Выбрать главу

— Вы-ы... па... латарэйным білеце... выйгралі «Масквіч». О!

— Ха-ха-ха!.. Не ўгадалі.

— Тады-ы... вы-ы-ы,— з тою ж гуллівай урачыстасцю абы-што гаварыў Міхась,— угадалі... усе... шэсць... лічбаў «Спортлато»...

— Ха-ха-ха...— смяялася дзяўчына.— Я не гуляю ў «Спортлато». Зноў не ўгадалі!

— Тады-ы... вам... адзін рыцар журботнага вобраза прапанаваў руку і сэрца...

— Не-е...— трохі збянтэжылася яна і амаль сур’ёзна, нібы апраўдваючыся перад ім, сказала: — Я толькі што здала апошні экзамен. Так што перад вамі свежавыпечаны малады спецыяліст.

— I што гэта за спецыяліст? — націкавіўся ён, забыўшыся павіншаваць.— Думаю, што надзвычай рэдкая і арыгінальная снецыяльнасць.

— Ды не! Медыцынская сястра,— прыязна глянула дзяўчына.— Так што, калі захварэеце — прыходзьце лячыцца.— I ў яе вачанятах зноў заскакалі гарэзлівыя чорцікі.

— Вось такія дактары вымуць душу без пары,— весела працытаваў ён радкі з верша і тут жа схамянуўся: а раптам пакрыўдзіцца?!

Дзяўчына і не думала крыўдзіцца, наадварот, засмяялася яшчэ гарэзлівей:

— Во-во! Якраз такі лекар... Ага! Спалохаліся!

— I ніколечкі!

— Не, спалохаліся...

Ім было проста, лёгка, весела ад гэтай легкадумнай дураслівай гамонкі, ішлі, забыўшыся, куды ідуць, не заўважаючы нічога і нікога на свеце.

Стаў пакрапваць дожджык. Дзяўчына з трывогаю глянула на неба — вісела толькі маленькая хмурынка. Міхасю хацелася рассмяшыць яе — надта ж хораша яна смяялася, так чыста, ад душы смяюцца толькі людзі з добрым, шчырым характарам.

Па штрасэ мы гулялi

А з неба васэр ішоў...—

узнёсла-парадыйным тонам прадэкламаваў ён.

Дзяўчына смяялася да слёз, потым ускінула здзіўлены позірк:

— Гэта вы сам?

— Не-е, то шэдэўр класіка літаратуры нашай першай гвардзейска-рыцарскай групы. Дарэчы, напісаны з выпадку «хваста» па нямецкай.

— Вы — студэнт?! — ні то здзівілася, ні то абрадавалася дзяўчына і глянула на яго так светла, што захапіла дыханне.

— Пакуль што... Але перад вамі — будучы знішчальнік малых і вялікіх рэчак, закляты вораг фауны і флоры, словам, інжынер-меліяратар... праз год пры ўмове паспяховай здачы экзаменаў,— і скорагаворкай запытаўся: — Дарэчы, як вас завуць, таварыш малады спецыяліст, прадстаўнік самай гуманнай прафесіі?

— Іра...— шчыра сказала дзяўчына і аж прыпынілася ад здзіўлення: проста дзіва, што яны незнаёмыя.

— А мяне клічуць — Міхась...

***

I ён, канечне, не паехаў ні да Любы, ні ў вёску, куды намерваўся ехаць на канікулы. Застаўся ў Мінску — адзін на ўвесь інтэрнат. 3 ім рабілася нешта неверагоднае, ён і сам не разумеў, што з ім робіцца. Малады, радасны, не падуладны розуму і волі, хмель закруціў яго, і ён то шалеў ад шчасця, то раптам ні з сяго ні з таго нейкая цьмяная трывога сціскала сэрца. Усё звыклае рабілася нязвыклым, таемным, з невядомым сэнсам, здавалася, увесь сусвет перайначыўся і ў цэнтры яго была Іра, то такая блізкая, то такая недасягальна далёкая... Часцей і часцей стаў лавіць сябе на думцы: як гэта жыў, як мог існаваць без яе? I ўсё былое жыццё здавалася шэрым, бясколерным, нават нікчэмным. Праўда, сяды-тады ўсё яшчэ дапякаў успамін пра Любу, якой абяцаў прыехаць, і рабілася прыкра за тое абяцанне, але суцяшаў сябе: а што Люба? Ён ёй нічым не абавязаны. Яна, пэўна, і сама абрадуецца, што адчапіўся.

А як марудна і нудна цёк час, пакуль Іра была на рабоце! Пад канец рабілася зусім нясцерпна, і ён на гадзіну-паўтары раней ішоў да бальніцы, дзе яна працавала, сноўдаўся сюды-туды, заглядваючы ў вокны. Роўна ў шэсць яна выходзіла, спынялася на ганку, шукала вачыма яго і, заўважыўшы, радасна бегла насустрач. Вячэралі на хаду ў сталоўцы самаабслугоўвання, беглі ў парк ці кіно, хоць рэдка калі і заўважалі, што адбываецца на экране,— здавалася, нічога і нікога не існуе на свеце, апроч іх дваіх.

Ім было хораша, радасна і шчымліва-трывожна...

У жніўні разам паехалі ў вёску...

Дзень тады ўдаўся сонечны, ясны, як і ўвесь жнівень. Галлё гнулася ад пачырванелых сліў, на яблынях даспявалі бурштынавыя ранеты. На вяселле прываліла ўся вёска. Нават уборачныя клопаты не перашкодзілі... Мелі шэсць дружкоў і столькі ж дружак: у Беражках так — чым больш, тым лепей. Іра трохі саромелася незнаёмых людзей і ад таго была яшчэ прыгажэйшая, а ў вэлюме — асабліва. Уся яна, здавалася, свяцілася, і яму было так прыемна, што бярэ ў жонкі такую прыгажуню.

Праехалі з бомамі і музыкай у адзін, у другі канец вёскі, потым далі кругаля каля гаю, што на беразе Нёмана. Кругом былі людзі, кветкі, віншаванні, шчырыя, сардэчныя, вясёлыя...

Сёння не было ні людзей, ні кветак, ні па-чалавечы зразумелых віншаванняў...