Выбрать главу

У Мальма ў гатэлі «Хілтан» я на апошнім паверсе, на самай верхатуры пасяліўся. Адкуль, як парцье сказаў, ці ня ўся Еўропа відаць. Ці ўся Данія. Альбо, ва ўсякім разе, Капенгаген. З якога швед наркату вазіў...

Гледзячы ўраніцы на Еўропу, якой за туманам не відаць было, я прыкідваў, як мне найлацьвей са шведам абыйсьціся. Каб зьнік, як туман.

Нічога талковага не прыдумвалася. Спусьціўшыся ў рэстаран пасьнедаць, я пазваніў Наташы. Яна сказала пра пасланца з Піцеру, які едзе ў Мальма. З якім дамовілася яна спаткацца заўтра а шостай вечару каля гатэлю «Хілтан».

Ты думаеш, як зрабіць так, каб зьнік нехта. А нехта думае, як зрабіць так, каб зьнік ты. Жыцьцё ідзе, усё нармальна.

За суседні стол, дзьве поўныя талеркі рыбы і мяса прыцягнуўшы, хлапчына худобны прысеў, да якога афіцыянт падышоў і пачаў дапытвацца, у якіх апартаментах той жыве? Не з-за таго, думаю, дапытвацца пачаў, што хлапчына гару ежы набраў, а таму, што не выглядаў ён на тутэйшага пастаяльца. Ня гэтак ён глядзеўся, як чалавек, які спусьціўся са сваіх апартаментаў на сьняданак у рэстаране гатэлю «Хілтан». Нават куртку зашмальцаваную, відавочна з сэкэнд хэнду, ня зьняў. Бадзяжнік.

Ён назваў афіцыянту нумар пакою — аднаго з самых дарагіх у гатэлі. З якога ці няе ўся Еўропа відаць. Афіцыянт не паверыў і пайшоў удакладняць... Заазіраўшыся па баках, хлапчына выбіраў момант, каб зьбегчы.

Не назваў бы ён нумар — няхай бы бег. Але ён назваў, і нумар гэты быў напісаны на маёй гасьцявой візітоўцы. На той, якую ўчора выдаў мне парцье.

Мяне насьцярожваюць любыя, а тым больш такія супадзеньні. У кожнага свой вопыт — і ў мяне свой. Пры маёй рабоце я пераканаўся: калі хочаш жывым быць, не дапускай думкі, што выпадковае адбываецца выпадкова. Нечым яно абумоўлена. Шукай, чым. І як мага хутчэй шукай, бо можаш не пасьпець.

Хлапчына падняўся, я кінуў праз стол: «Сядзі!..» Ён перапудзіўся ад нечаканкі, хоць і ня надта. Зноў сеў і, што мяне зьдзівіла, стаў есьці.

Калі афіцыянт вярнуўся з малайцом са службы бясьпекі, я падазваў іх і сказаў, што жыву ў названым нумары, а за суседнім сталом сьнедае мой госьць, за якога я плачу. І працягнуў афіцыянту візітоўку...

Ніхто ў мяне не спытаў: чаму мой госьць сьнедае за суседнім сталом? Калі плацяць, дык няхай сьнедае за суседнім. Можа, прынята ў нас паасобку сьнедаць, каб з самай раніцы адзін адным не раздражняцца.

Як і на пастаяльца «Хілтану», так і на пасланца з Піцеру хлапчына, апрануты бадзяжнікам, быў мала падобны. Проста ніяк не падобны. Дый ня мог пасланец пасьпець сюды, праехаўшы чвэрць Швецыі — паром толькі што ў Стакгольме прычаліў. І не пасылаюць такіх, але... Ён назваў нумар нібыта наўмысна для мяне. Неверагодная, надта вялікая выпадковасьць.

Зьеўшы ўсё, што прынёс, госьць мой яшчэ раз схадзіў да шведскага стала і набраў столькі ж. Ён быў меншы за мяне разы ў тры, куды яно ў яго лезла?.. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што ён даўно ўжо не хлапчына — гэткі падвысахлы мужычок, які на хлапчука выглядае. Нарэшце ён наеўся, я ўстаў і ўзяў яго пад локаць: «Пайшлі пакажу, дзе жывеш».

Ён пайшоў, ледзьве ногі цягнучы... Не таму, што аб’еўся, ён наогул быў вялы.

Аказалася, беларус. З Ваўкавыску, я і ня ведаў, што такі горад ёсьць. З назвай, нібы ваўкі ў ім выюць... Ён там барацьбітом нейкім быў, змагаўся за нешта. Як яны, такія вялыя, там змагаюцца?..

І я не зразумеў: за што? Каб Расія, ён сказаў, не заняла Беларусь. А нашто Расіі Беларусь займаць, калі Беларусь і так Расія?..

Звалі яго Сьвятаславам. Такое беларускае імя — у Расіі не пачуеш. Сьвятая слава, сьвяты абавязак, сьвятая айчына... Наслухаўся я гэтага ў войску — чуць ня мог.

Ён падышоў да акна ў маім нумары і глядзеў доўга. «Там недзе, — за туман паказаў, — замак, дзе Гамлет жыў, павінен быць».

Я спытаў: «Ну і што?..» — і ён уздыхнуў, у туман углядаючыся: «А тое, што Шэксьпір…»

«Што Шэксьпір?..»

«А тое…»

«Што тое?..»

«Калі б у нас быў Шэксьпір, дык была б і гісторыя… Усё было б інакш…»

«Што інакш?..»

«Усё…»

Што ў іх магло быць інакш, калі мы разам у Савецкім Саюзе былі? А калі мы разам у Савецкім Саюзе былі, дык пры чым Шэксьпір?..

Гаварыў ён, трохі заікаючыся: «У нас бы-быў… дык бы-бы-ла б…» Мянушку б яму якую, дык Бабыб самае тое было б. Я так і сказаў: «Давай Бабыбам называць цябе буду, на Сьвятаслава ты не выглядаеш», — і ён кіўнуў, галавы ад акна ў тумане не павярнуўшы: «Называй…»

У сьвятле ваконным, хоць і туманным, я разгледзеў, што ён старэйшы за мяне — і тым ня менш называй яго, як хочаш… І толькі цяпер ён спытаў: «А цябе як называць?»

«Ражном».