Выбрать главу

— Былі…

Шведскі сьледчы шукае прычыну, па якой беларус мог забіць беларуса, і глядзіць на мяне няўцямна:

—Дык як жа тады вы, хто жывы, адзін аднаго любіць павінны!.. А вы — забіваць. Зуброў сваіх заклёўваць.

Я ўжо распавёў яму пра зуброў з бацянамі… Наогул жа я хацеў распавесьці яму толькі пра Веру, пра тое, што адна яна — прычына ўсяго, але наўрад ці ён гэта зразумее.

У іх як?.. Падыходзіш ці ў кавярні, ці дзе заўгодна да любой шведкі і кажаш, я наўмысна завучыў: «Jag vill ha sex med dig».[*] Вера ў адказ на такое, калі б у яе пісталет быў, адразу б стрэліла табе ў лоб над пераносьсем, а для шведкі яно нармальна. Разглядвае цябе, ацэньвае… Калі згаджаецца, дык цягні ў бліжэйшы ложак, нават як зваць яе, не пытаючыся. Калі ж не, дык адразу адскоквай і болей не падыходзь. А падыйдзеш — гэта ўжо сексуальныя дамаганьні, гвалт, паліцыя, суд…

Немаведама хто выдумаў, што шведскі секс — гэта калі ўтраіх. Ці ўчатырох, сям’я з сям’ёй. І ўсе адзін да аднаго без ніякіх прэтэнзіяў. Нават дзяцей не разьбіраюць, дзе чые… Маўляў, нарадзіліся — і дзякуй Богу.

Наўрад ці гэта выдумалі шведы, для якіх сям’я — гэта ўсё, цяперашнія і былыя, жонкі, усе дзеці ад іх, і ніяк нельга на Каляды ці Вялікдзень пра некага забыцца, пакінуць кагосьці, дарослага ці малога, без падарунка.

Мы самі й выдумалі шведскі секс. Як шведскі стол, які ніякі ня шведскі.

Неяк мы з Верай расклейвалі адозвы супраць рэферэндуму па зьмене Канстытуцыі, Вера, сьпяшаючыся, наклеіла адну тэкстам да сьцяны і, каб адозва не прапала, у Веры каліва не прападала, фламастарам пісаць на ёй тэкст пачала: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце…» — але не пасьпела дапісаць «за Беларусь!», бо машына міліцэйская паказалася, гэта ўночы было, мы кінуліся наўцёкі, а назаўтра чытаем працяг на той адозьве, нехта дапісаў: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце за шведскі секс!» Усе астатнія адозвы пазьдзіраныя, а гэтая вісіць.

Потым Вера так і расклейвала адозвы — тэкстам да сьцяны. Хай, казала, пішуць, што хочуць.

Расказваць швецкаму сьледчаму, як зьдзіраліся разам з адозвамі нашыя мары пра Беларусь? Распавядаць яму, як раставала і раставала, саступаючы месца расчараваньню і роспачы, наша надзея? Як глыбелі і цямнелі яміны адчаю? Як абяскрыльвалі, стамляючыся ў бясконцым чаканьні хоць нейкіх, хай маленькіх перамог, нашыя душы? Як Вера даводзіла ўсім, што нельга перамагчы, выбіраючы паміж эвалюцыяй і рэвалюцыяй, што перамога магчымая толькі ў выбары паміж свабодай і сьмерцю, — і як ніхто не хацеў паміраць?..

Я таксама паміраць не хацеў.

Я расказваю пра ўсё гэта ўжо ня сьледчаму, распавядаю адвакату, якога наняў мне Ражон, і адвакат — гэтаксама, як і сьледчы, не разумеючы, пра што я кажу, — супакойвае мяне: «Ня бойцеся, у Швецыі сьмерцю не караюць».

Прычым тут Швецыя?..

— Я там паміраць не хацеў.

— Натуральна, што не хацелі. А хто хоча? Хоць там, хоць тут… Генетычная праграма самазахаваньня закладзеная ў мазгі найпершай. Ва ўсе мазгі: чалавечыя, зьвярыныя… Вас, дарэчы, у іншую камеру перавядуць, каб вы адчувалі сябе па-чалавечы.

— У мяне і зараз ня кепская...

— Новая будзе лепшая. Ня «Хілтан», але і не турма.

Ражон наняў мне адваката і пастараўся, каб перавялі мяне ў лепшую камеру, бо, аказалася, я прыстрэліў якраз таго, каго ён хацеў, каб я прыстрэліў: кілера, прысланага рускай мафіяй расправіцца з Ражном. Я сказаў адвакату, што такога ня можа быць, бо я хацеў забіць і забіў беларуса, на што адвакат спытаў:

— А беларус хіба ня можа быць кілерам?.. Вы падумайце…

Падумаўшы, я зразумеў, пра што ён пытаецца, і адказаў, што можа.

— Як і кім заўгодна яшчэ, — задаволіў мой адказ адваката. — Скажам, целаахоўнікам, які выканаў свой абавязак… А калі не, дык чалавекам, у якім прыродная агрэсія вылілася ў нянавісьць да сябе падобных. У хваробу, у шызафрэнію… Пад узьдзеяньнем стрэсаў, перажытых вамі як там, так і тут. Мы яшчэ шведскія іміграцыйныя службы зробім вінаватымі — вы ня супраць?

У адрозьненьне ад сьледчага, які ўсім сваім выглядам нібыта ўвасабляў справядлівасьць і непарушнасьць закону, адвакат на жуліка выглядаў, дый, мусіць, быў ім, калі знаўся з Ражном, але мне якая розьніца? Калі ён прапаноўваў мне якраз тое, чаго я хацеў: швецкую псіхушку.

— Я ня супраць. Але сьледчы ня лічыць мяне ненармальным.

— Гэта не яму вызначаць. Дастаткова будзе, калі ён прызнае, што ў вашых дзеяньнях цалкам адсутнічае матывацыя. І ён прызнае гэта, бо зыходзіць з чалавечай логікі, звычайнай маралі.

У голасе адваката пракідвалася калі не пагарда, дык паблажлівасьць да сьледчага, да ягонай чалавечай логікі і звычайнай маралі, але зусім не праз тое яна пракідвалася, што адвакат быў старэйшы за сьледчага, праз нешта іншае, таму я спытаў, хоць ня трэба было, бо мне якая розьніца: