Выбрать главу

Мо менавіта ў той момант ён здрадзіў Іры, здрадзіў сабе? Не! Ён не мог тады, не можа і сёння прыняць гэты Андрэеў практыцызм, эгаістычны, бяздушны, жорсткі. Чаму ж тады не ўзяў за каршэнь і не турнуў? Чаму, урэшце, не даў здачы? Маўчаў. Маці не маўчала, а ты маўчаў...

— Не лезь, Андрэй! — узарвалася старая.— Міхась не маленькі — сам разбярэцца.

А мо пачалося ўсё трохі пазней, калі да размовы падключылася Насця са сваім бессаромным цынізмам:

— Як ты з бязногай у пасцель будзеш класціся?

Ён тады не думаў як. Гэта пасля тая фраза гула, што назойлівая аса, даводзіла да роспачы.

Невядома, чаго яшчэ тады нагаварыла б Насця, каб яе груба не абсекла маці.

У старой ніколі асабліва не ляжала душа да Насці, і тая, мусіць, заўважыла гэта. Ён і сам не разумеў, чаму недалюблівае маці Андрэеву жонку. Мо таму, што Насця не пажадала ўзяць іхняга прозвішча? А мо за тое, што ў Насці ніколі так і не павярнуўся язык назваць яе мамаю?

Ён ніколі не бачыў маці такою, як тады. Вусны ў яе збляднелі, уздрыгвалі.

— Не распускай язык памялом! — прабірала яна Насцю.— Сорам! Ты ж кабета! — I, паглядаючы то на нявестку, то на Андрэя, працягвала са злосцю: — Што гэта за дурная звычка лезці са сваімі парадамі, дзе вас не просяць? — I, не дачакаўшыся адказу, трохі супакоілася, сказала са смуткам: — Я хацела, каб мае дзеці людзьмі выраслі. Вы цяпер павырасталі, у iнстытутах розуму панабіраліся, свае галовы маеце. То думайце, будзьце людзьмі! У чужой бядзе парады даваць легка. Ды ніколі не рабіце з бухты-барахты... А ты, Міхась, сам разбярыся, што да чаго, сваё сэрца запытай. Ведай адно: пакуль мы з бацькам жывыя — Іру ў крыўду не дамо...

***

Іра выпісалася з бальніцы праз тры месяцы. Яна навучылася хадзіць без мыліц, толькі злёгку абапіралася на кіёчак.

Ён рабіў усё, каб Іра не заўважыла, што нешта перамянілася, цяжэй было пераканаць самога сябе. Нічога не перамянілася, нічога не перамянілася! На нейкі час нават удавалася паверыць, што нічога не змяпілася, а калі змянілася, то мо нават да лепшага. Пакуль на вочы не трапляўся кіёчак, пратэз. I сэрца сціскалася ад болю, жалю і да Іры, і да самога сябе, толькі цяпер стала бачыцца ўся непапраўная трагічнасць бяды. Лепш бы сам пайшоў у той магазін! Ён жа мужчына, адразу б здагадаўся, чым можа скончыцца, калі машына пайшла юзам. Ён, канечне, выкруціўся б, а яна разгубілася. Каб гэта ведаў! Каб гэта можна было цяпер паправіць! Няўжо гэта на ўсё жыццё? У такія хвіліны альбо знаходзіў прычыну, каб выйсці з хаты, альбо браў на рукі Верачку і з ненатуральнай пяшчотай гушкаў яе.

Ён ведаў: Іра здагадваецца, што робіцца ў яго на душы, праклінаў сябе, згараў ад сораму, палохаючыся, жахаючыся фізічнай халоднасці да жонкі, прычынаю якой было яе калецтва. Адно ўяўленне пра яе кульцю прыводзіла ў адчай, наганяла няўцешную роспач — хоць воўкам вый, і ні ў кога не папросіш літасці, ніхто цябе не зразумее. Пават Іра, якой не скажаш... А мо ўсё ўладзіцца, звыкнецца з часам? I, кампенсуючы сваю віну, намагаўся быць уважлівым, чулым, больш за ўсё баючыся, каб яна не падумала, быццам гэтая ўвага і чуласць робленыя.

Паступова, спакваля паміж імі ўзнікала, вырастала нядобрая сцяна недамоўленасці, і ён не мог нічога зрабіць, каб разбурыць тую прыкрую сцяну. Яму было да болю шкада Іру, стараўся браць на сябе ўсе хатнія клопаты, а яна праз сілу хацела рабіць усё сама, і нават гэта выклікала новую недамоўленасць. I так штодня...

Яго, ды і яе, здаецца, палохалі людзі. Дзе б толькі не паяўляліся, на іх пачыналі звяртаць увагу, і ў гэтых позірках была не проста спагада, а жаласлівасць і да яе, і да яго, і нават да дзіцяці.

3 маўклівай згоды яны сталі менш і менш разам бываць на людзях, кожны па-свойму саромеючыся таго, аб чым і заікацца не адважваліся. Яму часта здавалася, што кожны з іх робіць усё, каб ашукаць адзін аднаго, ашукаць самога сябе, але адчайна адганяў гэтыя думкі: мо ўсё ж уладзіцца, мо звыкнецца, як прывык некалі да дзіцячай каляскі, з якой з месяц саромеўся без Іры з’яўляцца на вуліцы, а потым сам пасмейваўся са сваёй дзівацкай сарамлівасці...

Іра старалася быць вясёлаю, жартавала, не траціла аптымізму, і ён бачыў, якіх неймаверных сіл каштуе ўсё гэта ёй, а самае страшнае — разумеў, што ўсё гэта яна робіць дзеля яго.

Праходзілі дні, тыдні, месяцы, недамоўленасць напластоўвалася і напластоўвалася, і ўжо цяжка, амаль немагчыма было хаваць яе.

***

Неяк, калі вярнуўся з работы, застаў Іру нязвыкла строгую, задуменную, са слядамі слёз на твары. Адразу ж зразумеў — нешта здарылася, аднак, як звычайна, бадзёра сказаў: