Выбрать главу

I яшчэ, мусіць, заўсёды так: калі памірае хто заўчасна — гэта, як правіла, добры чалавек, калі здараецца бяда — абавязкова са шчаслівымі людзьмі. Яна, бяда, нібы знарок выбірае жыццялюбаў і аптымістаў і звальваецца менавіта тады, калі яе менш за ўсё чакаеш.

Праз год, калі Верачка «знайшла» свае ножкі і стала лепятаць сваё «ма-ма», «та-та», уварвалася бяда, цяжкая, аглушальная. Іра трапіла ў аўтамабільную аварыю. Трапіла недарэчна, да крыўднага бязглузда: п’яны шафёр затармазіў на галалёдзе, машыну кінула на тратуар, потым — на слуп. I трэба ж было іменна ў тую хвіліну апынуцца Іры якраз насупраць таго праклятага слупа! Адбылося так нечакана, так імгненна, што не паспела і падумаць, не тое каб адскочыць у бок...

***

Міхасёвы думкі раптам перарваў братаў голас і смех. Яму з робленай весялосцю нешта адказвала Насця. Кідалася ў вочы, што яны гэта робяць знарок, каб разварушыць гасцей, «утравіць» іх у нейкую гамонку. Міхась аж паморшчыўся ад сораму. Бадай, ніколі ў яго не было такой нянавісці да брата і Насці, як у гэтую хвіліну. Хто-хто, а яны прыклалі сваю руку да ўсяго, што сталася...

Тады, аглушаны, прыбіты бядою, кінуўся на пошту, даў дзве тэлеграмы: адну — маці, другую — брату. Прасіў тэрмінова прыехаць. Маці была патрэбна, каб прыгледзець за Верачкай, Андрэй... Усё ж ён без году ўрач, сёе-тое кумекае сам, а галоўнае, можа параіць, куды, да каго кінуцца па дапамогу — мо нават у інстытут, да прафесароў.

Андрэй і Насця (таксама тады студэнтка-медычка) апранулі белыя халаты, па-свойску перакінуліся з урачом некалькімі фразамі па-латыні, пайшлі ў палату, а ён, Міхась, застаўся ўнізе — так яны захацелі. Доўга-доўга іх не было, потым нарэшце выйшлі. Міхась кінуўся насустрач: ну што? Андрэй, не спяшаючыся, моўчкі зняў белую шапачку, стомлена, нібы толькі што закончыў надзвычай складаную аперацыю, сеў у крэсла і, вытрымліваючы яго трывожна-запытальны позірк, сказаў:

— Справы дрэнь, стары... Ампутацыя...

— Што-што-о? — нібы аслухаўся Міхась.— Што ты вярзеш?

— Так, стары, так! Другой альтэрнатывы няма...

Андрэй любіць розныя вучоныя слоўцы, вымаўляе іх важка, са смакам. А такія, як «альтэрнатыва», «дылема», бадай, сталі ў яго лексіконе словамі-паразітамі, бо ўжывае іх дарэчы і недарэчы.

Да Міхася стаў памалу даходзіць увесь жахлівы сэнс братавых слоў, ногі падкасіліся — бездапаможна сеў на крэсла. Андрэй гаварыў яшчэ нешта, але Міхась нібы аглух, усё было, як у тумане. Ачомаўся, толькі калі прыйшлі дадому.

— Няўжо нельга нічога зрабіць? — умольна, як на бога, глядзеў ён на брата.— А мо ў Мінск, у Маскву? Там усё ж урачы — не нашы? Га? Мо да якога прафесара?

— Не, стары, тут ніякі прафесар, хай будзе ён самім панам-богам, не паможа. Пачынай думаць аб іншым...

Ён не сказаў тады, аб чым гэта іншым трэба думаць. Сказаў у наступны прыезд, здаецца, праз месяц. Сказаў, не асабліва ўважаючы далікатнасць, не надта цырымонячыся:

— Хочаш ці не хочаш, а ты стаў перад дылемай: што рабіць, як жыць?

Міхась насцярожыўся, нічога не разумеючы.

Брат памяўся, падбіраючы патрэбныя словы, потым здалёк, крадком запытаў:

— Што рабіць будзеш, калі яна выпішацца з бальніцы? Якую маеш альтэрнатыву?

— Як што? — здзіўлена паціснуў плячыма Міхась. Яму, аглушанаму бядой, і ў галаву не прыходзіла, што і як будзе далей. Зрэшты, што можа быць далей?

— Зразумей мяне правільна: я не супроць Ірыны. Але няўжо ў цябе няма іншай альтэрнатывы, апроч той, каб жыць з калекай?

— Замаўчы!

— Я магу і памаўчаць... Твая справа...— Андрэй зрабіў пакрыўджаны выгляд.— Але, прызнайся, ты сам аб гэтым не думаў. Падумаеш скора, станеш перад дылемай... Жыцця ў вас не будзе, наперад кажу, як старэйшы...

— Не твая справа! Заткніся! — абарваў яго Міхась і з прыкрасцю падумаў: «На якую трасцу прынесла яго?»

Ён даўно, яшчэ змалку, трохі недалюбліваў старэйшага брата. Недалюбліваў за вечныя настаўленні, гатовыя рэцэпты па любы выпадак жыцця, нават за саму манеру даваць свае парады — быццам толькі яму аднаму вядомыя ўсе вялікія і малыя ісціны, быццам усё, што сыходзіць ад яго, не можа выклікаць ніякіх сумненняў. Гэтак проста і мудра ўсё раскладваецца па палічках.

— Злуйся не злуйся, але трэба быць апошнім ідыётам, каб загубіць жыццё на патранаж калекі, — разважліва і кашчунна працягваў Андрэй. — А табе толькі дваццаць сем. Можа ўсё быць наперадзе, можа — застацца ззаду. Паварушы глуздамі...