Выбрать главу

А што цвярдыя для ўжывання —

То яблык спее адмыслова.

Чакаюць людзі — як умеюць, —

Калі ўжо яблыкі паспеюць.

СІВЫЯ ЛІСТЫ

Гэта роспач пісала, не я,

Гэты ліст напаўзмрочнай парою.

Гэта вецер віхурнага дня

Ліст прыбіў да магілы героя.

Хто яму прачытаў гэты ліст?

І няўжо тыя словы кранулі?

Бо ён жыў невядома калі,

Ў час далёкі: між дзідай і куляй.

Бо сплыло столькі рознай вады,

Неспакойна і сёння герою...

Мне прыходзяць сівыя лісты,

Ды атрамант бярэцца крывёю.

КРЫМКАЧ

Крумкач вяртаўся ва ўчарашні дзень,

Ён абгінаў Зямлю хутчэй яе вярчэння.

Інакш пражыць хацеў судовы дзень,

Каб здрадніцтвы свае схаваць ад пакаленняў...

Жыццё як сон – павекі толькі ўзняў...

Чаргуюцца мясціны: Вільня, Коўна...

З усіх існуючых зямных праяў

Вяртанне ва ўчарашняе найбольш умоўна.

Крумкач вяртаўся – ён у часе знік.

Адразу знікла пачуццё напрамку руху...

У цемрадзі стагоддзяў бразгацеў цягнік,

Дагнаць які не хопіць ні жыцця, ні духу.

ЖЫТА

Я ніколі не бачыў такога жыта:

як лес,

як мора,

як сусвет.

Яно разумнае жыта, яно жыве.

Чую – у жыце плача немаўля.

Я ўрываюся пад шаты калосся.

Бягу – і плач сцёгае па твары.

Спыняюся – і плач знікае.

Дарэмныя мае пошукі.

Марныя мае патугі.

Знямога дзьме сустрэчным вятрыскам.

Я знямогся ўшчэнт.

Ледзь жывы я падаю на дол.

Плач адразу знік.

“Ці не трызнілася мне?”-

зацеплілася думка,

і я спрабую супакоіць сябе.

Ды пошапт калосся свідруе душу.

ЦІШКАВАЕ ПОЛЕ

Дынастыя рахманых вепрукоў

наведвае ў цямрэчы Цішкавае поле,

дзе некалі садзілі людзі бульбу,

дзе засталіся пудзілі з мяхоў,

ў якіх гаспадары прывозілі ўгнаенне.

Шукаюць безупынна і нястомна

свае ўлюбёныя прысмакі, -

штурхаюцца,

бяскрыўдна рохкаюць адзін на аднаго.

Нішто не замінае справе ноччу,

але ўсё роўна асцярога не знікае,

бо ля дарогі засталося гумавае кола

і дзве рыблёўкі ў хмызняку схаваны, -

напэўна вернуцца гаспадары.

СТАРЫ ДУБ

Гайдаюць пругкія галіны,

Сваволяць жалуды-малечы.

Спякотных тыдняў успаміны

Дуб занатоўвае пад вечар.

Забыўся на мясціну гэту

Пяшчотны дождж сівых абшараў.

Ды ведаю, наложыць вета

На сьпёку колішняя хмара.

НЕМАЎЛЯ

На сьнезе знайшлі немаўля —

У неба глядзіць і не плача.

Далонька сьціскае імя —

Адзіную спадчыну.

Марозу яго не працяць,

І снег не пячэ халадэчай.

Гілі ўслед за сонцам ляцяць,

І бачыць іх толькі малеча.

Ніякіх не ведае слоў,

Свабода — дзіцяці калыска.

Існуе ў сусвеце яно

Як снег, як мароз, як вятрыска.

* * *

Шукае лекавыя травы

Сабака брудны, нехлямяжы.

Паміж няіснасцю і явай

Прашкандыбае — зноўку ляжа.

Няўжо не знойдзе і загіне?

Няўжо ў Чырвонай кнізе лекі?

Цвітуць у дворыках вяргіні,

Буяюць флёксы ля аптэкі.

СТАЛЁВАЯ РЫБА

Рыба губляе луску —

Сталь дамагаецца цела.

Па металёвым пяску

Рыба знямогла ляцела.

Чуеш — як скрыгат расце,

Воды стаўбурацца ў гудзе?