Выбрать главу

НЕВЕРАГОДНАЕ ЗДАРЭННЕ

Купка хлопцаў растала таемна Адвячоркам ля ног вербалоза. Як у кніжках Станіслава Лема, Адбывалася метамарфоза.
Тая сцежка, дзе хлопцы пасталі, Ваўкалакаў не ведала, пэўна: Як анёлы, там людзі ляталі І саюз ашчаджалі крэўны.
Ўсё квітнела, спявала, бруіла… Кожны гмах — як стварэнне прыроды. Дабрыню невядомая сіла Выкрасала паміж электродаў.
Колькі цудаў яны прыкмячалі: Трактар жвавенька рухалі промні! Каб не лыпаць дарэмна вачамі, Падзялілі — каму што запомніць.
Як будуюць — цікавіўся першы. Як лятаюць — наступнага клопат. Я складаў іншамоўныя вершы, Пераймаў цудадзейны вопыт.

ТРАСКА

У кансероўцы зварухнулася траска. І плаўнікі запрацавалі, што вінты. У плаўнях морквы і лаўровага ліста Яна ўсплывала са статычнае вады.
Марудзіць час… лятуць вякі… Траска ўсплывае — новы мацярык. Ня ведаюць спакою маракі. Лунае акіянам рыбін крык.

НАФТАПРАВОД

Паток ільсняны халепнай цячэ. Прыборны зрок пільнуе абмяленне. Хада падземная ўяўляецца лягчэй, Калі хавае ноч свае праменні.
Нябачная, няспынная рака Слухмяна круціць колы механізмаў: Бульдозера, дарожнага катка І сродкаў трансагенства і турызму.
Паток ільсняны рухае прагрэс. Старэнькі драндулецік-небарака Спрабуе ля калонкі А-Зэ-эС Шлях паліва ўявіць да бензабака.

ВОЎК

Я заплюшчваю вочы і бачу ваўка. Ведаю: ён мой вораг. — Каб ты спарахнеў! — крычу што ёсць моцы. — Каб ты захлынуўся крывёю сваіх ахвяраў! Я паслабляю павекі — гляджу. Воўк не зьнік, але, нібыта спужаўшыся, адбег на бяспечную адлегласць. — Каб ты спарахнеў! — крычу яшчэ мацней і, раз’ятраны, подбегам набліжаюся да яго. Я трызню помстай! Я вар’яцею ад злосці! Воўк валюхаста пабег мне насустрач. Ад гэтага я раз’юшваюся ўдвая. Я сам раблюся падобным да ваўка. Няхай! Няхай да д’ябла! Няхай да ваўкалака! Бо шэры — мой вораг! Я трызьню помстай! Яшчэ імгненне — і я пашкамутаю гэтую погань!
Побач прабег куртаты сабачка. Цяжка дыхаючы, я спыняюся, заплюшчваю вочы і бачу Ваўка.

* * *

Сьвет наш не ведае райскіх мясцін, Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях Клічуць вандроўнікаў мройным узлессем. Свет наш не ведае райскіх мясцін.
Прывіднай зьнічкаю думка ўваскрэсне: Досыць рабіць пісягі каляін, — Свет наш не ведае райскіх мясцін, Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях.
Зьнічка хвіліну трымціць…

ВАБІК

Забі пярун мяне, — я чую Выразна сумны голас твой! Наперадзе чарот сцяной. Праз чараты на кліч прастую, Бо голас — ТВОЙ!
Хаваюць неба чараціны. Хапаюцца за ногі балаціны.
А голас кліча, мкне чароўны І працінае мне душу. Марудна як! Хай парашут Мяне на голас выкіроўваў. Я захліснуў бы парашут!
Сцяну апошнюю патрушчыў. Насупраць — праз лагчыну — пушча, Дзе пад кашлатаю ялінай Дзмуў паляўнічы ў чараціну.

* * *

Даўно не спаў, як ў жаўнерскім ложку. Дакучлівая стома цвеліць толькі. Тваіх вачэй маўклівыя валошкі Запаланілі зырка наваколле.
Ашчадна захаваю сум блакітны Углыбіні чысцюткага ўспаміну. Як Свіслач, вопратку гранітную За тлумным горадам я скіну.

КАМЕТНАЯ СВАБОДА

Гавораць: двайчы не ўвайсці ў адну раку. Лухта! Я ўвайшоў у тыя ж воды. Трымаў, як скарб, ў руцэ тваю руку Праз год вандровак і свабоды.