Выбрать главу
Анічога я ня ўтою, Нават горкія няўдачы. Згіне згадкаю пустою Перажыты дзень гарачы.
* * *
Цябе я ведаю I разумею. Твой дом наведаю Нат і ў завею, I ў дні марозныя, Калі на шыбах Вузоры розныя, А ты як выбух, Як вобраз песенны, Як промень сонца... На сьнежнай дэсані Ў шкляной балонцы Кружок праталіны. I сочыць вока, Ці я аддалены, Ці недалёка.
* * *
Ты мне сказала: Добрай ночы! Зірнула ў вочы і пайшла. Застаўся лёгкі сьлед жаночы, Парфумай веяў ля стала.
Ляжу самотна я ў пасьцелі I не магу ніяк заснуць. Ці-ж добрай ночы? Мы хацелі Гарачай ночы. Не забудзь!
* * *
Маладосьць не пустацьветная, I жаданьні ўсе прыродныя. Ёсьць і мроя запаветная... Нам папрок ня кінуць родныя:
Вось, маўляў, кароўка бегае I нясецца курка ў рэшаце, Толькі вы аднэй кунегаю Ў сарамлівай цноце грэшыце.
* * *
У мяне цяпер закон сухі. А тваё аблічча дарагое Сьвеціцца з-пад роднае страхі — I я хмельны, і няма спакою.
З даўных дзён Глядзіць твой мілы твар. Памятаю сьветлае спатканьне. На стале сямейны самавар, I маё гарачае прызнаньне.
За памылкі, слабасьці, грахі Пакараны доляю цяжкою. А не разыходзяцца шляхі — Гэта-ж поруч я іду з табою.
* * *
Дождж, як цэпам на таку — На дарозе лужы. Вецер кружыцца ў садку, Рве пялёсткі ружы.
У мяне ў руцэ букет На дажджы зламаны. А вітаеш ты, як сьлед:
— Дзякуй, мой каханы!
Цьвет пабіты — не бяда. Толькі прыкра тое, Што цячэ вакол вада, Мокрыя абое.
* * *
Сказала мілая мая З усьмешкай сонца на абліччы: — Табе я творчая бруя, Нязгасны жар у зыркім зьнічы.
Людзкія душы мусіш грэць, I словы выпесьціць у цноце. Гарэць! Гарэць ды не згарэць, Як мэтэор у шпаркім лёце.
Я спадарожніца твая. Сьпяваюць вершы — нашы дзеці. Ты іхны бацька. Ну, а я — Ім добрай мачыхай на сьвеце.
* * *
Мне сказалі на вакзале: — Адыйшоў ужо цягнік. Жорсткім гужам боль і крык Маё сэрца завязалі.
Я даўгія рэйкі бачу I апошні той вагон, I запараны пэрон, I ў праводзінах няўдачу.
* * *
Вялiкі ў сьвеце ёсьць закон: Не пажадай сябровай жонкі. Сваё канечне ставіць кон — Ллысьці насупраць, на сажонкі.
Мой дружа, ты ў віры падзей Згубіў свой дом і вобраз стройны. Ты жыў бяз пробліску надзей, Зноў ажаніўся і спакойны.
А жонка першая твая З далячыні цябе чакала. Праз дваццаць год ня ты, а я... Мяне, бяздомнага, спаткала.
I хоць суровы той закон — Не пажадай сябровай жонкі,- Але інакш дыктуе кон. — Маладажоны, вып'ем жжонкі!
* * *
Сьвет багаты, нязьмерна шырокі, I ў вандроўках ці мала прыгод... Сорак год я на бачыў сарокі I ня чуў салаўя трыццаць год.
Кажуць людзі, сарока — зладзейка. А, магчыма, мне шчасьце нясе. Нашумела яна, чарадзейка, — Вераб'і разьлятаюцца ўсе.
Белабокая мне сакатуха Прыгадала маленства маё. I з грудзей маіх ціхая скруха Выцягае сваё вастрыё.
I здалёку зайграла жалейка, I ўляцела сарока ў вакно. Ну, а дзе-ж салавей-салавейка? На чужыне яго ня чутно.
* * *
Шчасьце ў рукі бяры, Абдымі, ашчапер. Я — твой сябра стары, Твой агонь-кавалер.
Я і ў пешчах з табой, Я і ў спрэчках ціраз. Ні зацішша, ні бой Не зьнявечылі нас.
Не завянуць вянкі, Што ў пачуцьцях зьвілі. Мы прымаем вякі, Як настой на хмялі.
* * *
Я цябе пяшчотна лашчу, Я ў жывой гарачыні. Бачыш, сыплю жар у прашчу. Дзьверцы ў космас адчыні!
Запушчу нязгаслы прысак. I ў скафандры лепшых сноў Узьнімуся ў плойму рысак, Кропак, зорак ды ізноў
Апынуся я ў рэальным. Зорку ў хаце запалі! Станься пунктам назіральным, Касманаўт я на зямлі.
* * *
Вечар над хатай гарбатай Вешаў хусьцё цішыні. Ты частавала гарбатай Мяне пры газьнічным агні.
I я чытаў табе кнігі, Здабытыя з-пад зямлі, Пра славу забытай Нямігі, Пра тое, як продкі жылі.
У хаце курэла газьніца, А нас акрывала сьвятло... Мінулае шчасьцем сьніцца, Хоць палыном адцьвіло.
Пасьля неспадзеўнай разлукі Губляліся нашы лісты. Табе працягвалі рукі I суцяшалася ты.
I часта прыходзілі госьці, I ты частавала іх. А не ставала чагосьці — Мабыць, мяне і кніг.
* * *
Я доўга тут стаю Ля соннай хвойкі гаю, — Мастацтва пазнаю, Вучуся, дасягаю.
I за радком радок, I засьпявалі мары. Вячорны гарадок На небе ставяць хмары.