Выбрать главу

Гэта было ў той год, калі ён не паступіў у медыцынскі інстытут і працаваў у калгасе. Меліяратары асушалі пойму невялікай рачулкі, што ўпадала ў Нёман непадалёк ад іх вёскі. Магутнымі экскаватарамі выверпулі глыбозную, прамую, як страла, канаву, павярнулі ў яе ваду з рэчкі. Аднак рачулка, нібы на злосць, не хацела паміраць: ледзь-ледзь, а ўсё струменілася па звыклым рэчышчы — яе жывілі шматлікія крынічкі на берагах. Тады некаму прыйшло ў галаву засыпаць старое рэчышча. I пачалі бульдозерамi сцягваць зямлю з пагоркаў, пасля чаго там і цяпер нішто не расце. Месцамі рэчка была глыбокая, у ёй вялося шмат рыбы, у тым ліку і такая рэдкая, як фарэль. А якія шчупакі заходзілі сюды на нераст! Бывала, яны, падшпаркі, на вясне хадзілі з восцямі. Спрадвеку тут беражкоўцы білі шчупакоў, расказвалі, што некалі трапляліся па пуду і больш. Потым, калі па Нёмане стаў шныраць рыбнагляд, ганялі — браканьерства.

Бульдозеры, падрываючы маторы, ссоўвалі зямлю ў старое рэчышча, вада адступала, амаль наверсе плюхалася рыба. Каторая большая, меліяратары бралі голымі рукамі, варылі юшку, смажылі, прадавалі прыезжым рыбакам-аматарам, а драбязу, якой кішэла кожная лужынка, завальвалі зямлёю. Аднак неўзабаве стала ясна, што з гэтага засыпання нічога не будзе: кругом шмат крынічак, і вільгаць, нягледзячы ні на што, прасочваецца наверх. Тады пачалі ўкладваць дрэнаж. Але і гэта не памагло. Рачулка была жывучай і непераможнай, як цяга да жыцця, як само жыццё, і людзі з усёй сваёй магутнай тэхнікай, здавалася, былі бяссільныя перад ёю... Намучыўшыся і адхапіўшы вымовы, меліяратары кінулі знявечаную лагчыну і пераехалі са ўсёй сваёй тэхнікай у іншае месца, казалі, знішчаць другую, не такую ўпартую рачулку.

Чаму ён стаў меліяратарам? Каб узарваць меліярацыю знутры! Канечне, гэта быў дзіцячы, наіўны пратэст, потым у інстытуце самому было смешна: вінавата не столькі сама меліярацыя, колькі людское невуцтва, абыякавасць, халодны разлік, мінутная выгода. Во за гэта і помсціць прырода. Помсцяць крынічкі, помсцяць марна загубленыя рэчкі, на месцы якіх, апроч асоту, нішто больш і расці не хоча, помсцяць знявечаныя лагчыны, што сталі чорнаю пустыняй, разносчыкамі пустазелля, помсціць Нёман, які на вачах мялее. Яшчэ дзесяць гадоў паўз Беражкі праплывалі вялізныя баржы, а ўжо зараз раку ў многіх месцах можна ўброд перайсці. Мала хто задумваецца, што будзе праз дзесяць, праз дваццаць, праз сто гадоў.

У тым раённым пасёлку, той меліярацыйнай арганізацыі, куды ён прыехаў пасля інстытута, думалі пра гэта і шмат што рабілі.

Яго прызначылі ў эксперыментальную брыгаду асвойваць новы спосаб асушэння.

Ён быў не тое што рады, а бязмежна шчаслівы, што атрымаў такую перспектыўную і цікавую работу. Не так часта бывае, каб маладому, толькі што з інстытута, інжынеру даручалі эксперыментаваць.

I на самай справе яму тады здорава шанцавала. Аж не верылася. Ва ўсім шанцавала. Ну, напрыклад, не прайшло і двух месяцаў, як атрымаў кватэру з усімі камунальнымі выгодамі ў толькі што пабудаваным доме...

***

...Думкі яго зноў і зноў спатыкаліся на Іры, і ён не адганяў іх, хоць думаць цяпер пра Іру было недарэчна, горка, балюча. Чамусьці раптам здалося, што гэтыя думкі-ўспаміны маюць нейкае падабенства з тою рачулкаю, якую колісь засыпалі меліяратары: як ні завальвай, а яна ўсё сочыцца і сочыцца ўпартымі крынічкамі, і жахнула ад гэтага падабенства. Разгублена глядзеў на гасцей, і ў вачах быў адчайны крык: людзі, што мне рабіць, парайце, людзі добрыя?! Госці сядзелі прыцішана, хаваючы вочы, пэўна, ніхто з іх не ведаў, якое ў яго можа быць выйсце з той пасткі, у якую сам сябе загнаў...

***

Калі прыехаў у вёску, каб забраць жонку і дачку да сябе, Іра ўзрадавалася, але, заўважыўшы, як спахмурнела маці, разгубілася, не ведала: радавацца ці смуткаваць. Ці то ад таго, што ў старых не было сваіх дачок, ці мо таму, што Верачка — іх першая ўнучка, але яны не маглі нарадавацца, не спускалі малую з рук. Па праўдзе кажучы, у Міхася тлела сумненне: мо лацвей было б Іры з Верачкай пабыць пакуль што ў вёсцы — маці паможа пагадаваць, але і без іх надта ж занудзіўся.

Маці, нічога не кажучы, пайшла на пошту, зняла з ашчаднай кніжкі тысячу рублёў і, не зважаючы на аднекванне, усунула амаль сілком Іры: «Хата ж у вас пустая, то купіце, што трэба на першы час, абжывайцеся, каб было як у людзей».

Клопатаў, вядома, прыбавілася, але Верачка ўдалася на дзіва спакойная, не асабліва замінала. Яны нават рызыкавалі схадзіць у кіно, пакуль яна спала, цмокчучы пустышку. Праўда, Іра сядзела як на іголках, аднак сяды-тады рызыкавалі.

Пэўна, і на самай справе шчаслівейшай за іх маладой сям’і не было ва ўсім гарадку. Сёй-той, асабліва маладзіцы, глядзелі на іх з дрэнна схаванай зайздрасцю, а пажылыя — з замілаваннем, якое, калі разабрацца, таксама падобнае на зайздрасць: во жывуць, як галубкі, не тое што нашы — сварацца без дай прычыны. У гэтых справах, пэўна, усе жанчыны трохі зайздросніцы.