Выбрать главу
Праз галактычныя прасцягі чую спеў. Мацнее сіла прыцягнення з кожным годам. Я толькі сёння раптам зразумеў, Якая ты, каметная свабода.

ТАБЕ

Бягуць успаміны, як хвалі, На бераг з адзінай сасной. І дзён маіх стынуць каралі Без пацеркі зыркай тваёй.
Ўсё роўна тваёй зараніцы Я вершамі буду маліцца.

ЧАС ЧАКАННЯ ЛІСТОЎ

Набліжаецца час чакання лістоў — Назапашвай цярпенне. Адшукай у кахання пяшчоту са слоў. Першы ліст не збавенне.
Зноў на сэрца ляцяць і ляцяць матылі… Першы ліст не збавенне. І на гэтай найлепшай зямлі на Зямлі Я не ведаю снення.
Зараніцы пачуцці свае даручу. Страціў час вымярэнне! Я да скрыні паштовай на крылах лячу… Соты ліст не збавенне.

* * *

Вэнэра пацеркай мігціць, У аскетычны космас запрашае. Камэты срэбнаколерная ніць Тчэ немаўлятам стужкавыя шалі.
У цемры нараджаецца жыццё. Сусьвет — нібыта казачна-умоўны, Чаканьне, як паўночнае ліццё Расплаўленага месяца у чоўны.

* * *

Раней я баяўся цемры, жудасна-таямнічай, халоднай і бязлітаснай. Ашуканы, я баяўся цемры, але час ператварыў пудзіла боязі у аскепак безабароннай з’явы.
Пануюць ліхтары. Слепяць фары. Палохаюць вогнішчы.

СЯРГЕЮ ПАЛУЯНУ

Вы клікалі мяне — восья прыйшоў, З воч паздзіраў усім павязкі. Але, як матылі, з усіх куткоў Вы паляцелі на святло,                                   а не на краскі.

ХАЛЕПА

Вандроўнік маўчаў,                             ён быў дзіўны вандроўнік, Сядзеў і маўчаў, як нямко. На вуліцы халепа смеціла слотай — Найбольш пад акном у святло.
Які ж ты вандроўнік —                                 мармоль засцянковы, Калі назапасіць гісторый не змог. Праз халепу месяц сляпіўся замовай Як новы вандроўнік ступіў на парог.
А потым яшчэ і яшчэ, як навала, І цесна зрабілася ў хаце                                  са шкла і металу.
Гарбатай усіх частаваў —                                  і чатыры фаеркі няспынна Выключна займаліся вырабам кіпеню… — Ты дзіўна падобны на Анцева сына, — Прамовіў з гасцей нехта ў спіну мне.
І болей ні гуку, у цішу закуты. Я сціснуў далонямі вушы — пакута.

ЧОРНЫЯ ПТУШКІ

Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы Ў жудасны колер. Голае поле. Дарога. Калёсы. Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы… Птушак няволяць — Гоняць, як хмару, птушыныя лёсы. Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы… Цьмяна у полі. Пругкія крылы, як вострыя лёзы. Вецер у коле.
Чорныя птушкі ўсадзілі ў нябёсы Крылы. Даволі! Ўпалі на глебу чырвоныя сьлёзы… Вусьцішна ў полі.

НАТОЎП

Натоўп рухаецца па шляху, брукаваным жывымі чалавечымі галовамі.                              На адзіным дрэве ўскрай бясконцай людской плыні                                          пугачом сядзіць вірлавокі дзядзька. — Хадынка нібыта, Хадынка нібыта… — бесперапынна мармыча ён. Ці ён папярэджвае, ці ён пытаецца? Натоўп моўчкі абмінае дзівака. Каб неяк прыхаваць пачатак і канец, масянжовы месяц спрабуе захінуць залатое сонца. Але сонца паглынае                                  цемру, і натоўп — як на далоні. Толькі дзе той пачатак, дзе той канец? Углядайся да зьнямогі, а калі стомішся, то шлях, брукаваны чалавечымі галовамі, здзівіць                                               бязлюддзем.