Выбрать главу

На другім паверсе ў Палацы культуры — зала маладажонаў, дзе рэгіструюць шлюбы. Гэта самая светлая і ўрачыстая зала. Звонку, здаецца, вокны як вокны, а зойдзеш — гараць усімі колерамі — вітражы. Асабліва ў ясны сонечны дзень, як тады...

Сёння валіў снег, і вітражы былі шэрыя. Шэрыя твары, шэрыя віншаванні...

I нешта абразлівае, злараднае раптам варухнулася ў яго душы. Зрабіў спробу прыдушыць гэтае неразумнае пачуццё, не думаць пра прыкрае сёння, аднак заўважыў, што не ў яго сілах адагнаць «сёння» — яно лезла мільгатнём, змрочным супроцьпастаўленнем...

Тады старшыня сельсавета Міхаіл Пятровіч, як на свята, начапіў усе свае ордэны і медалі, сказаў такія сардэчныя, шчырыя словы...

Сёння нават ордэнскіх калодак не павесіў, і словы ў яго былі нейкія казённыя, ніякаватыя. Пэўна, каб мог знайсці якую зачэпку ці каб была на тое яго воля, нізашто не запісаў бы...

Тады бухалі бутэлькі шампанскага...

I сёння было шампанскае, ды яно, здаецца, і ў горла нікому не ішло...

Гэтыя ўспаміны-параўнанні джалілі, як тысячы восаў, рабіліся невыноснымі, і Міхасю захацелася выйсці з-за стала, кінуцца на вуліцу, пабыць аднаму, бегчы куды вочы глядзяць. Куды бегчы? Ад сябе не ўцячэш...

Не зважаючы ні на каго, ён наліў сабе чарку, выпіў, не дакрануўшыся да закускі. Госці адразу ж заўважылі гэта, здзіўлена пераглянуліся. Гарэлка абдала нутро агнём, трохі прытупіла боль. Хвілін некалькі ён увогуле ні пра што не думаў, тупа гледзячы на гасцей. I раптам аж сам здзівіўся: у яго няма ні злосці, ні крыўды на гэтых людзей. Засталася толькі абыякавасць, глухая, здранцвелая. I гэтая здранцвелая абыякавасць была своеасаблівым пратэстам, збавеннем, ратункам, праўда, ненадзейным, эфемерным, часовым, але ратункам ад гэтай гнятлівай рэальнасці.

Затуманены позірк яго нечакана спыніўся на заплаканых матчыных вачах — і ў сэрца кальнуў боль, да спазмы ў горле стала шкада старую. Што-што, а пра гэтае вяселле злыя языкі разнясуць па ўсёй акрузе... Гэта не тады-ы...

I зноў з завулкаў памяці выплывалі, наплывалі ўспаміны, вяртаючы ў тыя светлыя, шчаслівыя дні, і гэтыя дні ўжо здаваліся амаль не рэальнымі, вярэдзілі тупым шчымлівым болем, сваёй непапраўнай незваротнасцю...

Маці, калі першы раз прывёз Іру, сустрэла нявестку стрымана, падазрона, нават варожа. Ды і Іра, едучы, трэслася як асінавы ліст. Аднак матчынай варожасці хапіла ненадоўга — невядома, які ключык падабрала Іра, але ўжо к абеду яны здружыліся так, што нельга было разняць. Ён не раз дзівіўся Ірыным здольнасцям сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі, і атрымоўвалася гэта ў яе неяк проста, непасрэдна. Мо яны, дзетдомаўскія, усе такія?

Іра была круглай сіратою: маці памерла пры родах, а бацька-шафёр загінуў у аварыі, калі ёй і года не было. Узяла малую на выхаванне стрыечная цётка, якая, казалі, засядзелася ў дзеўках, згубіла ўсялякую надзею займець сваю сям’ю. Але сталася так, што ўсё ж знайшоўся нехта, праўда, бесталковы, горкі п’яніца, і малую давялося здаць у дзіцячы дом.

Цяпер, калі гэтак раптам з’явіліся людзі, якіх не тое што можна, а трэба зваць мамаю і татаю, Іра радавалася, як дзіця,— аж смешна было. Спярша нясмела, нібы вучылася гаварыць, потым, як тое цялё, хадзіла то за старою, то за старым і за кожным словам — «мама», «тата», быццам мела намер нагаварыцца адразу за ўсе гады, калі не было каму сказаць гэтых звычайных, простых слоў. А маці нарадавацца не магла: працавітая, увішная, ласкавая, не распешчаная (вядома, сірата, гора хлебанула), сваім розумам добрую спецыяльнасць набыла; знаходзіла сотню прьгчын, каб разам прайсціся па вёсцы, і яе наіўныя хітрыкі былі відаць кожнаму: паглядзіце, пазайздросце, якая прыгажуня — любую артыстку за пояс заткне, а значыць, і сын нечага варты, калі за яго пайшла такая. Адна толькі Іра, пэўна, не здагадвалася, для чаго гэта маці кліча то ў магазін разам схадзіць, то на соткі, то дзялку буракоў за вёскай паглядзець. Міхася гэтая матчына пахвальба трохі забаўляла, аднак маўчаў — яму было прыемна.

Бадай, ніколі яшчэ для яго не бег так хутка час, як тады. Не паспелі і ачомацца ад вяселля, як кончыліся канікулы, трэба было ехаць у Мінск. На вяселлі ім надарылі больш за дзве тысячы рублёў. Іра аж жахалася ад гэтакай сумы, бянтэжылася, што рабіць з такімі грашыма, упрошвала маці: пакіньце іх сабе.

— Ой, спатрэбяцца, яшчэ як спатрэбяцца! — хітравата ўсміхнулася старая і параіла: — Толькі ж на вецер не кідайце, купіце што-небудзь вартае, вопратку харошую, напрыклад, а то як вада ўцякуць, не заўважыце.

Так яно, вядома, і сталася...

Два дні шукалі які пакойчык — сямейных не асабліва хто хоча пускаць. Праз тыдзень усё ж знайшлі нейкую каморку метры два на тры за дваццаць пяць рублёў у месяц.