Выбрать главу

А мо ён сам, хто ўзяўся іграць галоўную ролю,— не той выканаўца? Мо таму і няма ніякага ладу, кожны адчувае сябе пасажырам у аэрапорце, дзе ўжо ў чацвёрты раз аб’явілі, што вылет самалёта зноў адкладваецца.

— Го-о-рка! Маладым го-о-о-р-ка! — неяк недарэчы грымнуў сватаў бас.

Міхась панура глянуў на гасцей, нехаця ўстаў, памог над локаць падняцца Любе, і яны для прыліку, холадна і абыякава, пацалаваліся.

Вясельнікі і госці ахвотна апаражнілі чарговую чарку і, здаецца, зноў забыліся пра яго.

А ці не падобны ён на бяздарнага камедыянта, што абрыдзеў усім, але дзеля прыстойнасці яго выклікаюць зноў і зноў, каб хоць трохі развеяць нудоту, пасмяяцца спадцішка не столькі з таго, што робіць, а з яго самога? Чаго яны папрыходзілі?! Каб напіцца, папасвіць свае вочы на яго сораме...

Гэтая думка навеяла няўцешна-адчайны смутак, стала баламуціць душу, уздымаць злосць, неадольнае жаданне дзейнічаць, нешта рабіць на злосць усім, мо нават на злосць самому сабе.

— Музыкант! Гапака! — панура загадаў ён.— Гапака, табе кажу!

Госці здзіўлена пераглянуліся — маладому на вяселлі не належыць заказваць музыку. Музыку заказвае сват. У свата просяць, калі што...

Гарманіст паслухмяна перайшоў з танга на гапак.

Міхась, не заўважаючы нікога, устаў, рэзка адштурхнуў крэсла, цяжкай хадою выйшаў на сярэдзіну хаты, пастаяў трохі, прыслухоўваючыся да музыкі. Ну, глядзіце! Пасвіце свае бессаромныя вочы! Глядзіце, глядзіце! Тупнуў пагою і заскакаў, заскакаў, набіраючы і набіраючы тэмп. Во вам! Во!..

Ён ужо не звяртаў увагі на музыку, глядзеў па баках — і нічога не бачыў, выкручваўся да болю ў касцях, і о, дзіва! Гэты боль прыемны. Ага-а! Паскрыўлялі фізіяноміі! Крывіце, крывіце! I пайшоў упрысядку, б’ючы ў далоні, абапёрся рукамі на падлогу і стаў дрыгацца, як прыпадачны. Любуйцеся, будзьце задаволены! Я вам яшчэ не такія пакажу хохмачкі. Пасмейцеся, пасмейцеся... Для вас я апошні мярзотнік, а мярзотніку ўсё дазволена...

I раптам!.. Раптам у нейкім апантаным утрапенні раз другі, трэці перакуліўся цераз галаву на бруднай падлозе! Во вам, во вам!

Падбегла затрывожаная маці, хацела змахнуць з пінжака гразь, ён невідушча адштурхнуў яе, з новым прыпадкам стаў канвульсаваць у сваім дзікім танцы.

Госці анямелі, з трывогай сачылі: што ж будзе далей?

Валасы ў танцора ўскалмаціліся, твар заліваўся потам. Ён выцер лоб рукавом, потым — крысом пінжака, затым, працягваючы дрыгацца, сцягнуў з сябе і шпурнуў на лаву пінжак з вывернутымі рукавамі, са свежай сілай і адчаем працягваў свой незразумелы жудасна-вар’яцкі танец.

Госці спалохана пераглядваліся, не ведаючы, што рабіць. Першым ачомаўся сват — жэстам паказаў гарманісту, каб спыніў музыку.

А Міхась усё скакаў, і здавалася, рабілася лягчэй. Са здзіўленнем заўважыў, што стаў да жаху цвярозы. А потым убачыў Любу, маці — устрывожаных, са слязьмі на вачах, пачуў іх амаль мальбу:

— Хопіць, хопіць, хопіць...

Дайшло: музыкант не грае, а ён скача без музыкі. Спыніўся, абвёў прысутных здзіўленым позіркам, цяжка дыхаючы, абяссілены сеў на табурэтку, абхапіўшы галаву рукамі.

— Хадзем, Міхась, хадзем! — як з туману дайшоў матчын голас, заўважыў, што яна тузае за плячо. — Хадзем на кухню, трохі астынь, умыйся.

Стомлена ўстаў з табурэткі, злёгку адштурхнуў рукою Любу, ад чаго на яе белай сукенцы засталася бруднаватая пляма, ні слова не кажучы, пайшоў за маці.

— Ты што, ашалеў? Так набрацца! Ты ж — малады! — узяла загрудкі старая, як толькі зайшлі па кухню.— Сорам! Які сорам! Не пі! Hi кроплі больш!

— Мама, я цвярозы, я зусім цвярозы, мама! Такі цвярозы я яшчэ не быў ніколі, мама! Што са мною робіцца, мама?! Што я нарабіў?! — амаль закрычаў ён і стаў уздрыгваць ні то ад адчаю, ні то ад плачу.

— Раней трэба было думаць! Позна цяпер думаць! Абняславіўся сам, нас увёў у сорам, захацеў яшчэ Клаўдзію Аляксееўну, Любу абсмяяць?! — Голас у яе быў сухі і строгі, нават злы.— Сунь сваю дурную мазгаўню над умывальнік! Сунь! Вада халодная, памагае ад дурасці. Мыйся, мыйся! На каго стаў падобны! Мыйся, а то зараз як лясну па мордзе, не пагляджу...