Выбрать главу
Гэта пазалетась чалавек Галаву зялёную адсек.
* * *
Я абапёрся лакцямі на падаконьнік, Зашчаміў галаву ў далоні I гляджу задуменна ў вакно На сьвет розуму і пачуцьцяў. Бачу я тое, што ёсьць I чаго няма ў рэчаіснасьці. Вецер з поўдня цёпла дзьме, Дыхае пяшчотна мне ў твар I, здаецца, шэпча: — Ты лятуценьнік... Ты мроіш Пра залатыя горы дабра і ласкі, Пра пакінутую бацькаўшчыну, Пра вясну, што восеньскай парой Паўстае палымяным каханьнем. А цi зразумеюць цябе Чужыя, халодныя?
САНТА КРУЗ
Люблю я край, дэе скрозь вясна, Дзе ўсё цьвіце, і цьвет нязнаны. I толькі каліва заганы: Там не бяроза, не сасна, А ўсюды пальмы і бананы.
Расьце буялая трава — Ні мурагу, ні канюшыны, Сярод кустоў няма крушыны. Затое постаць хараства На ўзмор'і сонечнай лагчыны!
Той край заўсёды малады, — З цяплом, бяз цеснай целагрэйкі. Пад звон цыкадаў гоман нейкі, Адно сьпяваюць не дразды, Не салаўі, а канарэйкі.
Сярод людзей, людзкой бяды Жывуць і радасьць, і надзеі: Усіх вясна ласкава грэе. Той край спрадвеку малады, Ніхто ў ім, мабыць, не старэе.
НЕ ЧАРУЙ МЯНЕ, ШВАЙЦАРЫЯ
Не чаруй мяне, Швайцарыя! Не расчулены тым зманам. У душы маёй аварыя, Я ў настроі паламанам.
I сумую ў падарожжы я, Абыякавы да краю. Дрэвы з выгляду прыгожыя — Тую штучнасьць сузіраю.
Лес, як панскі шпiц, падстрыжаны. Едзеш — роўныя прасекі. Ні карчагі, ні камлыжыны, Ні крывой сасны-калекі.
I старой ня бачу хаткі я. Проста домікі, як лялькі! А дарогі чыста гладкія, Як паверхня морскай галькі.
Мне нявесела дарогаю, Край прычэсаны ня вабіць. I ў багацьці ёсьць убогае, Супярэчлівае, мабыць.
* * *
Прыносяць дні расьцьвітаньня I верасень і кастрычнік! Я стаўлю ня знак пытаньня, А клічнік, вялізны клічнік.
Я хмельны ў верасьні словам, Мне восень паэмы піша. Ізноў я гучаньнем новым Пачаў заціскаць зацішша.
Ці гукі на голай галіне? Ці дубу спрачацца з сасною? Ён лісьце і ўзімку ня скіне, I будзе, як я, з вясною.
* * *
Маляваныя малінавыя вусны, Цыгарэта з доўгім муштуком... Вобраз той — вульгарны і распусны — Ў памяць заціраецца цішком.
Ён з чужых краёў — не з Беларусі, Дымам ахінаецца густым. А няўжо-ж паддаўся я спакусе, Кабарэтным выбрыкам пустым?
А няўжо-ж прыемна захапляцца Характэрным, змрочным хараством? Лепш адпачываць у роднай хатцы Успамінам і далёкім сном.
* * *
Я чакаю сёньня зноў Шмат лістоў чародных Ад знаёмых і сяброў, Ад цябе і родных.
Паказаўся паштальён, А мяне мінае. Мне здалёк ківае ён: — Я для вас ня маю.
Мабыць іншым паштавік Радасьці прыносіць. За суседнім домам зьнік Ветлы лістаносец.
Сумна, горка... Дзень пусты. Мне ніхто ня піша — Ні знаёмыя, ні ты... Жудасная ціша.
* * *
Герань. Гучыць гіронія: Мяшчанства на вакне! Ці-ж гэтак я настроены, Каб толькі ружы мне?
О, не! Мне і пэтунія Ўсе радасьці нясе. Яна цьвіце красуняю, I мой паклон красе.
I з клюмбы браткі сьціплыя, Настуркі і ляўкой Замілаваньнем выплылі Ў мой чулы неспакой.
I роднаю старонкаю Душа мая жыве. Валошкі там з рамонкамі I сьлёзы на траве.
ПАМЯТКА
Было дайно... Як быццам, Я на сяле з бацькамі. Такое не забыцца, А прыгадаць радкамі,
Прыгожымі радкамі Лірычнае паэмы. Папера пад рукамі Хавае голас немы.
I мне маленства сьніцца Далёкае, былое. Бляшаная дайніца, Цяпло ад сырадою.
Вось памятка сьвятая, Яна ў маім багацьці: ...У хлеўчыку сьвітае. Карову доіць маці.
Грукоча дно дайніцы. Шуміць струмень малочны, Як вецер на званіцы, Як ручаёк праточны.
Плыве той шум у сенцы I ў ложак мой сядае. Прамень зары на сьценцы, I сьценка ўся рудая,
Здаецца, залатая Ад княжага убраньня. У хату залятае Вясёлы гоман раньня,
Змагаецца бясконца З дакучным хатнім сумам. Прачнулася і сонца, Абуджанае шумам.
З-пад коўдры лёгкай хмары Яно ўжо выглядае. На счырванелым твары Ляжыць смуга сівая.
А мітусьня жывая! Лёт галубоў з падстрэшша, I певень тут сьпявае, I наш сабака брэша,
Авечак сустракае Знарочыта сурова. На выгане рыкае Адсталая карова.
I журавель з вядзерцам Рыпіць і цяжка стогне. Я горача ўсім сэрцам Прымаю згадку сёньня.
I сьніцца мне дайніца, Цяпло ад сырадою, I хочацца напіцца... Ды ўсё цяпер чужое.
Цяпер ня ў роднай хаце, Няма і тых удояў, Няма руплівай маці... Я толькі боль падвоіў.
МРОЯ-БЕЛАСЬНЕЖКА
У кожнай істоты свой лёс вартавы, I зьявы прыроды — вузор адамашкі: Зялёнае каліўца кволай травы Нясе неспакой мітусьлівай мурашкi.