Выбрать главу
Жывіца сасны, матылёвы пылок, Чмяліныя соты, чабор, чамярыца. Ураньні раса, разганяючы змрок, Сваёй чысьцінёй пачынае іскрыцца.
Я ў кроплі расы бачу радасны цуд: I сонца, і краскі, і любай усьмешку. Я чую пачуцьцяў жывы перагуд — Палётную мрою, маю беласьнежку.
Яна ў маім целе, крыві і касьці Гарачай завеяй гуляць не пакіне... А ў сьвет шугане — спадзяюся знайсьці На вуснах і ў кнігах у роднай краіне.
КІЗІЛАВЫ КІЁК
Выйшаў з хаты раніцай Да сонца я на ўсход. Песьня пачынаецца. I ладзяць карагод Палявая красачка, Вясёлы матылёк... Палачка-стукалачка, Кізілавы кіёк. ...................... ......................
Апаўдня прываблены Багацьцем у садку. Я стаю ля яблыны, З кійком падняў руку. Я зьбіваю яблычка, Духмяны сок пацёк... Палачка-стукалачка, Кізілавы кіёк. ...................... ......................
Вось ужо, каханая, Мой вечар у садку. Песьня адсьпяваная. I старасьць пад руку. Старасьць-заміналачка, Заніжаны паёк... Палачка-стукалачка, Кізілавы кіёк. ...................... ......................
Цемрай ноч разгорнецца, Як чорны парасон. Зьнікне боль, бяссоньніца, Паўстане вечны сон. Прах. Ані кавалачка... Закінецца ў пясок Палачка-стукалачка, Кізілавы кіёк.
СОН
Мяне трывожыў дзіўны сон: На полі бура, навальніца... Я за раскрыты парасон Пасьпеў аберуч учапіцца, Каб вецер-злодзей не забраў. А ён ірваў, шукаў ахвяры, I з рыкам дзікага зубра Мой парасон панёс за хмары. Узмах вятровага крыла, I раптам хмараў сьлед загінуў. Прасторай сiняй павяла Дарога ў родную краіну. I я высока на вятры Ляцеў пад сонечным зіхценьнем. Трьшаўся моцна, і згары Сачыў за ўласным сваім ценем.
Мой цень ужо над Вільняй плыў. Вунь Слуцак, Менск перад вачыма. I хваляваньні і парыў — Суняцца духу немагчыма... I я прачнуўся.
ПАДСЛУХАНАЕ
Адгулялі мы ночы, Адсьвяціліся вочы. Ды яшчэ наастатку Ці скажу: Пачакай! Так, у тыя хвіліны Ты быў дужа няўпынны, Выбачай, як ад статку Адагнаны бугай. А пад старасьць такое Хваляваньне цяжкое: Я хацела-б даступна Пасваволіць з табой. Але ты ўжо ня гэткі — Госьць марудны і рэдкі. Купідон непадкупны Абвяшчае адбой. Гэтак кажа старая I маркотна ўздыхае. А ў старога з бязладзьдзя Мабыць кісла ў душы. Ну, навошта я вухам Гэту споведзь падслухаў У запушчаным садзе У вячорнай цішы.
САД У СЬНЕЗЕ
Па дрэвах лезе Вясновы цьвет. — Мой сад у сьнезе, — Сказаў паэт.
Хай вецер хлёсткі Гуляў, дурэў, — Цьвілі пялёсткі Ў галінах дрэў.
Яскрава-бела Вакол было, Ды холад сьмела Сагнаў цяпло.
I ўжо сівая Імжа лягла, I выплывае Паўцень з вугла.
I на начлезе Няма суцех. А сад у сьнезе... Сапраўдны сьнег!
КАЛЯДНАЕ
У калядную ноч, у марозную ноч На ялінцы праменяцца сьвечкі. I людзкія нягоды атарай наўзбоч, Як пудлівыя ў полі авечкі.
Нарастае за вокнамі сьнегу сумёт, Замятаецца чорнае ўчора... Тае воск. Пахне смолка і пернікаў мёд, I губляюцца час і прастора.
Ані гора, ні прыкрасьцяў, ані згрызот. Нашы сэрцы — на вецьцях зялёных. Перад намі шырокі паўстаў гарызонт Адчуваньняў і мрой акрылённых.
I сьвяточны настрой у густой цяплыні, I мароз на падворку сьпявае. У калядную ноч, у сьвятой цішыні Зоркай сьвеціцца вера жывая.
ЗА МЯЖОЙ
Дзесьці там, за граніцай, За далёкай мяжой, Давялося зрадніцца Беларусу з чужой.
Ажаніцца, зрадніцца З немкай немай, глухой. Абы толькі спадніца I ня ў хаце пустой.
Ажно доля з ухмылкай: Ці-ж любоў? Пачуцьцё? Непапраўнай памылкай Адцьвітае жыцьцё.
I балюча і горка, Зноў самотным жывеш. I ня тая гаворка, I на звычаях плеш.
I ня тыя ўжо кветкі, I чужая сям'я, I ня ведаюць дзеткі Беларускага «я».
Той дарма наракае На няветлівы лёс, Хто сваімі рукамі Ў хату долю прынёс.
Вераб'ю ня сініца, I ня чыж салаўю. Захацеў ажаніцца — Паглядай на сваю,
З даўных дзён дарагую, Што з палескай журбой У дарогу даўгую Пойдзе разам з табой.
ПАРАСЬЦЬ
Я палку-крывульку з лазы змайстраваў I з ёй шпацырую па полі. Пакорна схіляецца долу трава I шастаньнем просіць патолі.
Стаптаны рамонак і зьбіты чабор... Такая-ж і доля людзкая! Як быццам-бы гусьляў жывы перабор У сэрцы маім узьнікае.
Ужо незаўважаны ўецца вянок Расквечаных слоў і пачуцьцяў... На поплаве ткнуў я лазовы клінок, На багне ваду скаламуціў.
Я палку пакінуў. Хай тычкай тырчыць! А думкі на іншай дарозе. Прачулае слова маё не маўчыць, I ветрам пяе ў вербалозе.
...Я памяць, як сьвечку, набожна цяплю. На момант забытая старасьць. Крывулька пусьціла карэньне ў зямлю, Насустрач жыцьцю гоніць парасьць.
КАПРЫЗНАЕ ЖАДАНЬНЕ
Ёсьць краіны, дзе бяз візы Ня пушчаюць, хоць памры... Часам цягнуць нас капрызы I ў Шанхай, і ў Канакры.