Выбрать главу

— Ат, плявузгаеш абы-што! — адмахнуўся ён.— Прападзеш адна, а яшчэ, называецца, абдумала ўсё...

Іра падумала і разважліва сказала:

— Ведаю, Міхась, што без цябе мне будзе нялёгка, але з табою, павер, яшчэ цяжэй.

— Цікава, цікава? — задзірліва глянуў ён.

— Нічога тут цікавага,— самотна ўздыхнула Іра.— Чужыя мы сталі, Міхась. Толькі што жывём над адною страхою. Навошта ж так жыць?

— I трэба ж дадумацца! I трэба ж дадумацца...— паўтараў ён, маючы намер абурыцца, аднак абурэнне не хацела прыходзіць.

— Сэрцу не загадаеш, Міхась,— з сумам і болем сказала Іра. — I не трэба мардаваць сябе. Мо мне і горай за ўсё, што ты мардуеш сябе. Бачыць штодзень любага табе чалавека нешчаслівым, сэрцам чуць, што толькі жаласлівасць утрымлівае яго — жорстка і невыносна, Міхась.

— Хм! Адкуль ты ўзяла, што я нешчаслівы?

— Навошта, Міхась? — Яна глянула строга, з папрокам, і яму стала не па сабе ні то ад гэтага позірку, ні то ад праўды, хай сабе па-жаночаму суб’ектыўнай, але ўсё ж праўды, якую ён не мог абвергнуць.— Я не магу, зразумей, не магу бачыць боль у тваіх вачах і рабіць выгляд, што сляпая. Гэта не жыццё, а кашмар, для нас абоіх кашмар. Я не хачу такога жыцця, бо ўзненавіджу і цябе, і сябе самую. Давай разыдземся людзьмі, Міхась, давай не паганіць таго святога, што ў нас было.

Іра ніколі так з ім не размаўляла. Гэта была не тая Іра, якую ён ведаў, мог беспамылкова прадбачыць ход яе думак і ўчынкаў. Гэта была зусім незнаёмая жанчына — валявая, рашучая, настойлівая, у нечым мудрая і ў нечым вар’ятка. Ён новымі вачыма глянуў на яе, і незнаёмае пачуццё — глыбокая павага за нейкую зусім нежаночую мужнасць, захаплепне, ці што, завалодала ім.

— А пра Верачку ты падумала? — Гэта быў аргумент, перад якім Іра павінна была не ўстаяць.

— Падумала,— на дзіва спакойна сказала яна.— Для Верачкі ў аўтамабільнай аварыі мы былі разам...

— Во, дзякую! Ты мяне жывога хаваеш.

— Каго жывога хаваюць — той доўга жыве. Ёсць такая прыкмета,— сумна ўсміхнулася Іра.— Жыві, Міхась, да ста гадоў жыві. I хай у цябе будзе многа-многа шчасця. I ведаеш, што яшчэ — жаніся! Як мага хутчэй жаніся. Ты такі малады, такі... За табою любая пабяжыць. Знаходзь каго па душы — і жаніся. Я хачу гэтага, дальбог, хачу. Так лягчэй будзе забыцца.

— Здурнела, зусім здурнела! — хацеў абурыцца ён, але зноў нешта перашкаджала абурыцца, глядзеў на жонку, быццам бачыць яе ўпершыню.

— Забудзецца, Міхась, паглядзіш, забудзецца,— разважліва, трохі адчужана працягвала Іра, і за гэтай разважлівасцю ёй было няпроста схаваць глухі, няўцешны боль.— Забудзецца, як некалі забылася Люба. Я не папракаю цябе. Не! Так... к слову прыйшло. Але каб я верыла ў бога, пэўна, палічыла б: гэта бог пакараў мяне за тое, што Люба нешчаслівая, бо я забрала ў яе цябе. Смешна, праўда? Я і сама ведаю, што смешна, але чую перад ёю сваю віну, ідзі да яе. Як друга прашу — жаніся з Любай! Я яе ніколі не бачыла, але, пэўна, яна прыгожая і добрая, калі ты яе любіў. Хай хоць двое з нас чацвярых будуць шчаслівыя. Не, што я кажу — не двое! Я таксама шчаслівая. Шчаслівая, што былі тыя тры гады, буду шчаслівая, калі ты знойдзеш шчасце. I ў мяне ёсць наша дачка. Не хвалюйся, спраўлюся, я двужыльная, ты мяне яшчэ не ведаеш.

Міхась падумаў: а і праўда, ён яе не ведаў, прымірэнча сказаў:

— Ды не гавары глупства, я думаю, у нас усё ўладзіцца,— намерыўся абняць, прылашчыць яе, але Іра рашуча адштурхнула руку, паглядзела амаль з нянавісцю.

— Не трэба, Міхась! — строга сказала яна.— Не трэба фальшу. Страшна, калі між блізкімі людзьмі закрадваецца фальш, фальш, як іржа, раз’ядае душы. Не трэба! Ідзі, Міхась, ідзі! Я сама падам на развод...

— Ты мяне гоніш? — змрочна сказаў ён і раптам з пакутлівай яснасцю зразумеў: гэта ўсё!

— Не ганю, а прашу,— і, падумаўшы, дадала: — Лічы, што ганю,— потым паправілася: — Я ніколі цябе не абманвала, я на самай справе хачу, каб ты пайшоў...

— I нікуды я не пайду!

— Я сама мо з’ехала б, але куды падзенуся... такая ды з дзіцём на руках? Мне больш, чым табе, патрэбна страха над галавой. Не даводзь, Міхась, да той мяжы, калі мы можам стаць жорсткімі і несправядлівымі...

Пасля той размовы ён памалу стаў звыкацца з думкай, што, мусіць, і праўда без разводу не абысціся. Пачынаў уяўляць, як не будзе штодня прыходзіць у звыклую і ўтульную кватэру, не бачыць Верачку, ды і Іру таксама — і нешта нібы абрывалася ўсярэдзіне, пачынаў суцяшаць сябе: і ніякага разводу не будзе, канечне, яна адумаецца, усё ўладзіцца, усё прытрэцца...

Не ўладжвалася, не прыціралася. Праз месяц Іра сказала тыя абразлівыя, крыўдныя словы: