Здаецца, на хвасьце
Кітовым, моцна ўяўным,
Той гарадок расьце
Страшэнным і забаўным.
Вісяць па-над зямлёй
Сады Сэміраміды,
I лёгкай сінявой
Чаруюць краявіды.
Дзівосныя сады —
Скалмачаныя хмары...
Юнацтва мне сюды
Нясеце, мае мары.
* * *
Калі я быў малым, —
Аберуч за абруч,
I з хаты бег на двор.
I гнаў я той абруч,
Біў палачкай па ім.
I — ляскатаў матор.
А я нястомна бег,
Мой уцякаў абруч...
Цяпер матор ня той:
Прыбег з жыцьцёвых круч
Ручай тваіх уцех.
Я чую голас твой.
Абдымеш ты мяне —
Закруціцца абруч.
Мінуўшчыны паўтор:
Аберуч за абруч.
Ды сіла не скране,
I ў руху ўжо затор.
ПЯШЧОТНЫЯ МЯНУШКІ
Да цябе калісьці я
У залётах прагна-ўпартых
Плыў ня песьняй салаўя, —
Пад'язджаў на лёгкіх жартах.
Я нанізваў слоў вясло:
— Смачны пончык, сымпампончык.
Прамяністае чало,
Язычка салодкі кончык.
Ты натхненьня майго ўзьлёт.
Ты княгіня, ты багіня,
Непачаты ў сотах мёд,
Буйнацьветная вяргіня.
Мой пушысты белы бэз,
Мая любая пралеска.
Гэта-ж я ў любошчы ўлез,
Як прычэпная падвеска.
З мовы браў я зерне слоў,
Шмат пяшчотных тых мянушак.
Сыпаў, весела малоў
Ды прыгадваў розных птушак:
Ты галубка, ястрабок,
Перапёлачка, сініца...
Быццам словам назнарок
Я хацеў укараніцца.
Я з табой. Сьмяешся ты.
Любата ў цяньку пад вязам!
Сьняцца доўгія масты,
Па якіх праходзім разам.
Можа гэта і ня сны
I ня жартачкі-усьмешкі.
Павыросталі сыны, —
Моц, закваска з нашай дзежкі.
* * *
Я пранёс праз гады,
Праз цяжкія гады
Сьвежасьць маладосьці.
Аднагодкі мае, сівыя дзяды,
Зайздросьце!
Гэта я захаваў
З пачуцьцём і цяплом
Скарб маіх пяшчотаў.
Мрояй жыў,
Перажыў на слове разлом
Ляшчотак.
I цяпер чую рост
I запал малады,
Сілу ў гэтым росьце.
Аднагодкі мае, сівыя дзяды,
Зайздросьце!
У СЬВЕТЛАЙ НЯДОЛІ
Я закінуты лёсам
На падворак чужы.
Я туманам бялёсым
Адыйшоў ад мяжы,
Ад мяжы хмызьняковай,
За якой родны дом.
Там, падкуты падковай,
Конь таптаўся з вазком.
I было разьвітаньне,
Смуткаваньне радні...
Я пачаў вандраваньне
Ў неспакойныя дні.
I ў пакутах і горы
Зьведаў безьліч дарог.
На зямлі і на моры
Адпачыць я ня мог.
Наплывалі турботы
Караблямі усьлед.
...А цяпер самалёты
Адчынілі мне сьвет:
Вена, Мюнхэн, Жэнэва,
Рым, Парыж і Мадрыд.
Чую элінаў сьпевы,
Бачу сонечны Крыт.
Вось акропаль Афінаў,
I дэльфінаў гульня.
Сьфінкс усьмешку мне кінуў
Пад сьпякотаю дня.
Акіян Атлянтычны.
Там Ню-Ёрк. Вашынгтон.
Мой настрой рамантычны —
Пачуцьця камэртон.
I сьпяваю я тое,
Што мне кажа настрой.
Побач месца пустое
Адчуваю парой.
Я прыгадваю з болем
Родны край, сваякоў...
Што-ж, у сьветлай нядолі
Я прастору знайшоў.
* * *
Пажоўклая кніжыца
Вабіць чароўна.
Як пацеркі, ніжуцца
Літары роўна.
З гекзамэтраў Грэцыі —
Прысак гарачы.
Тут можна сагрэцца і
Пойдуць удачы.
Паэты антычныя!
На Беларусі
Я ў вершы лірычныя
Ператваруся.
Хай даўнасьці іжыца
Мірсьціцца ў хаце...
Пажоўклая кнiжыца
Тоіць багацьце.
* * *
Маладая андалузка
Выйшла ў скокі. Любата!
Сьвету цесна, колу вузка,
Паліць сьмехам жывата.
Адбіваецца чачотка,
Дробны дрогат у плячох.
Як прыемна і салодка
Ад пацьвельваньня панчох.
Хай клякочуць кастаньеты.
З кожным стукам кастаньет
Нараджаюцца паэты,
Гіне чэрствы кругасьвет.
Андалузка спрытна лучыць
Сьмех з мастацкаю гульнёй.
Аж натоўп гатоў заюрчыць
I пусьціцца ў скокі з ёй.
СЭНЬЁРЫТА
Сэньёрыта, сэньёры-
та-та, мама! Што за дзіва!
Сёньня я, хоць і стары,
захапляюся праўдзіва.
I адкуль яшчэ агню
маладосьці набралося!
Чуеш, сэрцам я званю
трапяткім ляснога лося.
Белавежа ўсё ўва мне —
роў зуброў і прага рысяў.
Сэньёрыта, ты і ў сьне
і на яве пакарыся.
Пакарыся, з песьняй дай
мне сьпякотную хвіліну.
Дый усьмешкай разгадай,
дзе я старасьць сваю кіну.
Можа згорбіцца ў чужой
няпрыветлівай краіне
і за чорнаю мяжой
будзе плакаць на ўспаміне.
А магчыма шчасны час
кола лёсу так паверне,
што абоіх зьвяжа нас
дзесьці ў чадзістай тавэрне.
З твайго краю дзьмуць вятры
цяплынёй... Ты, маладая,
не глядзі, што я стары —
сіла ў сілу заглядае.
* * *
Зіхаціць на сонцы акіян.
З пасівелых гор паўзе туман.
Я сяджу ў падстрыжаным садку,
У жывой мастацкай галерэі.
Наўкруга на сьпіленым суку
Маладое зеліва чаўрэе,
На вятры мне шэпча ў неспакоі:
— Пышнацьвет утульнага кутка,
Дзе шумела дрэва векавое,
Назнарок зьнявечыла рука.