Выбрать главу

Во як…

Жылі і ня ведалі пра сваё шчасьце.

За такое і ў нас бы ёй прэмію далі.

— А дзе жыве вашая жонка?..

«Выпадкова ня ў Менску?..» — хацеў я спытаць, ды сьледчы неяк дзіўна раэгуе на маё пытаньне: глядзіць так, нібы сам ня ведае, дзе яна жыве.

— Тут… у Мальма… — цягне ён, і ўва мне ўзьнікае падазрэньне, што з жонкай у яго, як і ў мяне, праблемы. — У яе свая кватэра, там кот у яе жыве. Асобна, бо я не люблю катоў.

Гэта правільна. Калі б у мяне была свая жонка, а ў жонкі яшчэ і свая кватэра, дык у ёй жыў бы кот. Асобна, бо я не люблю катоў.

— Вы жонку маю зацікавілі, яна хоча напісаць пра вас, — тлумачыць, нарэшце, сьледчы, да чаго ўся папярэдняя размова. — Прасіла спытаць, ці вы згодны?

Чаму не?.. Толькі адвакат папярэдзіў, каб я без яго — нікому ні слова, таму мне трэба параіцца з адвакатам.

— Ануча пад абцасам, — кажа пра майго сьледчага мой адвакат. — Гэта праблема Швецыі. Жонка ягоная, з якой ён, між намі… — адвакат робіць паўзу і нешта не дагаворвае… — дык яна заўсёды дзіўнаватая была, а ў апошні час зусім стала лявачка, што таксама праблема. Да таго ж яна ненармальная, а яе на каралеўскія прыёмы запрашаюць. Нядаўна на вясельлі дацкага прынца красавалася. Напісала, што са шлейфа нявесты можна было б сотню сукенак для голых афрыканак пашыць. І ўсё, больш ні слова. Прынцэса прачытала, скандал… Так што няхай і пра вас напіша, скандал не зашкодзіць.

Можа, і не зашкодзіць…

Мне ўжо нічога зашкодзіць ня можа…

Сьледчы сказаў, каб я ўключыў тэлевізар пасьля вечаровых навінаў, калі хачу ўбачыць ягоную жонку, якую зноў запрасілі на каралеўскае вясельле, скуль яна будзе весьці рэпартаж.

Я ўключыў…

Гішпанскі кронпрынц Філіп жаніўся з Летыцыяй Орціс. Нявеста, гішпанская тэлежурналістка, а цяпер прынцэса Астурыйская, магла б і сама рэпартаж правесьці. Тады б не пачула тое, што пачула. Што вясельле — на ўсю Еўропу, і што з вясельнага стала можна было б накарміць усіх бежанцаў, колькі іх у Еўропе ёсьць… «Але есьці з гэтага стала, які ломіцца ад ежы і пітва ў крышталі і золаце, будуць ня бежанцы, не галодныя дзеці, а згаладалыя і сасьмяглыя Іх Вялікасьці Кароль Гішпаніі Іаан Карл І і Каралева Сафія, Іх Каралеўскія Вялікасьці Аўгусьцейшыя Жаніх і Нявеста, Інфанта Алена Гішпанская і Герцаг дэ Луга, Яе Імператарская Вялікасьць Галава Расейскага Імператарскага Дому Гасударыня Вялікая Княгіня Марыя Уладзіміраўна, Іх Вялікасьць Каралева Галандыі Беатрыса І, Каралева Даніі Маргарыта ІІ, Кароль Грэцыі Канстанцін ІІ і Каралева Анна-Марыя, Кароль Бельгіі Альберт ІІ і і Каралева Паола, Кароль Швецыі Карл ХVІ Густаў і Каралева Сільвія, Кароль Нарвегіі Харальд V і Каралева Соня, Іх Каралеўскія Вялікасьці Вялікі Герцаг Люксембургскі Генрых і Вялікая Герцагіня Марыя-Тэрэза, Герцаг Браганцкі Дуартэ…»

У кадры ўсё зьзяла, камера плыла па белазубых усьмешках, па каронах, па бліскучых эпалетах, дыядэмах, каралях, па золатам вышытых паясах і стужках, было насамрэч каралеўскае, урачыстае і велічнае, вясельле, а голас за кадрам ператварыў яго ў немаведама што… У вадэвіль, у фарс, у анекдот…

Я ўявіў, як шведам, якія хоць і пытаюцца адзін у аднаго, ці варта ім карміць караля з каралевай, але ўсе ж любяць іх, такое чуць…

Голас за кадрам быў ня проста знаёмы. Родны. Здавалася, ён гучыць дома. Даносіцца са Шведавай гары.

Жанчыну з гэтым голасам я ня проста ведаў. Палову жыцьця я ёю трызьніў — палову жыцьця яе кахаў…

На імгненьне яна зьявілася ў кадры:»… і яшчэ 1600 дармаедаў з усёй Еўропы, якіх ахоўваюць 20000 паліцэйскіх…»

Вера?

Вера!

Вера...

Ня надта подобная на беларуску, не тутэйшая, праз што пабойваўся яе і касіўся ў яе бок выкладчык гісторыі Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, які прывёў мяне з Настай на Дзяды каля Усходніх могілак, дзе мяне, прытручанага «чаромхай», міліцыянты, дубасячы, пацягнулі ў варанок… і Наста ўбок адварочвалася, каб яе не пратурылі з інстытуту, ды потым яшчэ бажылася, што ніхто ня труціў нікога і не дубасіў, вось жа яна там была і ўся цэлая… а Вера, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася:»Вы што?!. Вы куды яго?!.» — і адбіла мяне ў міліцыянтаў, каб пасьля згубіць са мной найлепшыя свае гады, маладосьць, жаночае шчасьце, недацалаваныя дні і недапешчаныя ночы, адстоеныя ў пікетах і адбеганыя ў цёмных ветрах, на якіх абяскрыльвала, стамляючыся ў бясконцым чаканьні, яе душа, растайвала і растайвала, саступаючы месца расчараваньню і роспачы, яе надзея, глыбела і чарнела яміна адчаю, куды ўрэшце, праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, скочыла яна, спыніўшы сэрца і ўзрэзаўшы вены… — і ўсё гэта дараваць?.. не адпомсьціць, не пакараць, не забіць за гэта нікога?!.