Выбрать главу
Праз салодкую надзею Я гляджу ў далячыню. I прыгожа маладзею, I прыгожае ўчыню.
Не цнатлівая расправа — Маладым клабук і крыж, А сьвятая тая справа, У якой ты ўвесь гарыш.
Любы дружа, сьвяты грэшнік, Адчыні мне браму ў рай. Завядзі мяне ў арэшнік, Сілы пешчаў набірай.
Адхлябні любоў зямную, Як мядовае пiтво. Начапi пачуцьцяў збрую На дабро і хараство.
I разлушчым мы з табою Пазалочаны арэх. Возьмем лепшы сьвет бяз бою, У каханьні спалім грэх.
ВЕСНАВЫЯ НАСТРОІ
Ці жыве паэзія абшараў I ці ў ёй зазначыўся мой сьлед? Хваляваўся, працаваў я, марыў... Я таптаў дарогі ў лепшы сьвет.
I з дарожным клункам — на прывале — Слухаў гукі ціхіх паплавоў. Цьвет вясны яны мне даравалі Ў мой вянок нявыказаных слоў.
Я прымаў ахвотна, бяз прынукі, Гэту ласку, казку, сьветлы кон. Чаравалі, заклікалі гукі Да мяне таемны дзіўны звон.
Адчуваў, як звон мяне калыша, I пісаў я вершы пакрысе. Нёс маё любоўнае на ўзвышша Ў дабраце, пяшчоце і красе.
Навакол — ні блізкай, ні далёкай, Ні спагады чулай, ні сяброў, Хоць крычы да хрыпу і галёкай I гукай у лесе ўсіх зьвяроў.
Перажыта шмат, а боль да скону. Дні, гады адгрукалі вайной. Браў разгон я — ня было разгону, Ня гучэла слова навіной.
I душа ў пакуце, і цярпеньне, I спрасонку мроя да стала, — I расло пачуцьцяў утрапеньне, I заўзятасьць прагная расла.
У самоце чайка галасіла, Мне яна прыносіла вясну. Паўстае ізноў каханьня сіла, Праз якую песьню я нясу.
У мяне асьнежаныя скроні I прагал блішчыць на галаве, А здалёк аднекуль, у сутоньні, Вобраз мілай ветразем плыве.
Ажывае вобраз у паўторы. Ён пяе, вітаючы зямлю.
Дзесьцi слова кружыцца ў прасторы I яго я думкаю лаўлю.
Асядлаю злоўленае слова, Як араб гарачага каня. Зазьвініць на камені падкова, Запалаюць іскры ў змроку дня.
Дзень сьвятлейшым станецца, зайграе. Сэрца закалоціцца мацней. Хай жыцьцё маё цяпер на ўскраі, — Маладосьць сьпявацьме, як даўней.
Прыбярэцца радасная ў строі, Бацькаўшчына ў песьнях зацьвіце... Веснавыя вяжуцца настроі, Слова цёпла лашчыцца ў лісьце.
Я ўдыхаю сьвежы водар маю, Я хаваю старасьць і бяду. Тых турбот, як быццам і ня маю, На аброці слова ў сьвет вяду.
Слова не малое, не старое — Прызнавацца ў слабасьці дарма. Веснавыя мройныя настроі Навявае часам і зіма.
ЧУЖАНІЦА
Чарнакудрая ты, чарнавокая! Вейкі смольныя гнуцца гачкамі. Не падчэпіш. Чужая. Далёкая. Анічога няма паміж намі.
Я вітаю маю сьветларусую, У якой у вачох сонца, неба. Суцяшае мой зрок Беларусяю, Толькі пільна прыгледзецца трэба.
Косы доўгія — сьпелая ярыца, Скрозь нагадвае нашу краіну. Не, ніколі разлука ня здарыцца, Русай вобраз нідзе не пакіну.
А табою... дарэмна раздражнены, — Гэта толькі дурныя рэфлексы. Для каханьня ня тэхніка важная, Не нахабныя выбрыкі-сэксы.
Для каханьня — ідэя супольная, Разуменьне, спагада і клопат, Шлюбны ложак і песьня застольная, I давер, а не зайздрасьць і допыт.
Сьвет ляжаў пад грубою рагожаю, А ня зналі распусты і здрады. Гадавалі каханьне прыгожае Без маны, бяз вучонай парады.
Мы пазналіся з добраю школаю: Лес, дуброва, жытнёвае поле. Улюбёная птушкаю кволаю Трапяталася крыльлем на доле.
Сіла бурная, сіла прыродная. Мы любоў разумелі бяз кніжак. Не здарма мая мілая, родная Шчабятала, як радасны чыжык.
А вось ты не сьпявала дуброваю I травой лугавой не шамцела. Ня прывабіш мяне, чарнабровая, Ня прывяжаш да смуглага цела.
Пасма косаў — крыло гругановае, А сыскі із чмялінай вашчыны. Штосьці хіжае душыць абноваю, Валасатай жалобай жанчыны.
Я цябе цяплынёй не ахутаю... Хто ты? Скуль ты? З якою вандроўкай? Можа возьмеш каханьне пакутаю? Можа станешся жорсткай сяброўкай?
Я ня ведаю і ня пытаюся. Млець ня хочу ў ачмураным шчасьці. Устрымаюся, не захістаюся. Мне — у пекла пачуцьцяў ня ўпасьці!
Чарнакудрая ты, чарнавокая, Вейкі смольныя гнуцца гачкамі. Не падчэпіш мяне, бо далёкая. Анічога няма паміж намі.
Сёньня бачу я ў чорным фатальнае. Ці-ж пачуцьці свае абагульнім? Кіну слова табе разьвітальнае Дый усьмешку гарэзьлівым гульням.
Не зламаеш мяне ты спакусаю. Я пайду... Як даўней напрадвесьні, Дарагую маю, сьветларусую, Абыймаю пяшчотаю песьні.
У КАЛЯРОВЫХ ЭМОЦЫЯХ
Як на даліне матылі, Лятаюць мроі роем. Ужо і прывіды прыйшлі З дрымотным неспакоем.
I ружы чорныя цвітуць, I чорныя тульпаны. Пялёсткаў россып. Каламуць. Гасьцінец пратаптаны.
Па тым гасьцінцы я іду, — Як пiлігрым вандрую. Каровак бачу чараду, Алешыну старую.
I плот, і стрэхі, і асьвер... Мой сон варушыць жорны. Ля Белай вежы чорны зьвер I нават бусел чорны.
Абвугленыя каржакі, На іх жывая сажа — Мурашкі, мушкі і жукі. Мой сон мазутай мажа...
У садзе чорныя кусты Смуродзіны, ажыны. Хавае сьцежку цень густы, Як смутак мой з чужыны.
Я вышаў проста за сяло. Апанавалі згадкі. Было... буяла і цьвіло... Быў лад і непаладкі.
Стаіш, дзяўчына, на рагу Крывой панурай пуні. Сябе я там асьцерагу Ад смуглай прыгажуні.