Чумакоў доўга спрабаваў вывесці малькоў неонавай рыбкі — казачнай каралевы ў вадзяным свеце прыгажосці, але яму гэта ніяк не ўдавалася. То рыбкі не хацелі класці ікру, то ікра плеснела немаведама чаму, і яе трэба было выкідаць, каб не атруціць ваду ў акварыуме, то раптам гінулі малькі, быццам іх які мор касіў. Ірына паблажліва назірала за яго пакутамі, але часам у яе голасе адчувалася абурэнне. «Каб ты аддаваў столькі часу і энергіі сваёй доктарскай,— з’едліва гаварыла яна,— дык ужо даўно абараніўся б!» I Чумакоў у душы моўчкі пагаджаўся з ёю. Але доктарская дысертацыя, працаваць над якой ён пачаў гадоў дванаццаць таму назад, ужо даўно не цікавіла яго, яшчэ з таго часу, калі Аляксей Пятровіч зразумеў, што ні яна, ні тысячы другіх, падобных на яе дысертацый, не выратуюць чалавецтва ад рака, што для гэтага патрэбен нейкі іншы, больш высокі ўзровень мыслення і разумення, якасна новы інтэлект, якога, на вялікі жаль, сам ён не мае. Займацца ж пераліваннем з пустога ў парожняе толькі дзеля таго, каб табе за тую ж самую работу, што ты сумленна робіш і сёння, плацілі на сотню-паўтары болей, яму было сумна да агіды, а вось паспрабаваць разгадаць загадку маленечкіх істот, якія на волі жывуць і разводзяцца толькі ў адным-адзіным з нязлічаных прытокаў Амазонкі,— надзвычай цікава. Бо тут наталялася яго прага даследчыка, тая самая прага, што аднолькава жывіць і спальвае на сваім агні даследчыкаў зорак і даследчыкаў мурашоў — сам аб’ект даследавання для сапраўднага даследчыка ў дадзеным выпадку не мае аніякага значэння.
Якраз сёння на світанні ў акварыуме, куды Чумакоў адсадзіў парачку неонаў, пачаўся таямнічы працэс ператварэння драбнейшых за мак ікрынак у малькоў. Празрыстыя кропелькі, падобныя на студзень, ажылі: на кожнай выразна азначыліся дзве чорныя кропачкі — вочы. Праз дзень-два, калі нічога не здарыцца, акрэсляцца галовы, хвосцікі. I Чумакоў збіраўся сёння аж да раніцы прасядзець каля акварыума: адвярнуць край чорнага аксаміту, якім абгорнута шкляная скрыначка, каб на ваду, барані божа, не трапілі сонечныя праменні, смяротна небяспечныя і для ікрынак, і для малечы, і назіраць, як адбываецца цуд нараджэння жыцця.
Можа, яшчэ і таму ён чакаў, пакуль першая загаворыць Надзя.
Між тым маўчанне зацягвалася. Нарэшце Чумакоў пераклаў на правы бок апошнюю гісторыю хваробы і падняў галаву.
— Даруй, я хацеў разабрацца з гэтымі паперамі. Захварэла Марынка? Што з ёю?
— Відаць, ангіна. Вы не падзяжурыце сёння за мяне, Аляксей Пятровіч? Разумееце, Міхась сёння ляціць у Сімферопаль, а адтуль — у Маскву, вернецца заўтра, цётка толькі плача, карысці ад яе ніякай, ды і сама я нешта разгубілася. У Марынкі слабое сэрца, баюся, каб не было ўскладненняў.
— Не хвалюйся, усё абыдзецца.— Чумакоў зірнуў на гадзіннік.— Вось што, едзь дадому. Едзь, едзь, я сам пагляджу тваіх хворых. Дарэчы, пазваню Арэхве, можа, ён знойдзе час, каб сёння ж да вас заехаць.— Ён заўважыў, што Каламійцава ледзь стрымліваецца, каб не заплакаць, і паспешліва адвярнуўся.— Ідзі, праз восем мінут аўтобус у горад, ты яшчэ на яго паспееш. Я зараз жа пазваню Арэхве, даўно яму не званіў, аж ад таго, як Сярожка праваліўся ў палонку і схапіў запаленне лёгкіх. А яшчэ сябры, называецца…