Выбрать главу

Яго ўразілі, скаланулі гэтыя халодныя, чужыя матчыны словы — і яна не разумее, не, нікому на свеце не зразумець яго, і паслухмяна пайшоў да ўмывальніка.

Мыўся доўга, не спяшаючыся — куды спяшацца?! Калі бачок апаражніўся, падняў вечка, наліў туды яшчэ паўвядра. Сцюдзёная, амаль ледзяная вада памалу супакойвала, прыводзіла ў сябе. Выцерся ручніком, узяў шчотку, строс са штаноў пыл, нацягнуў вычышчаны пінжак, які падала маці, звыклым рухам паправіў гальштук і выйшаў да гасцей у святліцу. Hi слова не кажучы, сеў на сваё месца поруч з узбуджанай Любай, нахіліўся, папрасіў прабачэння, усміхнуўся гасцям: маўляў, усё ў парадку.

Сват, каб згладзіць ніякаватасць, борздзенька загадаў напоўніць чаркі і выпіць за здароўе маладых. Вясельнікі і госці зрабілі гэта з задавальненнем. Яму таксама захацелася асушыць налітую чарку, але Люба стрымала за руку, непрыкметна адставіла ўбок і падсунула сваю з напіткам. Ён паглядзеў з удзячнасцю і вачыма сказаў: добра, дзякуй, Люба. У адказ яна таксама спрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешкі не атрымалася.

Люба сядзела ўзбуджаная, сцятая, толькі сяды-тады на яе вуснах прабівалася нешта накшталт абавязковай дзяжурнай усмешкі, як гэта і належыць маладой. Міхасю раптам стала да пяшчоты шкада яе. Каб хоць як суцешыць, нахіліўся і шапнуў вінавата: «Даруй, калі можаш.Непрыгожа атрымалася... праз гэтую праклятую гарэлку».

Яму было брыдка, што хлусіць. Але што мог сказаць? Апроч хлусні, ён і не ведаў, чым можна хоць трохі супакоіць Любу, згладзіць сваю віну перад ёю.

— Нічога, нічога, Міхась,— нібы здагадалася яна.

Ён разумеў, што трэба яшчэ нешта сказаць, але што сказаць — не ведаў. Выручыў сват.

— Маладым г-о-о-р-ка! Г-о-о-р-ка-а! — мо дзесяты раз сёння прабасіў ён.

Госці пачціва, нават дружна падтрымалі:

— Го-о-р-ка! Гор-ка-а!

Цяпер Міхась нават узрадаваўся гэтаму «горка», устаў, амаль ускочыў з месца і, не зважаючы на Любіна аднекванне, абняў яе і доўга-доўга цалаваў у вусны. Вясельнікі і госці ажыўлена запляскалі ў далоні, дружна выпілі і, гамонячы, прыняліся за закусь.

Здаецца, нарэшце, вяселле стала наладжвацца. Аднак гэта ўжо мала хвалявала Міхася. Ён адчуваў сябе стомленым, спустошаным, здавалася, нават слова вымавіць — непасільны цяжар. Вясельнікі і госці гаманілі наперабой, нехта некага хацеў перакрычаць, нехта жартаваў, смяяўся, але ён не чуў, не хацеў чуць, сядзеў сцішана, сяды-тады кідаючы погляд на Любу. 3 кожнай хвілінай яна змрачнела і змрачнела і ўжо не рабіла спробу захаваць належную ціхую ўсмешку на вуснах. 3 чаго б гэта яна? Мо прыгадала Яловіка? I адразу ж засадніла, ніяк не хацела знікаць, нешта накшталт рэўнасці, накшталт крыўды. А потым прыгадалася, як па-дзіцячы наіўна некалі не раз, вядома, толькі ў мроях, перамагаў Віктара ў адкрытай і сумленнай бойцы на ваччу ва ўсёй вёскі, на ваччу ў Любы. Але Яловік быў чэмпіён па штанзе і боксу, старэйшы і на галаву вышэйшы за яго... Цяпер во як павярнулася! Яловіка няма ў жывых, а Люба ўжо яго, Міхасёва, жонка. А каб быў жывы Яловік? Пэўна, яны мелі б тузін дзяцей. На што-што, а на гэта ўсе Яловікі здатныя — вунь у самага меншага чацвёртае нарадзілася...

Употай кінуў позірк на засмучоную Любу — і нейкая непрыязь да яе варухнулася ў душы. Няўжо гэта яго жонка?! А як жа Верачка?

Ад згадкі пра маленькую, з заўсёды здзіўленымі вачанятамі дачку цяжкі, пякучы камяк падкаціў над горла. Сірата... Бацька загінуў у аўтамабільнай аварыі... Гэта штодня будзе ўбіваць ёй у галаву Іра, пакуль Верачка не падрасце, каб самой ва ўсім разабрацца. Сірата пры жывым бацьку...

А ў іх з Любаю таксама можа быць дачка. Можна нават назваць Вераю. Прыгожае імя. Тады сам выбраў для дачкі. Пайшоў і запісаў, хоць Іра ўжо называла малую Вольгай — у гонар бабулі. Спачатку Іра засмуцілася, потым ні то жартам, ні то ўсур’ёз сказала: «Во! Калі ты такі, нараджу табе адну за другой тры дачкі — Веру, Надзею, Любоў. Паглядзіш, нараджу! — і залілася гарэзлівым шчаслівым смехам.— От зяцёў некалі будзеш мець...»

А цяпер... У яго дачкі можа быць сястра і не сястра...

Не-е, Іра! Не так усё проста! Хлусіш, Іра, што вельмі проста!

***

— Пакінь нас, пакінь! — каторы ўжо раз прасіла Іра.— Не будзе ў нас жыцця. Пакінь, пакуль не сталі ненавісныя адзін аднаму.

У глыбіні душы Міхась разумеў, што яна гаворыць праўду, аднак энергічна пратэставаў супроць гэтай праўды. Ён усё яшчэ не траціў надзеі, што звыкнецца, зладзіцца, ва ўсякім разе, не быў гатовы на той рашучы крок, якога дамагалася жонка.

— I што ты вярзеш, не падумаўшы?

— Усё думана-перадумана, Міхась,— глянула ў вочы Іра, і яму стала не па сабе ад гэтага позірку, рашучага, патрабавальнага.— Бяду сваю я асілю, і за Верачку асілю, а за траіх — не пад сілу мне, Міхась. Зразумей ты гэта!