Разьвітваючыся, ён спытаў ціха, шэптам: «А вы там, дома, нікога, апроч ката, не забілі?.. Ды што вы так наструніліся, я жартую…»
Ён не жартаваў.
Вярнуўшыся ў камеру, я ўключыў тэлевізар. У выпуску навінаў выступаў нейкі нацыяналіст. Худы, востратвары. Шведскія нацыяналісты пераважна худыя і называюць сябе шведскімі дэмакратамі. І вось гэты шведскі дэмакрат, а насамрэч шведскі нацыяналіст, казаў якраз пра мяне, беларускага нацыяналіста. Не персанальна пра мяне, а ўвогуле пра такіх, як я… «Яны прыязджаюць да нас, крадуць, страляюць, а мы павінны судзіць іх па нашых законах, даглядаць і карміць у нашых турмах — за чые грошы? Я ня згодны, каб за мае. І ніводны швед ня згодны. Няхай іх судзяць і ў турмы садзяць дома…»
Востратвары нацыянал-дэмакрат глядзеў некуды міма камеры і прамаўляў так, нібы апраўдваўся. Не выглядаў ён перакананым, што кожны швед з ім згодны. Нехта ж можа крык усчаць: «А гуманітарныя прынцыпы! А правы чалавека!..» Тут ёсьць каму крычаць, тут кантораў па правах чалавека ня меней, чым па ахове жывёлінаў.
Неяк прысьнілася, быццам Вера прыехала і служыць ў такой канторы. Стаіць у пікеце на Sцdra Fцrstagatan з плакатам: «Здавайце забітых у пункт прыёмкі забітых». І Ражон каля яе з бел-чырвона-белым сьцяжком круціцца, у мяне пытаецца: «Ты чаму забітага ў пункт прыёмкі ня здаў?..» Я Ражна адпіхваю, бо што мне Ражон хоць і з бел-чырвона-белым сьцяжком, мне Веры трэба растлумачыць, што Södra Förstagatan — не Бангалор, што ўвогуле ў Швецыі дэмакратыя, тут забітых здаюць, куды захочуць, а Вера адказвае, што так няправільна, бо, як хаваюць на адным месцы, гэтаксама ў адно месца трэба здаваць, вунь у нас жа здаюць у судмедэксьпертызу…
Калі Веру з перарэзанамі венамі знайшлі ў яе аднапакаёйцы і адвезьлі ў судмедэксьпертызу, там напісалі, што спачатку ў Веры спынілася сэрца, а пасьля ўжо яна набрала ванну і ўзрэзала вены. Таму так мала нацякло крыві…
Прычыну, па якой спынілася сэрца, судмедэксьпертыза не ўстанавіла. Не было прычыны. Доза алкаголю, які знайшлі ў крыві, прычынай быць не магла.
Здарылася гэта ў той дзень і прыблізна ў той жа час, калі я сеў на цягнік да Масквы, каб у Маскве сесьці ў самалёт да Стагкольма… Так што ў гэты час я мог не быць у Менску, а мог і быць — Вера жыла побач з вакзалам. Я мог з ёй выпіць, спыніць ёй сэрца, зацягнуць у ванну, перарэзаць вены і пасьпець на цягнік.
Калі не, чаму зьбег?..
Сьлядоў маіх у кватэры хапала.
Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, сьпецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсьць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала: «Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!» Дык што рабіць сьпецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж зьбег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытаньне адваката: «Вы дома нікога не забілі?..» Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта не ананімка пра ката…
Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцьця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..
Тады ў якім жа яна адчаі была… І пры чым тут сьпецслужбы? Можа, і пры чым, але не пры гэтым.
Дні за два да ад’езду мне пазваніла Наста… Ніхто, апроч Веры, ня ведаў, а яна аднекуль ведала, што я зьязджаю. Толькі думала, што мы зьязджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім, тут нічога не дачакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам ня столькі праз мяне, колькі праз Веру. Чаму?.. Бо я ў параўнаньні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спытала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе нешта ў нас ня склалася…
Скуль яна ўзяла, што праз яе?
Калі я дазнаўся, што Веры ня стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізу-кіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: «Едзь давай, разьбярэшся!..» Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай? Ці ў нас могуць забіць?..
Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
— Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, Кастрычнік… Так?
— Так.
— А другую палову жыцьця — на шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?