З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я.
Я ўспомніла, што зьбіралася зрабіць гадзіну таму… Ускаціла Веру на коўдру і асьцярожна, каб нідзе не драпнуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і падняла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, ня драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цёплай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясьці левай рукі.
Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі.
Выйшла, прыкрыла дзьверы.
Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзьве шклянкі памыць ды пляшку на сьметнік выкінуць.
За дзесяць хвілінаў дайшла да вакзалу. Паазіралася, ці няма некага са знаёмых?..
Нікога.
Купіла квіток.
Цягніком — да Масквы, адтуль — самалётам да Стакгольму. Аўтобусам — да Мальма.
У Еўропе ўсё блізка.
Перасялілася.
Я з дзяцінства ўмела гэта рабіць…
Дабраўшыся да Мальма, прыбіралася ў кватэры даўжэй, чым у Менску. Вэрхал я, ад’язджаючы, пакінула неверагодны: закарэлы посуд, раскіданая бялізна, касьметыка, а да ўсяго — уся вітальня ў засохлай крывянцы. Як гэта я паехала некуды, нават кроў са сьценаў ня змыўшы?..
Я ўзялася мыць сьцены, амаль усё ўжо адмыла, калі спахапілася: што гэта я раблю?..
Тое, што засталося, адмываць ня стала.
Прагаладаўшыся, спусьцілася ў краму, каб купіць яды. «Hej!.. — усьміхнуўшыся, сказала касірка, узяўшы маю крэдытку. — Har du kommit tillbaka?..» [***] Я ўсьміхнулася ў адказ: «Hej!.. Jag har kommit tillbaka…»[****]
Я купіла віна і, вярнуўшыся, выпіла.
З вяртаньнем!..
Ціўкнуў мабільны тэлефон Веры. Мой тэлефон, на які прыйшло паведамленьне. «Я купіў табе кацяня. Прабач. Карл.»
Майго мужа, аказваецца, завуць Карлам. Як шведскага караля…
Чаму адной — замуж за караля, а другой — набіраць ванну, браць скальпель і ўзразаць вены?.. Хаця і пабраўшыся з каралём, можна набраць ванну, узяць скальпель і ўзрэзаць вены…
Я напісала Карлу, што ён мае выбар… Ці забыцца, што я ёсьць, і ў турме працаваць, ці помніць, што я ёсьць, і ў турме сядзець. За гвалт і забойства. Ён адказаў, што прымае першы варыянт і пакідае кацяня сабе.
Хіба я магла ўявіць тады, што яго прызначаць сьледчым па справе Сьвятаслава, і мне давядзецца яму яшчэ пісаць і пісаць…
Тады я ўсё ж асьцерагалася, што ён будзе шукаць сустрэчы, а сустрэўшыся, не пазнае ўва мне Веру, бо ў мяне радзімак на левым плячы на адну меней… Супраць яго трэба было нешта мець, хоць бы закрываўленыя сьцены ў вітальні, якія я не дамыла. Каб доказ быў, што забіў… Але аднойчы нейкі клерк з кейсам, падобны, як мне здалося, на майго мужа Карла, сутыкнуўся са мной на ўваходзе ў кавярню — і адскочыў, як апёкшыся. Перабег на другі бок вуліцы, па якой рушыў, не азіраючыся — і я зразумела, што асьцерагацца мне няма чаго. Прыйшла дахаты і дамыла ўсё чыста, адскрэбла тое, што заставалася, засохлае, з былога жыцьця.
Назаўтра пайшла прагуляцца да мора і ўбачыла тлустага, рыжага ў белыя плямы ката, які лянотным подбегам уцякаў ад гэткага ж тлустага і рыжага, толькі не ў плямы, мужыка. Мужык аж задыхаўся — гэтак намагаўся ката дагнаць. Нарэшце, кот стаміўся ўцякаць, мужык дагнаў яго, нахіліўся і пагладзіў…
Вы каго-небудзь, задыхаючыся, даганялі, каб пагладзіць?..
Калі я вяла рэпартажы з каралеўскіх вясельляў, дык не прызналася, што я ня Вера. У гэтым я вінаватая перад ёй, бо мы дамаўляліся, што прызнаюся. Але ж дамаўляліся мы жывая з жывой, а не жывая з мёртвай…
Канешне, калі б я прызналася, гэта была б бомба… Толькі што тады было б са мной?.. Са Сьвятаславам, якога я знайшла толькі тады, калі ў газетах напісалі, што яго арыштавалі, і якому трэба было тут, як і там, дапамагаць. Наста тут нічым дапамагчы не магла.
А там дапамагла: сьмерць маю ўсё ж прызналі самазабойствам. На тэлефон Веры Наста эсэмэску скінула:
«З вяртаньнем у Еўропу! Вось для чаго вы падобныя былі».
Лесьбіянка дыктатуры.
Прычыны для экстрадыцыі Сьвятаслава ня стала: не з-за ката ж высылаць… Ды яшчэ я так пра яго напісала, што шведы вінаватымі перад ім пачуваліся. Такога героя звар’явалі…
З псіхушкі яго забраў нейкі рускі, якому Сьвятаслаў, забіўшы беларуса, аказаў вялізную паслугу. За тую вялізную паслугу той рускі прыдбаў для яго вялізны дом, у падворку якога насыпаў, як Сьвятаслаў папрасіў, вялізную гару. І купіў вялізнага сабаку. Сьвятаслаў назваў гару Ваўкавыскай, вечарамі залазіў на яе з сабакам і глядзеў некуды на паўднёвы ўсход. Сонца сядала за ягонай сьпінай, сьвяціла ў той бок, куды ён глядзеў, і калі яно закочвалася за небасхіл і нічога ўжо не было відаць, ён пачынаў выць, а сабака — падвываць. Страшна, як воўк. На ўсю Еўропу.