Выбрать главу

Але цікава, чаму ён, ужо не першай маладосці, сур’ёзны, салідны, муж і бацька, так лёгка пайшоў на гэтую сувязь? Запытацца б у яго... Ат, то яе не датычыць! Мусіць, самалюбства ўсіх мужчын яго ўзросту цешыцца ад аднаго ўсведамлення, што яны яшчэ здольныя закруціць галаву на дзесяць гадоў маладзейшай. Хай сабе цешыцца. Усё роўна яна прагоніць яго да сям’і, як толькі... I нічога не скажа, не дасць ніякай падставы здагадацца, чаму парывае гэтую сувязь назаўсёды. Ды і ён, пэўна, рады будзе, што так усё абышлося. Сказаць праўду? А навошта, каб яго мучыла сумленне? Яна, калі ўсё будзе ясна, звольніцца ці папросіць, каб перавялі куды-небудзь, і ён ні пра што не будзе здагадвацца.

Тры месяцы, месяцы надзей і расчараванняў, былі доўгімі, як тры гады. Потым, пераадольваючы сорам, пайшла ў жаночую кансультацыю, адтуль — на абследаванне ў бальніцу. Прысуд быў страшны, ашаламляльны: яна не можа стаць маці.

— Не адчайвайцеся — мо лячэнне, мо аперацыя...— супакойвала ўрач.

Усё рушылася, пераварочвалася, фарбавалася ў шэры колер, змрочны, бязлітасны. Яна заходзілася ад няўцешных слёз, праклінала сябе, маці, якая амаль сілком завяла тады...

Такою, усю ў слязах, застаў яе ўвечары Аляксей. Ён разгубіўся, зразумеў усё па-свойму, замітусіўся, спалохаўся так, што стаў заікацца. Ачомаўшыся, пачаў лісліва і вінавата супакойваць:

— Ну, кінь ты... Ну, перастань... Я, вядома, сваёй віны пе здымаю, але ж... разумееш...— I, умольна гледзячы, прасіў: — Ты ў мяне разумніца... Ну, сходзіш... Ведаю, няёмка. Але што рабіць? Сама разумееш... Я...

Яна заморгала, нібы прачнулася, здзіўлена паглядзела на гэтага разгубленага, збянтэжанага чалавечка — і раптам аж скаланулася, зразумеўшы, у якую гразь сама сябе вымазала. Ён быў ненавісны ёй, і ўся іх блізкасць, якую так і не прывыкла выносіць без гідлівасці, зараз зрабілася паганай, паскуднай, кашчуннай.

— Вон! Пайшоў вон!

— Ну-у, што ты... Ну, што ты...— зусім разгубіўся Аляксей.— Ты-ы сёння не ў гуморы... Мо супакоішся — тады абгаворым усё дэталёва... Я зайду-у праз пару дзён...

— Вон! Каб мае вочы цябе не бачылі! Вон! — аж калацілася Люба.— Ты нічога тут не згубіў! Вон! Нам няма пра што гаварыць!

Ён, здалося, з палёгкаю выскачыў за дзверы, забыўшыся нават развітацца, а Люба два дні не магла прыйсці ў сябе, было такое пачуццё, быццам дакранулася да нечага слізкага, агіднага, як вужака,— мыеш і ніяк не можаш адмыць рукі.

Праз тыдзень Аляксей, заклапочаны, збляднелы ад перажыванняў, прыйшоў зноў. Нерашуча спыніўся ў парозе, пакутна топчучыся на месцы. Ён быў смешны, варты жалю. Спачатку яна мела намер нічога не казаць, хай трохі пахвалюецца, але перадумала: цяпер для яе нават яго хваляванні былі брыдкімі, абразлівымі.

Спачатку Аляксей, даведаўшыся праўду, зусім разгубіўся, не хацеў верыць, потым зразумеў — не хлусіць, узрадаваўся:

— Як цудненька! Як цудненька! Ай ды разыграла. Aй ды разыграла! Цяпер нам нічога не страшна. Цяпер мы...— Распасцёр рукі і пайшоў на яе.

— Ну і нягоднік жа ты...— ціха, амаль абыякава сказала Люба, ухіляючыся ад яго абдымкаў. Яе абурала, абражала яго радасць, але нейкая глухая пустата ў душы адбірала сілы, іх не ставала нават для таго, каб абурыцца. Мо яна і стрымалася б, каб Аляксей здагадаўся, зразумеў, што ў яе на душы, аднак на радасці ён быў сляпы і глухі.

— Мярзотнік! Мярзотнік! Мярзотнік! — адно, што выгаворвала яна праз сцятыя зубы, стала біць па твары, схапіла за каўнер, што аж затрашчала адзежына,— і сама здзівілася, адкуль раптам узялося столькі сілы.— Вон! Вон!

***

Міхась заявіўся месяцы са два таму назад. Разгублены, прыгнечаны, сам не свой. Заявіўся і ледзь не з парога:

— Люба, калі не маеш нікога — выходзь за мяне замуж.

— Ды што з табою? — здзівілася і трохі збянтэжылася яна.— Што здарылася? Ты звар’яцеў ці п’яны?

Ён нервова патаптаўся на месцы, хаваючы ад яе вочы.

— Ды не п’яны я, Люба! I пакуль што ў сваім розуме...

— То што вярзеш? — У яе поглядзе было пытанне і насмешка.— Мо хоць распранешся...

— Ты згодна ці не? — Нейкая глухая, зацятая рашучасць чулася ў яго голасе, і гэтая рашучасць не падабалася ёй.

— Во, паглядзіце — жанішок аб’явіўся! Як снег на галаву, як па латарэі! А я-то думала, а я-то шукала... А тут на табе — такое шчасцейка прываліла! — Яна жартавала, але ў яе жартах былі дакорлівыя, нават злыя ноткі.— Чатыры гады назад хоць у каханні прызнаваўся, а цяпер — адразу быка за рогі. Сучасны мужчына! Дальбог, Міхаська, цябе прадзьмула не тым скразнячком. Выпі вадзічкі, супакойся...