Выбрать главу

- Слушна, вельмi слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены... Вы кажаце, дваццатага жнiўня? У колькi гадзiн, вы думаеце, ён будзе тут?

- Мiнiстэрства паведамляе: "Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзiны". Такiя цягнiкi ходзяць павольна... Ехаць ён павiнен да станцыi Тывiе i адтуль чатыры кiламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.

- О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне... Даруйце, што не запрашаю вас... Ведаю, вы не пакрыўдзiцеся... Вельмi вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы i добразычлiвы вiзiт.

- Усё насельнiцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары... Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.

* * *

Дваццатага жнiўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзiне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палiнялыя стужкi на аконных фiранках замянiла свежымi. Потым схадзiла да Марцыяла, мясцовага цырульнiка, зрабiла завiўку i легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскi. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялiзну i з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую нi разу не насiла за гэтыя пяць гадоў адзiноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калiсьцi падабалася плацце ў блакiтныя i белыя палоскi. Яна памерала яго i са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вiсiць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузiла сама, ажывiўшы каляровым каўнерыкам i поясам.

Перш чым гатаваць снеданне, яна прыпомнiла ўсе яго любiмыя стравы... У Францыi 1945 года жылося бедна... Шакаладны дэсерт?.. О, гэта быў бы яму ласунак... А толькi дзе яго ўзяць, шакаладу?.. Добра, што ў яе былi свае куры i ў запасе некалькi свежых яек. Ён жа заўсёды хвалiў яе амлет, казаў, што смачней не бывае... Любiў ён нятлустае мяса, смажаную бульбу, але ўжо два днi, як мяснiк у Шардэйлi зачынiў сваю краму... Пазаўчора яна якраз зарэзала кураня, мяса не мяса, але, калi добра падсмажыць... Ах, вось яшчэ: суседка бажылася, што ў блiжэйшым мястэчку бакалейшчык цiшком з-пад прылаўка прадае шакалад. I яна вырашыла абавязкова пабываць там.

"Калi ў восем выберуся, то ў дзевяць магу вярнуцца... Падрыхтую ўсё загадзя, каб потым засталася толькi кухня".

Узрушаная, заклапочаная, яна тым не менш была ў самым вясёлым настроi. Пагода дзiвосная. Здаецца, нiколi ранiшняе сонца не асвятляла так ярка далiну. Спяваючы, яна пачала накрываць стол: "Абрус у чырвоныя i белыя квадрацiкi... Мы на iм вячэралi ў першы дзень нашага сумеснага жыцця... Ружовыя талеркi з малюнкамi, якiя так яго забаўлялi... Бутэлька шыпучага... i, галоўнае, кветкi... Ён любiў, каб на стале былi кветкi, i гаварыў, што нiхто не ўмее iх так падбiраць, як я".

Яна зрабiла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васiлькi i некалькi сцяблiнак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласiпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькi прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькi гора, Рэно, напэўна, будзе здзiўлены, што яго хата i яго жонка вельмi мала змянiлiся... Праз акно яна бачыла сябе ў вялiкiм люстры. Мабыць, трошкi худаватая, але такая беленькая, маладзенькая i, адразу вiдаць, што закаханая... Яна адчувала сябе на сёмым небе.

"Пара! - сказала яна сабе, - трэба спяшацца... Каторая гадзiна? Божа мой, ужо дзевяць гадзiн!.. Нiколi не думала, што гэта зойме столькi часу... Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка".

* * *

Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, i нiхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымi блiскучымi вачамi пралез у сад. Некалькi хвiлiн ён азiраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару i хараства кветак... Слухаў, як гудуць пчолы... Потым цiха паклiкаў:

- Элен!

Нiхто не адказваў. Ён паклiкаў гучней:

- Элен!.. Элен!..

Напалоханы маўчаннем, ён падышоў блiжэй i ўбачыў праз акно стол, сервiраваны на дваiх, кветкi i бутэльку вiна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахiснуўся i прытулiўся да сцяны.

"Божа! - падумаў ён... - Яна жыве не адна!"

Калi праз гадзiну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:

- Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён i твару не паказаў.

- Пабег?.. Куды? У якiм кiрунку?

- На Тывiе.

Яна кiнулася да мэра, якi нiчога не ведаў.

- Баюся, пане мэр... Страшэнна баюся... Рэно - чалавек уражлiвы i вельмi раўнiвы... На стале былi прыборы... Ён iх бачыў i не здагадаўся, што гэта яму... яму я паставiла... Пане мэр, знайдзiце яго зараз жа!.. Знайдзiце!.. Ён такi, што можа не вярнуцца... А я ж яго так люблю!

Мэр спешна паслаў веласiпедыста на станцыю Тывiе, падняў на ногi палiцыю, але Рэно Леймары знiк. Элен прасядзела каля стала ўсю ноч. Было душна, горача. Пачалi ўжо i кветкi вянуць... Яна нiчога не ела.

Прайшоў дзень, потым тыдзень, потым месяц...

Ужо больш як два гады мiнула з таго часу, а пра яго нiякiх чутак. Я запiсаў гэту трагiчную гiсторыю ў надзеi, што ён яе прачытае i вернецца.

Пераклад: Юрка Гаўрук