Выбрать главу

Вясна ўвосень

Рыгор Крушына

ВЯСНА ЎВОСЕНЬ
Села павуціньне на кусты, Падаюць пажоўклыя лісты.
Туляцца апенькі каля пня — Дэлегаты восеньскага дня.
Хоць са мной сьсівелая пара, А вясна сьпявае з-пад пяра,
Я пішу ў запальным пачуцьці, Каб любоў нязгасную знайсьці,
Каб яе знайсьці сярод людзей, Каб нянавісьць гойсала радзей.
Мне вясна i ўвосень хай цьвіце, I пяе ў шырокай дабраце.
У мяне наструнены настрой I няма бурклівасьці старой.
Заглядаю ў хвойнік малады, Там вясны зялёныя сьляды.
* * *
Мне думка мая дагаджае. Я ведаю, у неспакоі I камень іскру нараджае, Ды тое цяпло няжывое.
I дрэва, і кветка, і траўка Ня маюць пачуцьцяў і нэрваў. А я, хоць і горка і даўка, — Свой шлях ціхай песьняй адмерваў.
I мне не замкнуцца карою. Хай бура шуміць, навальніца, — Я чую, я мысьлю і мрою, Я ў слове магу праясьніцца.
* * *
Песьня — натхненьня вынік, соль у салонцы. Гэта пробліскі дня, думак джаз. Можна спыніць гадзіньнік, але ня сонца. Можна спыніць каня, а ня час.
Час той бяжыць няспынна. Сонца на старце. Сёньня яно ўзыйшло і зайшло. Вечная дзён машына. Кожнаму карціць Лёгка ісьці ў сьвятло і цяпло.
Можна забрацца на месяц, Марс і Вэнэру. Атам разьбіць, паліць, разбураць. Можна жыцьцё перакрэсьліць, зьмяць як паперу... Слова ў сусьвет грыміць: Жыць! Ствараць!
ЛІСТ З КАНАДЫ
Атрымаў я ліст з Канады. Счараваная чужым, Выхваляеш ты прынады, Тое ўсё, чым даражым.
I багацьце, і свабода, I прыемныя сябры. I, як кажуць, мір і згода, Зарабі — і ўсё бяры.
Што-ж! На гэты ліст адразу Адказаць табе ня мог. Колькі шумнага экстазу Чую я ў тваіх радкох.
Ніягарскім вадаспадам Ня шумі ў сваім лісьце! Беларусь вішнёвым садам У грудзёх маіх цьвіце.
Я таксама на чужыне I таксама сьвет пазнаў. А пачуцьці, ты скажы мне, Ці ня дзеліць баразна?
ЗАЛАТАЯ РЫБКА
Пясьняр каханьня старасьці ня бачыць. Ён маладой душой нядужасьць перамог. У снох ля мора сіняга рыбачыць, I залатая рыбка моліцца ля ног:
— Ах, адпусьці мяне назад у мора, За гэта я табе вялікі выкуп дам. Хай адыйдуць няшчасьце, крыўда, змора, Хай расчыняецца твой песенны Сэзам. Багацьце слоў і вобразаў яскравых Каштоўным скарбам хай ляжыць перад табой. За згоду ў сьвеце, зладжанасьць у справах Шампанскім шумна б'ецца ўсьпенены прыбой... Той, хто ў пачуцьцях застаецца чыстым, Ад добрых слоў і мрой расчуліцца гатоў. Як на вясельлі сьветлым, урачыстым Пяе спагадліва лагодная любоў.
Пясьняр каханьня старасьці ня бачыць, Да ўсіх нядужасьцяў ён мае супраціў. У снох ля мора сіняга рыбачыць... А залатую рыбку ў мора адпусьціў.
ПРАЗРЫСТЫЯ КОНІ
Празрыстыя коні — вятры, Ўздымаючы пыл на дарозе, Імчацца ў пустыя двары, Дзе ў белых рэйтузах бярозы
Жакеямі выйшлі на старт Каля зруйнаваных палацаў. Здаецца, яны не на жарт Гатовы з карэньнем сарвацца,
I ў сёдлах нябачных шумець, Ляцець у нязнанасьць — у мрою... Хмурынкі, як чорная сець, Згрувашчана ўсталі гарою.
Празрыстыя коні ў кар'ер. I пыл туманом на дарозе. Дажджы наўздагон. I цяпер Там сьлёзы на кожнай бярозе.
МАСТАК
Лёс няветлы, з усьмешкаю хітраю, Ён нясе і пагрозы, і ўшчункі. У руках маіх пэндзаль з палітраю. Не пакіну старыя пакункі!
Не пакiну, хай круціць мяцеліца! Сані ўгору ўзьлятаюць з размаху. Так мастак на пачуццях асьмеліцца Узьнімацца высока, бяз страху.
I дарэмна той лёс агрызаецца: Мастаку ці патрэбныя сані, Ці патрэбныя пэндзаль мазаіцы I паэзія ў чыстапісаньні?
Лёс трывожыць усьмешкаю хітраю, Разам з тым і пагрозы і ўшчункі. А я ў працы нястомны, з палітраю. Я ствараю жывыя малюнкі.
СЛАНЕЧНІК
Дзіцячае сонца стаіць на бальконе, — Любоўна сьпявае маё захапленьне. Красуня ў пялёсткавай жоўтай кароне! Так дзеці малыя малююць праменьне.
Сланечнік падобны да сонца дзіцяці, Нагадвае ціха забытыя сёлы. I я, нібы госьць на ўрачыстым прыняцьці, Самоту хаваючы, — ветлы, вясёлы.
Мяне на балькон запрашаюць ласкава. Там стол паміж кветак у сьвежым азоне. Адтуль павявае пахучая кава, А збоку — сланечнік славуты ў вазоне.
Стаіць на бальконе дзіцячае сонца, Дзіцячая радасьць і згадка дарослым: Сланечнік цьвіце ў нашай роднай старонцы Жывым, прамяністым, штогод уваскрослым.
УРАНЬНІ
Праменьнем ясным раньня Старое гора спляж. Ручнік для абціраньня Бяры з сабой на пляж.
Ты акуніся ў моры, I акунём плыві, Пачуеш сьмех прасторы I ў целе сьмех крыві.
I выйдзеш ты на бераг, А хвалі — белы ўздых, Як быццам гэта шэраг Русалак маладых.
Усё тут засьмяецца, На радасьць навядзе: Пясок, і рыба ў сетцы, I пена на вадзе.
ЯШЧАРКІ
Пад старасьць я бачу ў паўдзённай старонцы Цікавы, нязнаны, любоўны кур'ёз: Дзьве яшчаркі лашчацца нашча на сонцы... Расчуліўся гэтым я моцна, да сьлёз. Малыя істоты, а колькі пяшчоты! Такое хіба між людзей не знайсьці. У яшчарак — моц! Перад імі нішто ты, Калі без пачуцьцяў, халодны ў жыцьці Дзьве яшчаркі лашчацца. Шчасьце якое!.. Вось муха наводдаль, і тонка гудзе. Яны азірнуліся, і ў неспакоі. Украдкам адна з іх наперад ідзе. Даўжэзная жэрдка. Пад ёю — прадоньне. О, як небясьпечна прайсьці гэты мост! Ды яшчарка страх забівае ў разгоне, Адно сьлізгануў матузком ейны хвост... Ніколі ня бачыў я гэткага руху. Жыцьцё пазнаецца праз дробязі ўсе. ...I яшчарка ў пашчы няшчасную муху Сяброўцы сваёй на сьняданьне нясе. I сэрцам міжволі я чую пытаньне: — Ці з любай ты гэтак у згодзе пражыў, Ці ёй клапатліва прыносіў сьняданьне, Ці песьціў яе, даглядаў, даражыў?