Зьнічка хвіліну трымціць...
ВАБІК
Забі пярун мяне, — я чую
Выразна сумны голас твой!
Наперадзе чарот сцяной.
Праз чараты на кліч прастую,
Бо голас — ТВОЙ!
Хаваюць неба чараціны.
Хапаюцца за ногі балаціны.
А голас кліча, мкне чароўны
І працінае мне душу.
Марудна як! Хай парашут
Мяне на голас выкіроўваў.
Я захліснуў бы парашут!
Сцяну апошнюю патрушчыў.
Насупраць — праз лагчыну — пушча,
Дзе пад кашлатаю ялінай
Дзмуў паляўнічы ў чараціну.
* * *
Даўно не спаў, як ў жаўнерскім ложку.
Дакучлівая стома цвеліць толькі.
Тваіх вачэй маўклівыя валошкі
Запаланілі зырка наваколле.
Ашчадна захаваю сум блакітны
Углыбіні чысцюткага ўспаміну.
Як Свіслач, вопратку гранітную
За тлумным горадам я скіну.
КАМЕТНАЯ СВАБОДА
Гавораць: двайчы не ўвайсці ў адну раку.
Лухта! Я ўвайшоў у тыя ж воды.
Трымаў, як скарб, ў руцэ тваю руку
Праз год вандровак і свабоды.
Праз галактычныя прасцягі чую спеў.
Мацнее сіла прыцягнення з кожным годам.
Я толькі сёння раптам зразумеў,
Якая ты, каметная свабода.
ТАБЕ
Бягуць успаміны, як хвалі,
На бераг з адзінай сасной.
І дзён маіх стынуць каралі
Без пацеркі зыркай тваёй.
Ўсё роўна тваёй зараніцы
Я вершамі буду маліцца.
ЧАС ЧАКАННЯ ЛІСТОЎ
Набліжаецца час чакання лістоў –
Назапашвай цярпенне.
Адшукай у кахання пяшчоту са слоў.
Першы ліст не збавенне.
Зноў на сэрца ляцяць і ляцяць матылі...
Першы ліст не збавенне.
І на гэтай найлепшай зямлі на Зямлі
Я не ведаю снення.
Зараніцы пачуцці свае даручу.
Страціў час вымярэнне!
Я да скрыні паштовай на крылах лячу...
Соты ліст не збавенне.
* * *
Вэнэра пацеркай мігціць,
У аскетычны космас запрашае.
Камэты срэбнаколерная ніць
Тчэ немаўлятам стужкавыя шалі.
У цемры нараджаецца жыццё.
Сусьвет — нібыта казачна-умоўны,
Чаканьне, як паўночнае ліццё
Расплаўленага месяца у чоўны.
* * *
Раней я баяўся
цемры,
жудасна-таямнічай,
халоднай
і бязлітаснай.
Ашуканы,
я баяўся цемры,
але час ператварыў
пудзіла боязі
у аскепак
безабароннай з’явы.
Пануюць ліхтары.
Слепяць фары.
Палохаюць вогнішчы.
СЯРГЕЮ ПАЛУЯНУ
Вы клікалі мяне – восья прыйшоў,
З воч паздзіраў усім павязкі.
Але, як матылі, з усіх куткоў
Вы паляцелі на святло,
а не на краскі.
ХАЛЕПА
Вандроўнік маўчаў,
ён быў дзіўны вандроўнік,
Сядзеў і маўчаў, як нямко.
На вуліцы халепа смеціла слотай –
Найбольш пад акном у святло.
Які ж ты вандроўнік –
мармоль засцянковы,
Калі назапасіць гісторый не змог.
Праз халепу месяц сляпіўся замовай
Як новы вандроўнік ступіў на парог.
А потым яшчэ і яшчэ, як навала,
І цесна зрабілася ў хаце
са шкла і металу.
Гарбатай усіх частаваў –
і чатыры фаеркі няспынна
Выключна займаліся вырабам кіпеню...
- Ты дзіўна падобны на Анцева сына, -
Прамовіў з гасцей нехта ў спіну мне.
І болей ні гуку, у цішу закуты.