Выбрать главу

На тыя Дзяды, з якіх усе нашыя шэсьці і пікеты пачаліся, мяне выкладчык гісторыі, я ў інстытуце тады вучыўся, паклікаў. Разам з Настай, якую, як мне здавалася, пакуль Вера не спаткалася, я кахаў. Наста таксама была з Ваўкавыску, на год пазьней за мяне — і праз мяне, як яна казала — у інстытут паступіла. Вучыліся мы на адным факультэце, жылі ў адным інтэрнаце. Калі канчалася стыпендыя, а канчалася яна надзіва хутка, і жывот з голаду падводзіла, мы хадзілі на Камароўскі рынак, дзе каштавалі, нібы купіць зьбіраліся, патрохі ўсяго, што там было: кілбас, сыроў, рыбы… Па скібцы, па лустачцы — гэтак і наядаліся. Калі ж адломваўся кавалак, які ўжо не каштуюць, а купляюць, і гандляры гвалт усчынялі, Наста раптам скідвала ці швэдар, ці кофту, што там на ёй было: «Паглядзі на рэбры студэнцкія, морда сьпекулянцкая! І ты мяне кавалкам сыра папікаць будзеш? Ды падавіся ты ім! На, задушыся!..»

Наста з дзяцінства мела схільнасьць да эфектаў…

Сыходзячы з рынка, мы яшчэ семак з арэхамі, таксама нібы каштуючы, с сабой набіралі… Так што, можа быць, і ні пры чым той цыган, які ў гатэльных рэстаранах сьнедаць мяне вучыў. Патрохі красьці я ўжо сам умеў.

Ды хто ў нас ня крадзе хоць патрохі? Я ў брата свайго стрыечнага, які пахваляўся, што за ўсё жыцьцё ня скраў нічога, спытаўся неяк: а што ты скрасьці мог? Люк каналізацыйны, калі ліцейшчыкам на прамкамбінаце быў? Газету ўчарашнюю, калі паштаром хадзіў?.. Брат і заткнуўся.

Ведаць пра сябе, што ён ня злодзей, можа хіба той, хто меў магчымасьць скрасьці — і ня скраў. Як і пра тое, што ён не забойца, можа ведаць толькі той, хто мог забіць — і не забіў.

Я б многіх забіў, калі б мог. І ўпершыню адчуў гэта на тыя Дзяды каля Усходніх могілак.

Вера на Усходніх могілках аказалася выпадкова. Хоць, хутчэй, гэта мы з Настай аказаліся там выпадкова, а ў Веры прадзед з дзедам, а цяпер ужо і бацька, на тых могілках пахаваныя. І яна прыйшла на Дзяды, як на Дзяды, а там такое… Натоўп, міліцыя, дубінкі… Міліцыянты расьсякаць натоўп пачалі, мне брыдой атрутнай, якая «чаромхай» чамусьці называлася, у твар пырснулі і ў «варанок» пацягнулі, па рэбрах дубасячы. Мяне цягнуць, дубасяць, а Наста, я з-пад локця выкручанага, з-пад пахі бачу, убок адварочваецца. Не крычыць, як на рынку: «Паглядзіце на рэбры студэнцкія, морды міліцыянцкія!» — а нібыта й ня бачыць, як мяне па тых рэбрах…

Назаўтра вінавацілася: баялася, што з інстытуту папруць.

Праз дзень яна выступіла па тэлебачаньні як сьведка падзеяў... У кампаніі з сакратаром партыйнага ЦК, які бажыўся, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону. Наста засьведчыла, што ніхто дубінкамі нікога ня біў і «чаромхай» ня труціў. Вось жа яна там была — і не пабітая, і не атручаная…

Гады праз тры, калі сакратароў ЦК ня стала і бажыцца пачалі іншыя, Наста зноў выступіла па тэлебачаньні. Гэтым разам у кампаніі з акторам, які расказаў, як камуністы з гэбістамі зрабілі яго сексотам. А Наста распавяла, як яе, студэнтку, тыя ж камуністы з гэбістамі змусілі зманіць пра тое, што было на Дзяды, пагражаючы выгнаць з інстытуту. І неяк так выходзіла, што Наста з сексотам — героі. Ня кожны, маўляў, знойдзе ў сабе мужнасьць, каб прызнацца…

«Абое рабое, далёка пойдуць», — сказала пра іх Вера, але ўгадала не пра абудвух. Актор, здольны да алкаголю, сьпіўся, а Наста, здольная да журналістыкі, пабегала трохі, пакуль яны трымаліся, па рэдакцыях незалежных выданьняў, пасьля перабралася ў выданьне дзяржаўнае, а з яго — ва ўладу. Высока там сядзіць, далёка глядзіць — тут Вера ўгадала…

Пасьля аднаго з арыштаў чакала мяне за варотамі турмы шыкоўная жанчына ў шыкоўнай машыне. Гэтакі галівуд — Наста па-ранейшаму мела схільнасьць да эфектаў... Яна сказала, што наўмысна зрабіла так, каб усе ўсё бачылі, бо стамілася «адмазваць» мяне ўпотай, бо гэта ў шкоду ёй, бо ўсе пра ўсё даносяць, таму наступным разам мяне пасадзяць не на тыдзень-другі, а надоўга, яна ўжо нічым ня зможа дапамагчы, а калі і зможа, дык ня стане…

— І ня трэба. Я ж не прасіў.

— Ён не прасіў! А маці твая, пакуль жывая была? А радня, а сябры нашы інстытуцкія? «Наста, ты ж яго ведаеш!..» Некалі ведала, цяпер — не!

Яна нервавалася, пальцы дрыжэлі, калі прыпальвала…

— Цябе, аказалася, я і некалі ня ведаў.

Яна не хацела слухаць пра тое, што было некалі.

— Я выбрала лепшае жыцьцё, ты — горшае. Сьвядома! Спытай у нашых, у ваўкавыскіх, хоць у каго: нармальны чалавек захоча жыць ня лепш, а горш? Ты захацеў… Жыві! Але без мяне. Я не хачу, каб тваё горшае замінала майму лепшаму. Ці яшчэ й парушыла яго.

Нядаўна яе паклікалі з яе вялікага кабінетуа ў кабінет яшчэ большы і настойліва параілі ад мяне адхрысьціцца… Дык яна ж адхрысьцілася яшчэ на тых Дзядах… Калі мяне цягнулі ў варанок, а яна ўбок адварочвалася… А Вера на тых Дзядах, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася:»Вы што?!. Вы куды яго?!.» Адбіла ў міліцыянтаў, хоць ведаць мяне ня ведала. Пасьля казала: «Каб ведала, не адбівала б, хай бы зацягнулі… Хай бы ўсіх вас тады пабралі і расстралялі ў Курапатах. Дык хоць бы легенда пра вас засталася…»