Яна разумела, што, прыклаўшы некаторыя намаганні, магла б надоўга ўтрымаць каля сябе Жураўскага і нават прымусіць яго сапраўды паламаць свой лёс, але не захацела гэтага рабіць. Алачка ўжо добра ведала: каханне — рэч тонкая, калі яно ёсць, дык ёсць, а калі няма… Калі яго няма, дык чаго варты ўсе нашы намаганні! I яна сама выправадзіла свайго каханага дадому, да жонкі, якую ён ненавідзеў і якую, адзіную ў свеце, кахаў, адарвала ад сэрца, нават не сказаўшы на развітанне, што ўжо чакае дзіця.
Як кажуць, уволю наеўшыся сямейнага жыцця, Алачка выпрацавала да яго імунітэт. Яна толькі пасміхалася з тых сваіх сябровак, якія гатовы былі выйсці замуж абы за каго, хоць за чорта лысага, адно б не застацца векавухамі. А што гэта такое, калі разабрацца? Атавізм, перажытак, што цягнецца ліха яго ведае адкуль, яшчэ, відаць, з часоў ранняга неаліта ці палеаліта. Ну, вядома, тады жанчыне без мужа было не пражыць, задужа яна была слабая, каб самой здабываць сабе ежу і шкуры для дублёнак. Кволая, баязлівая, бездапаможная, яна сядзела ў пячоры і падтрымлівала агонь, пакуль яе калматы гаспадар біў шаблязубых тыграў і мамантаў. Цяпер мужчыны забіваюць хіба што «казла» на двары, у альтанцы, а жанчыны, адпрацаваўшы змену на фабрыцы ці ў полі, яшчэ пяць-шэсць гадзін завіхаюцца на кухні, у ваннай, вараць, параць, шыюць, мыюць, прасуюць, бегаюць па магазінах і майстэрнях, выхоўваюць дзяцей… А ён, гэты абібок, гэты гультай, ляжыць сабе на канапе, чухае пуза і чытае газеты або глядзіць тэлевізар і камандуе: падай, прыбяры, занясі… А калі ты, не маючы сілы нават паварушыцца, ляжаш нарэшце недзе апоўначы ў пасцель, тыцне цябе кулаком у бок: «Пасунься, карова!» Божа літасцівы, і каму яно патрэбна, гэта добраахвотнае рабства, ці варта так да яго імкнуцца? Усе адна адну пужаюць: пачакай, прыйдзе старасць, не будзе каму шклянкі вады падаць! Але ці не занадта гэта вялікая плата за шклянку вады — усё жыццё адчуваць сябе парабчанкай? Ці так ён ужо сапраўды патрэбен сучаснай жанчыне — муж, нават найлепшы? Ну, які не п’е і не б’е, прыносіць дадому грошы, ходзіць з авоськай у магазіны, забірае з садзіка дзяцей… Ну і што? Усё роўна ты не сядзеш дома, бо на адну зарплату не пражывеш, хіба што ён які прафесар або генерал. Але прафесараў і генералаў на ўсіх не хопіць, як і мяснікоў, жаночых цырульнікаў і модных краўцоў. Бось і выходзіць, што не ён на цябе і сям’ю, а ты на сям’ю і на яго будзеш увесь свой век укалваць, як славуты тата Карла, а паспрабуй купіць французскія духі за сорак пяць рублёў — о-го-го, колькі табе давядзецца выслухаць і пра сябе, і пра сваю маці, і пра ўсіх сваіх родзічаў аж да сёмага калена.
Што ж, калі не крывіць душой, адзінота — рэч паскудная. Жанчыне не муж — дзіця патрэбна. Вось хто напоўніць яе жыццё зместам, радасцю, шчасцем. А мужыкі… Была б шыя, хамут знойдзецца.
Родам Алачка была з вёскі Навасёлкі, з-пад Ракава. Там жыла яе маці, пенсіянерка, трымала карову, вяла сякую-такую гаспадарку. Бацька памёр малады, яму яшчэ і пяцідзесяці не споўнілася. Гаварылі, ад сэрца. Двух братоў некалі мела Алачка, але і іх ужо не было, адна яна засталася.
Атрымаўшы дэкрэтны адпачынак, Алачка паехала ў Навасёлкі, пражыла там амаль паўтара года, нарадзіла і падгадавала дачку, затым пакінула яе на старую і вярнулася ў Мінск. Звольнілася з газеты і ўладкавалася карэктарам у выдавецтва, дзе служыў і Жураўскі. Ні на што яна не спадзявалася, нічога не чакала. Проста хацелася быць побач з ім, хоць зрэдку бачыць яго. Сустрэліся яны як добрыя знаёмыя, аб мінулым не ўспаміналі, быццам яго і не было, мінулага, здароўкаліся, абменьваліся нейкімі пустымі словамі… у кожнага своЙ лёс, свая дарога. Пра тое, што ў Алачкі ёсць дзіця, ведалі толькі начальнік аддзела кадраў Уладзімір Аляксандравіч Раманоўскі ды яе бліжэйшая сяброўка Ірына Чумакова, але на іх сціпласць Алачка магла спадзявацца.
3 таго часу Алачка жыла як жылося, кахала каго хацела і калі хацела, не абцяжарвала душу ніякімі ўмоўнасцямі і, як звычайна бывае ў такіх выпадках, адчувала сябе вольнай, нібы вецер у полі. Добра дык добра, а не — вось бог, а вось і парог. Ёй гэта падабалася. Падабалася быць самой сабе гаспадыняй, ні ад кога не залежаць, рабіць, што ў галаву прыйдзе, і адказваць за свае ўчынкі толькі перад сваім сумленнем. Усяго хапала: і радасці, і тугі, і адчаю, і пустых халодных вечароў перад тэлевізарам — за свабоду, як і за ўсё на свеце, трэба плаціць, і плата, на жаль, даволі часта не адпавядае набытку.