Вера, мусібыць, таксама многіх бы забіла, калі б магла.
Але яна пазьней такой стала. Тады, на тыя Дзяды, яна не была такой. Як лёгка ўсё яна любіла! Людзей шкадаваць… Музыку слухаць, вершы чытаць, у ёй прага была — чытаць вершы… І сьлёзы ў яе вачах стаялі высока, як у нябёсах.
Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуваньні так і засталіся прадчуваньнямі. Паэт, які пра іх напісаў, зьбег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не зьбягуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторый вас пасылала?..
Пад адну музыку: дыктатура! — зьбягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі… Зьбягала, як малако з агню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Зьбег сьпікер парламенту… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі ня ступіць — зьбег.
Непадалёк ад Усходніх могілак яшчэ і Курапаты — таксама могілкі. Ямы, у якія ў часы, калі Сталін баляваў, скідвалі расстраляных. Прывозілі, стралялі і скідвалі. Прывозілі, стралялі і скідвалі…
Мы пачыналі новае жыцьцё на касьцях. Людзі кажуць: на касьцях жыць нельга.
Хоць хто яго ведае… Стагоддзі за стагоддзямі, вайна за вайной… Як падумаеш — дык пад намі і зямлі няма, адны косьці.
У Ваўкавыску гара ёсьць, якая Шведавай называецца, бо нібыта шведы, якіх кароль Карл ваяваць вадзіў, тую гару насыпалі, зямлю шапкамі нанасіўшы. Дзеля чаго насыпалі, чаму зямлю шапкамі насілі? — невядома. А гару з якога боку ні капні — уся ў касьцях.
Нашая настаўніца літаратуры пыталася: «Дзеці, як вы думаеце, дзеля чаго шведы гару насыпалі?..» Хто што казаў. Каб на той гары бараніцца… Каб гарматы на версе паставіць і да Масквы страляць… Я адказваў: «Каб на лыжах катацца».
Мой адказ спадабаўся настаўніцы найменш. А найбольш спадабаўся ёй адказ Насты: «Каб з гары глядзець на Швецыю, па якой яны сумавалі…»
«Вось так, дзеці, — казала настаўніца, — трэба любіць Радзіму». Тое, што гэта самае бесталковае, самае бессэнсоўнае з усяго, дзеля чаго магла быць насыпана шведамі гара, настаўніцу не бянтэжыла. Беларусаў мала бянтэжыць адсутнасьць сэнсу ў чым бы там ні было…
На той гары я і надумаў зьбегчы. Бо, калі можна некаму, дык чаму нельга мне?.. І,калі гара Шведава, дык куды, як не ў Швецыю?..
Вера сказала: "Мазгі ў цябе — толькі кубікі складваць. І ва ўсіх вас, беларусаў, такія..."
Не ва ўсіх. Мой аднакласьнік Борусь, на Шведавай гары пасядзеўшы, у Аўстралію крутануў.
Круцелісты ён, Борусь. Калі я ў Народны фронт запісацца яго ўгаворваў, ён спытаў:"А нашто нам туды абодвум?.. Ты ідзі ў БНФ, а я ў КПСС пакуль пабуду. Яшчэ невядома, у які бок яно ўсё выверне".
У 1991, у жніўні, КПСС скончылася, а ў верасьні Борусь прыйшоў партыйныя ўнёскі плаціць. Парторг, які ўжо не ў парткаме, а ў нейкім складзе сядзеў, кітайскім адзеньнем і абуткам завалены, вылупіўся на яго:«Ты вальтануты?!.» Борусь адказаў: «Я прынцыповы. Партыйны статут патрабуе сплочваць унёскі, а мяне з партыі ніхто не выключаў».
Борусь быў намесьнікам парторга, і той, ужо не як парторг, а як гандляр, прапанаваў яму ў тым складзе пайсьці да яго ў напарнікі. «У цябе мазгі ёсьць?.. Дык зразумей: усё, што было, назаўсёды скончылася. Шалёны час настаў. А шалёны час — шалёныя грошы. Хто іх сёньня пасьпее ўхапіць, той і банкаваць заўтра будзе».