Выбрать главу

Надзя моўчкі кіўнула і выйшла. Чумакоў пагартаў свой стары зашмальцаваны блакнот, набраў тэлефон былога аднакашніка, а цяпер галоўнага педыятра дзіцячага цэнтра Макара Цімафеевіча Арэхвы, і, пакуль сакратарка шукала шэфа па ўсёй клініцы, думаў пра дзівосны працэс, што няўмольна ператварае шарыкі студзеню ў жывыя істоты: ні пра Каламійцаву, ні пра яе дачку ён ужо не думаў. Арэхва запісаў адрас, сказаў, што сёння вечарам абавязкова заедзе, яны абмяняліся яшчэ нейкім дзесяткам пустых, неабавязковых слоў, і Чумакоў паклаў трубку з усведамленнем сумленна выкананага абавязку. Затым акуратна прыбраў гісторыі хваробы ў стол, замкнуў шуфлядку і пайшоў у таракальнае аддзяленне глядзець Надзіных хворых. Але Жэня Тарасаў з паўдарогі вярнуў яго назад.

— Тэлефон, Аляксей Пятровіч. Між іншым, гэта не Ірына Мікалаеўна. Чароўная незнаёмка, га?

Чумакоў з усмешкай паказаў Жэню кулак і патупаў назад у ардынатарскую.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1

Самалёт у Сімферопаль адлятаў у шаснаццаць трыццаць, часу яшчэ было багата, і Алачка Чмялёва, загадчыца машынапіснага бюро выдавецтва «Прамень», спакаваўшы чамадан, пайшла на работу, каб развітацца з дзяўчатамі і закончыць сякія-такія справы. Справа, урэшце, была адна: сустрэцца з Кузьменкам і Лаўрыновічам, аддаць ім таўшчэразны рукапіс, які Алачка толькі сёння раніцаЙ закончыла перадрукоўваць, і атрымаць за работу грошы. Там, у Ялце, куды яна ляцела «дзікуном», гэтыя сто дваццаць рублёў былі б вельмі дарэчы: жахліва дорага стала ўсё на поўдні, асабліва кватэры. За асобны пакойчык, трошкі прастарнейшы за сабачую будку, лупілі тры скуры, а Алачка заўсёды здымала толькі асобны: набедавалася за сваё юнацтва ў інтэрнатах, хопіць. I яшчэ ёй трэба было перадаць сваёй прыяцельцы Ірыне Мікалаеўне Чумаковай запасныя ключы ад кватэры — ужо даўно дамовіліся, што Ірына будзе час ад часу заходзіць да Алачкі паліваць кветкі. Жыла Алачка на вуліцы Дзімітрава, недалёка ад Дома кнігі, дзе знаходзілася выдавецтва, Ірыне якраз па дарозе да свайго тралейбуса, так што лішніх турботаў гэта ёй не прынясе. Наадварот, Алачка мела некаторыя падставы думаць, што ключы ад яе аднапакаёўкі для Ірыны — нечаканае шчасце, найлепшы падарунак, пра які тая магла толькі марыць, але думкі свае да часу трымала пры сабе.

Дзень быў ясны, блакітны і зялёны. Недзе над Камсамольскім возерам плавалі мяккія белыя аблокі. У кветніках уздоўж Паркавай магістралі цвілі цюльпаны і нарцысы, пукаціліся вострымі шышачкамі ружы, над пунсова-белым разлівам кветак — і адкуль толькі прыляцелі ў самы цэнтр горада! — заклапочана гулі пчолы. Ад асфальту, шчодра палітага вадой, дыхала прахалодай і свежасцю. Шырокі тратуар ад Дома мадэляў і аж да гасцініцы «Юбілейная» быў запоўнены людзьмі. Пярэстая, стракатая рака цякла ў абодва бакі, плыні яе сутыкаліся, перамешваліся, віравалі каля аўтобусных і тралейбусных прыпынкаў, каля магазінаў «Алеся», «Рамонак», кнігарні «Светач», кінатэатра «Масква». 3 адчыненых вокнаў студэнцкага інтэрната, заціснутага з абодвух бакоў высокімі гмахамі, вадаспадам лілася музыка — добры дзесятак магнітафонаў і прыёмнікаў, уключаных на ўсю моц, роў, як эскадрылля рэактыўных знішчальнікаў на ўзлёце, але гэта, відаць, зусім не перашкаджала будучым фізікам і лірыкам грызці граніт навукі: дзяўчаты ў рознакаляровых купальніках і хлопцы ў плаўках сядзелі на падаконніках, падставіўшы сонцу і разявакам спіны, і гарталі падручнікі — умела спалучалі прыемнае з карысным. Над фантанам каля Палаца спорту зіхацела вясёлка — як гасцінна адчыненыя вароты ў лёгкае і бяздумнае, казачна прывабнае жыццё.

Алачка ішла ў натоўпе, пагойдваючы важкай папкай з рукапісам, і на душы ў яе было светла і радасна. Ёй хораша было вось так ісці і нікуды не спяшацца, адчуваць сябе здаровай і бадзёрай, з густам апранутай і прычэсанай, лавіць на сабе цікаўныя позіркі мужчын і прыкідвацца, што яны цябе ніколечкі не цікавяць і не хвалююць — а што, звычайная справа! Блакітная джынсавая сукенка з вялікімі металічнымі гузікамі — «фірма», дзве з паловай сотні на таўкучцы ў Вільнюсе! — ёмка абцягвала яе невысокую постаць, выразна падкрэсліваючы поўныя грудзі, танклявы стан, шырокія клубы. Белыя фарбаваныя валасы спадалі на твар, россыпам ляжалі на плячах, з той свабодай і натуральнасцю, што патрабуюць ад жанчыны так многа часу і намаганняў. Басаножкі на тоўстай поліурэтанавай падэшве гучна ляскалі па бетонных плітках тратуара, і рытмічнае паляскванне гэтае гучала для Алачкі салодкай музыкай.