумакова, язык праглынула б, чым прасіць яго. А так… Што ж ты будзеш рабіць: і не хочаш, а мусіш.

2

Чумакоў рабіў свае запісы ў гісторыях хваробы амаль аўтаматычна. Ён добра ведаў сваіх пацыентаў, яму нічога не трэба было прыдумляць, як некаторым не вельмі вопытным урачам,— адно толькі зарэгістраваць на паперы тое, што ўчэпіста захоўвалі натрэніраваныя доўгімі гадамі работы памяць, вочы, пальцы. Ён пісаў і чакаў, пакуль Каламійцава пачне размову. Аляксей Пятровіч ведаў, што прымусіла яе з такім выклікам падцягнуць сваё крэсла да яго стала. Бачыў, як яна падыходзіла раніцай то да Малышава, то да Жуковіч, то да Жэні Тарасава, чуў урыўкі яе тэлефонных перагавораў з цёткай. А каб нават і не бачыў, і не чуў, дык выраз Надзінага твару, панылы, спалохана-разгублены, лепш за ўсякія словы гаварыў яму, што яна нечым прыгнечаная, устрывожаная. Правільна было б ужо даўно, не чакаючы просьбы, прапанаваць падзяжурыць за яе. Тым больш што апошнім часам яго не дужа цягнула дадому; здаралася, што Аляксей Пятровіч, часам падсвядома, прыдумляў розныя прычыны, каб затрымацца на рабоце як мага пазней: пасля таго як восенню мінулага года Ірына вярнулася з бульбы, куды яна ездзіла на два тыдні са сваім выдавецтвам, родны дом неяк неўпрыкметку, але ўсё больш і больш адчувальна рабіўся для яго чужым і халодным.

Трэба ж было так здарыцца, што менавіта сёння яму карцела трапіць туды як мага раней.

Справа ў тым, што ў Чумакова было хобі, як гэта цяпер называюць,— акварыумныя рыбкі. Цэлая сцяна ў яго кабінеце, ад падлогі да столі, была застаўлена акварыумамі. У іх, сярод трапічных зараснікаў валіснерыі, эладэі і крыптакарыны, плавалі, можа, тысячы рыбак з назвамі гучнымі і доўгімі, як у іспанскіх грандаў,— апошняя, як лічыў сам Чумакоў, яго любоў і апошняе захапленне, якому ён аддаваў увесь свой не такі ўжо і вялікі вольны час і ўсе лішнія, а зрэшты, не такія ўжо і лішнія, грошы.

Звычайна, вярнуўшыся з работы, Чумакоў уважліва аглядаў сваю гаспадарку, даліваў у акварыумы вады, чысціў шкляныя сценкі, рамантаваў асвятляльнікі, падагравальнікі, кампрэсары — усю даволі складаную тэхніку, што дапамагае аматару-рыбаводу стварыць у невялікай шкляной скрынцы амаль такія ж умовы, якія існуюць у афрыканскай рацэ Лімпапо або ў адным з бязлікіх азёр далёкай Суматры. Ён карміў рыбак, адсаджваў іх на нераст, лячыў хворых… тупаў і тупаў уздоўж паліцы, часам далёка за поўнач, або садзіўся ў глыбокае скураное крэсла, якое бацька выпадкова купіў у камісіёнцы задоўга да вайны, і аціхаў, назіраючы за таямнічым жыццём, што праходзіла перад яго вычыма. Яно было дзівосна падобнае на чалавечае жыццё, неяк карыкатурна падобнае, але карыкатура была не злосная, а хутчэй сумная. У яго на вачах больш вялікія і дужыя або проста больш ваяўнічыя, нахабныя рыбкі рашуча захоплівалі самыя зручныя месцы ў акварыуме, не падпускалі маленькіх да кармушак, пакуль не наядаліся ўволю самі. Гэтак жа, як людзі, будавалі гнёзды, калі надыходзіў час чакаць патомства, гэтак жа, у большасці сваёй, клапатліва пеставалі малькоў. А як дзівосна мяняліся яны ў час шлюбных гульняў! Шэранькі, непрыкметны макрапод раптам надзімаўся і пачынаў зіхацець усімі колерамі вясёлкі — ні даць ні ўзяць вясковы кавалер выфранціўся на фэст. Ах, як увіваўся ён вакол самачкі, быццам гаворачы кожным сваім рухам: «Ну, паглядзі, які я прыгожы і дужы! На ўсім свеце такога няма! Пакахай мяне хутчэй, дурненькая, хіба ж можна мяне, вось такога шыкоўнага, не пакахаць!» I бедная макраподзіха, аслепленая гэтай неверагоднай прыгажосцю і магутным інстынктам прадаўжэння роду, кідалася ў яго адбымкі, хоць, магчыма, і ведала, што пройдзе зусім мала часу, усяго некалькі дзён, і яе шыкоўны каханы зноў стане шэранькім і непрыкметным, як сухі сучок на дрэве.