Выбрать главу

Эфектна выйшла. Не пападалі, прытомнасьць страціўшы, толькі гаспадыня і Наташа, якую я тады і запрыкмеціў. Яна ня стала, як Ляля, ламацца. Ды ўсё яны шоўкавымі сталі.

Нешта ў Наташы мяне вабіла. Яна была прастытуткай — і ў той жа час не. Я разумею, што такога не бывае, але ў ёй вось такое было.

Ня ведаю, што гэта, і як растлумачыць... Мігценьне... Я хацеў нават прапанаваць ёй жыць са мной. Якраз перад тым, як гаспадар падкінуў нам работу на пару. Пасьля якой было ўжо не да мігценьня.

Мы дазналіся, хто з канкурэнтаў заказаў партыйца, але таго, былога гэбіста, не ўдавалася паваліць. Ледзь ня армію меў, моцна стаяў. Тады партыец і прыдумаў, як разабрацца з ім праз ягонага сына. Падрабязны план напісаў для мяне і Наташы, якая павінна была так хлапчука накруціць, каб ці сам ён бацьку кончыў, ці мяне ў дом правёў.

План мне ня глянуўся, кіно нейкае. А хлапчук спадабаўся. Нават шкада было, калі павесіўся...

Забаўны ён быў. Я пісталет яму даю, каб ён, як мужык, за сябе пастаяў, і ён нібыта згодны бацьку прышыць, каб з Наташай быць, ды раптам кажа: «Вы пісталет мне падшукайце, каб несапраўдным выглядаў, на цацачны паходзіў. Каб я думаў, што гэта гульня...»

Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны, ён і яго ня ўзяў... Так пісталецік той у мяне і застаўся. Нашу яго з сабой, ніхто ня думае, што сапраўдны.

А хлапчук вяроўкай абыйшоўся...

У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы сьпецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесьці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў, з ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасьцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі.

Я ня стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысьціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё.

Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што: каралямі нарадзіліся?..

Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.

У Стакгольм я падаўся, бо там у мяне свой чалавек быў. А ў яго — свой адвакат, які дапамог офіс купіць, фірму адкрыць. Параіў хоць аднаго шведа на нейкі час на работу ўзяць. Я ўзяў беспрацоўнага, адвакат журналіста знайшоў, які напісаў, што я ствараю у Швецыі новыя рабочыя месцы. Не на іхнім жыву, на сваім, ды яшчэ ім ад мяне перападае. На такіх людзей іначай, чым на звычайных імігрантаў ды бежанцаў, якіх карміць трэба, глядзяць.

Да тых, хто з грашыма, паўсюль адносіны, як да людзей, якія з грашыма. Да іншых — іншыя. Яно было так, ёсьць і будзе.

А швед мой, зарплату адрабляючы, наркату з Капенгагену вазіў. Яму дадуць — ён павёз. Ня ведаючы, што вязе. Апошнім разам яго ў Мальма ледзь не павязалі, і я паехаў туды, каб пашчупаць, што там і як.

Наркатой у Скандынавіі здаўна афрыканцы з азіятамі займаюцца. Пераважна яны. Яшчэ цыганы. Але ўсё болей і болей тавару пачало ісьці ў Еўропу з Сярэдняй Азіі праз Расію — і сур’ёзна падключыліся нашы. Мой чалавек у Стакгольме быў якраз адным з іх.

Ён сказаў мне, каб швед зьнік. Бо, калі ўжо на яго выйшлі, дык усё адно павяжуць. А ў якой ён фірме працуе, хто дапамог фірму адкрыць?.. Як толькі гэта высьветліцца — нам сядзець.

Я і сам сумневу ня меў, што, калі яго возьмуць, швед усіх здасьць. Наш бы дык яшчэ круціў, выдумляў нешта: ня ведаю, не маё. Каля аптэкі знайшоў, думаў, што вітаміны. А швед раскажа ўсё, як на споведзі. Ды ня толькі швед — хоць фін, хоць немец, хоць нарвежац. Законапаслухмяныя.

Адвакат мой неяк завёў мяне ў суд. Для практычных, можна сказаць, заняткаў. Каб лепей я шурупіў, у якім сьвеце цяпер жыву. Ён на судзе дзеда бараніў, які атруціў ката. Мазгі ў ката паехалі: па начах мяўкаў, драпаўся, спаць не даваў. Дзед трываў-трываў — няе вытрываў. Дык сьведкі ўсе, суседзі, падчыстую яго здавалі. Расказвалі, як ката ён мучыў. «На матузку, — адна суседка паказвала, — гуляць вядзе, і матузок тузае, тузае...»

Усе глядзелі на таго дзеда, як на садыста кончанага.

Пасьля гэта па газетах пайшло, па тэлебачаньні... У нас людзей штодня канчаюць — і нічога. А тут ката атруціў — на ўсю Швецыю скандал.

Хоць і ў іх, здараецца, страляюць... Прэм’ера нейкага некалі забілі. Пры мне бабу, якая міністрам была, завалілі. Падышоў мужык у краме — і заваліў. Без прычыны, дык нават не судзілі. Прызналі, што ненармальны, калі без прычыны.

А прычына была... Не хадзі, калі ты міністр, па крамах. У нас ніводнага міністра ў краме ня кончылі.