Знешне, не прыглядаючыся, ёй можна было даць гадоў дваццаць пяць — дваццаць сем, не болей: маладая, прыгожая і шчаслівая жанчына. На самай справе Алачцы ўжо было трыццаць чатыры, і шчаслівай яна адчувала сябе даволі рэдка, хіба ў такі дзень, як гэты.
Гавораць: маленькі сабачка да старасці шчанюк. Яе сябровак ужо даўно — прынамсі, на рабоце, у абставінах службовых, афіцыйных, называлі па імені і па бацьку, яна ж для ўсіх — і супрацоўнікаў і аўтараў, з якімі, мела справу, заставалася Алачкай і не крыўдавала на гэта: называйце хоць гаршком, толькі ў печ не стаўце.
Скончыўшы ў свой час філалагічны факультэт універсітэта, Алачка тры законныя гады адпрацавала ў вясковай школе пад Мінскам, а затым пераехала ў сталіцу. Без прапіскі на работу не бралі, а без работы немагчыма было прапісацца. 3 гэтага зачараванага кола яна вырвалася, калі згадзілася выйсці замуж за мастака Грыцэвіча, якога трохі ведала яшчэ са студэнцкіх гадоў. Так яна адразу вырашыла ўсе свае праблемы: Грыцэвіч меў вялікі пакой у драўляным доме на Старажоўцы, Алачка прапісалася там і ўладкавалася карэктарам у маладзёжную газету, дзе працаваў і муж.
Замужжа аказалася няўдалае. Грыцэвіч быў старэйшы за яе гадоў на дзесяць, жанаты ці не трэці раз, ён больш піў, чым працаваў, а п’яны вечары навылёт сядзеў у крэсле, прыкрыўшы алавяныя вочы набрынялымі цяжкімі павекамі, іграў на гітары і спяваў песню. Заўсёды адну і тую ж:
А чыё там жыта?
Чые там пракосы?
А чыя-а-а там дзеўка
Расплятае косы…
I года не прайшло, як Алачка ўзненавідзела і яго, і пяшчотную песню гэтую аж да дрыжыкаў, да шаленства.
Мастак Грыцэвіч быў здольны, багата выстаўляўся, пра яго пісалі ў газетах. Загубіла чалавека гарэлка. За нядоўгае жыццё з ім Алачка зведала столькі абраз, знявагі, крыўды — каб ён толькі іграў ды спяваў, падшўшы, а ён жа яшчэ і біў яе, і брыдка лаяўся, і выганяў сярод ночы з хаты, што — калі Грыцэвіч загінуў, ушчэнт п’яны праваліўся пад лёд на Мінскім моры, куды паехаў на зімовыя эцюды,— нават слязы не выпусціла, адно ўздыхнула з палёгкай.
Праз нейкі час Алачка зноў адважылася выпрабаваць лёс. Але неўзабаве высветлілася, што і на гэты раз у латарэі жыцця ёй дастаўся пусты нумар. Яе новы муж, інжынер-канструктар станкабудаўнічага завода, быў чалавек ціхі, рахманы, далікатны. Гарэлкі і ў рот не браў. Ды і за якую трасцу яму было піць! Сто дваццаць рублёў у месяц, мінус падаходны і халасцяцкі — пры такой зарплаце дужа не разгонішся, каб і хацеў. Зрэшты, гэта Алачку не турбавала: жывуць жа людзі, і мы неяк пражывём, не ў грашах шчасце! Але яе новы муж быў сквапны да агіднасці, калаціўся над кожнай капейкай і апантана марыў адным махам пабагацець. Усю сваю зарплату ён траціў на латарэйкі і на білеты Спортлато; узброены электроннай машынкай, ён распрацоўваў нейкія фантастычныя сістэмы, якія абяцалі верны і хуткі выйгрыш, але шчасце ўпарта абмінала яго. Ціхі, ласкавы, ён выматваў з Алачкі душу за кожную транціну, за кожную дробязь, якія яна купляла на свае, уласна кажучы, грошы, цягаў у яе з сумачкі цыгарэты, капейкі, эканоміў на аўтобусных білетах… Ёй хацелася дзіця, ён пра дзяцей нават думаць баяўся: пладзіць жабракоў — каму гэта трэба, вось угадаю пяць з трыццаці шасці, адхаплю дзесяць тысяч, хіба тады…
Крахаборскае гэта існаванне даволі хутка стала Алачцы ўпоперак горла, і яна сама занесла ў суд заяву аб разводзе. Лепш ужо быць адной, чым з такім слімаком.
Сяк-так падлячыўшы душэўныя раны, Алачка зрабіла яшчэ адну спробу ўладкаваць сваё, як цяпер гавораць, асабістае жыццё. I чалавек ёй стрэўся якраз такі, пра якога яна марыла: цікавы, вясёлы, шырокай натуры… Арсен Жураўскі некалі працаваў у той жа маладзёжнай газеце, што і яна, потым перайшоў у «дарослую», пісаў добрыя нарысы, шмат падарожнічаў па рэспубліцы і па краіне. Да таго часу, як яны сышліся, Жураўскі кінуў журналістыку і працаваў рэдактарам рэдакцыі мемуарнай літаратуры ў выдавецтве «Прамень». I хоць Алачцы ўжо было дваццаць восем, побач з ім яна зноў адчула сябе шчаслівай і бесклалотнай дзяўчынай. Зніклі адзінота і смутак, што ўсё часцей агортвалі душу, шчымлівае адчуванне, што жыццё праходзіць, як хуткі цягнік, а ты ўсё стаіш на пероне, і нікому няма да цябе аніякай справы. Не дужа багата ёй і трэба было: бачыць яго, адчуваць дотык яго рук… Бітая-перабітая жыццём, яна ўсё яшчэ захоўвала ў душы рамантычную прагу кахання чыстага і светлага, кахання-свята, што так высока ўздымае жанчыну над шэрымі буднямі паўсядзённасці. Але Жураўскі быў жанаты. Жанаты няўдала, на жанчыне істэрычнай, ганарыстай, самаўлюбёнай, жылі яны як кот з сабакам. Ён збіраўся развесціся з ёю, і Алачка паверыла яму: ці ж мала на свеце людзей разводзіцца — не сышліся характарамі, поглядамі, адносінамі да жыцця; яна і сама ўжо прайшла праз гэта і — жыве. Але вельмі хутка зразумела, што нічога ў яго не атрымаецца, што маніць ён не ёй, а самому сабе. Добрая ці дрэнная, а толькі не было яму без тае жанчыны жыцця.