Выбрать главу

Неўзабаве стала прыпякаць у спіну. Павярнулася на бок. Віктар ляжаў усё у той жа позе, уткнуўшы твар у рамонкі. Яна ўважліва паглядзела на яго бронзавае ад загару цела, ад яго веяла сілай, маладосцю і яшчэ нечым, незнаёмым, таямнічым. Ёй нясцерппа захацелася дакрануцца да яго дужага цела, яно і палохала, і прыцягвала, як магніт. Ціхенька вырвала былінку і, затаіўшы дыханне, стала казытаць на Віктаравай спіне. Ён, не адкрываючы твару, махнуў рукой — падумаў, што на самай справе поўзае нейкая казяўка ці муха.

— Ха-ха-ха-ха! — наваділася на яго Люба,

— Ах ты, хуліганка! — ласкава крыкнуў Віктар, рыўком пераварочваючыся на спіну, абхапіў яе рукамі, стаў цалаваць, і з кожнай хвілінай яго пацалункі рабіліся ўсё больш гарачымі і шматзначнымі.

Люба, перамагаючы незразумелы страх, прадчуванне незвычайнага, прытулілася да яго яшчэ вільготных грудзей, трацячы разважлівасць, з нейкім утрапеннем стала цалаваць у лоб, у шчокі, у шыю, адчула, як хмялее, стукае кроў у скроні, і гэты п’яны, не падуладны розуму хмель аддаецца ў кожнай клетачцы яе істоты. А Віктар, жаданы, прыгожы, дужы, асыпаў, асыпаў пацалункамі яе шыю, грудзі, што не заўважыла, як яны выбіліся з-пад мокрага купальніка; кружылася галава, прайшла нейкая сутарга, захопліваючы дыханне, яна зразумела, што гэта абуджаецца яе цела. Падумала: няма сэнсу, ды ўжо і не мела сіл супраціўляцца таму, што ўсё роўна павінна здарыцца...

...А над зямлёй усё яшчэ вісела і звінела мроіва. Але неўзабаве сонца пахіліла на захад, раптам радасна і натхнёна затрашчалі конікі, і, здавалася, паветра, усё наваколле ператварылася ў адну буйна-неўтаймаваную мелодыю. А ўвысі над гэтым светам бесклапотна павіс, заліваючыся сваім спевам, шэранькі званочак-жаўрук. I было нешта незвычайнае, загадкавае, таямнічае ў яго сціплым і простым звоне...

Яны ляжалі стомленыя, маўклівыя, быццам вінаватыя перад самім сабой, перад некім яшчэ. I ні адзін не рашаўся парушыць гэтую дзівосную сімфонію прыроды, бо, пэўна, кожны адчуваў, што нават самыя важныя словы тут будуць лішнімі.

У такія хвіліны не думаецца пра небяспеку, пра бяду. У такія хвіліны думаецца пра бясконцасць, вечнасць шчасця. I між тым яна, бяда, была побач, не далей, чым жучок, што рупліва, варушачы чорнымі вусікамі, поўзае па зніклай рамонкавай галоўцы.

Люба прапанавала пакупацца. Віктар, трохі саромеючыся ці то вінаватага, ці то насмешлівага яе позірку, падхапіў яе на рукі, і калі Люба даверліва і шчасліва прытулілася да грудзей, дурасліва загушкаў яе на руках, знарок паказваючы сваю сілу. Ля берага адпусціў, а сам з гарэзлівым крыкам «глядзі!» разбегся і даў нырца з кручы.

Яна са здзіўленнем, потым з трывогаю глядзела: чаму ён не выплывае? Нарэшце, далёка справа на сярэдзіне ракі яго раз, другі, трэці падкінула цячэннем. Віктар быў нейкі вялы, бездапаможны.

Люба спачатку нічога не зразумела, паклікала: Віктар! Віктар! Галава яго схавалася зноў, кінуліся ў вочы ружовыя плямы на вадзе. Кроў! Яна анямела ад жаху, аднак яшчэ не верыла... Не памятаючы сябе, кінулася ў ваду, зразумела: не даплыве, трэба забегчы наперад па беразе. Выскачыла, ірванулася ўправа па грудку. Хацелася крычаць, клікаць некага на дапамогу, але чамусьці не было голасу.

Зносіла цячэннем, яна выбівалася з сіл, намагаючыся плысці хутчэй, адчувала, што дзеравянеюць рукі, не хапае паветра, але ўсё плыла і плыла, не разумеючы, што плысці няма ніякага сэнсу. Віктара не было відаць... Ледзь жывая выкараскалася на бераг і толькі цяпер зразумела жахлівасць усяго, што здарылася. Знайшоўся голас, залямантавала дзіка і, забыўшыся пра адзенне, кінулася да вёскі.

Луг быў бязлюдны, да вёскі — далёка, ніхто не мог учуць яе крыку...

Віктара вылавілі пад канец наступнага дня ў дзесяці кіламетрах па цячэнню. Калі ныраў, ударыўся галавою аб нейкую карчажыну...

У суботу былі памінкі. Такіх памінак ніколі яшчэ не было ў Беражках. Ніхто не памятае ў Беражках, каб рыхтаваліся да вяселля, а зрабілі памінкі.

Калі ўбачыла ў труне нежывога, з забінтаванай галавой Віктара, адразу ж стала кепска, і жанчыны амаль беспрытомную завялі дахаты, паклікалі ўрача. Яна не памятае, што было далей, не бачыла, як пахавалі Віктара...

А неўзабаве адбылося тое, чаго не даруе сабе да скону дзен. Са страхам і радасцю заўважыла, што яна можа стаць маці. Спачатку не верыла, а к сярэдзіне жніуня не было сумненняў. Нікому нічога не казала, і толькі у верасні, калі пасля канікул прыехала ў тэхнікум, раскрыла свой сакрэт дзяўчатам, з якімі жыла ў інтэрнацкім пакоі. Тыя спалохаліся: