Выбрать главу

Яўмен спяваў.

Рэдка рабіў ён гэта, седзячы за рулём трактара. Ды і не вельмі захочацца спяваць, калі папрацуеш ноч, перавернеш гектараў дзесяць дзірвана і пад раніцу ў цябе ные ад стомы ўсё цела і самі зліпаюцца павекі. Толькі і ведаеш, што паглядаць — ці хутка прыдзе напарнік?

Але ў тую раніцу Яўмен не адчуваў стомы і не надта пазіраў у бок вёскі, нават забыўся, што Валянціну даўно пара заняць яго месца за рулём, а яму да гэтага часу пара ўжо было памыцца, паснедаць і ляжаць пад паветкай, у цяньку. Сапраўды, ужо мінула гадзіны дзве, як скончылася яго змена, а Валянцін усё не з'яўляўся. Яўмен, праўда, мог спыніць трактар і пайсці ў вёску, разбудзіць сябра, які, напэўна, заспаў. Але і трактар яму ў тую раніцу не хацелася спыняць, шкада было дарэмна траціць час. Ён глядзеў на ўзаранае поле і радаваўся.

«Нормы дзве даў. Бадай што яшчэ ніколі ў начную змену не даваў столькі. Тыдзень так папрацую — на першае месца ў брыгадзе выйдзем».

Яўмен любіў свежаўзаранае поле своеасаблівай любоўю трактарыста, які ганарыцца сваёй прафесіяй. Ляжыць вось гэткі вялізны чорны квадрат і нагадвае нейкае казачнае возера, узбарозненае маленькімі хвалямі, якія, здаецца, даганяюць адна адну і ніяк не могуць дагнаць. Дзе-ні-дзе зрэдку віднеюцца — нібы жоўтая пена на гэтых чорных хвалях — плямы пяску. I зусім рэдка з-пад пластоў раллі выглядаюць каліўцы травы. Яўмен не любіць гэтай жаўцізны і зеляніны на раллі, бо гэта амаль што агрэхі, яны не робяць гонару лепшаму трактарысту.

Узараны ўчастак заўсёды здаецца большым, чым быў тады, калі зелянеў травой. Можа таму і прыемна глядзець на яго...

Ужо высока паднялося сонца і моцна прыпякае то ў спіну, то ў грудзі і твар. Высахла раса, і за трактарам уздымаецца слуп пылу. Калгасніцы даўно выйшлі ў поле палоць лён і пшаніцу. Стракатыя хусцінкі і сукенкі віднеліся там, дзе за чорным папарам рассцілалася зялёная бяскрайнасць пасеваў. Але Яўмен рэдка скіроўваў позірк у той бок. Значна часцей пазіраў ён на белыя саманныя будынкі кароўнікаў і на невялікую хацінку каля іх, пакрытую шыферам. Там — яна, Надзя. Што яна робіць цяпер? Відаць, мые бідоны. Добра было б, каб Валянцін не прышоў да таго часу, калі пагоняць да рэчкі на стойла статак і даяркі не выйдуць даіць кароў. Тады Яўмен проста ад трактара пайшоў бы да рэчкі мыцца і там, напэўна, спаткаў бы яе...

Пыл гусцеў, нават скрыпеў на зубах. Але Яўмен спяваў. Сам-на-сам з трактарам ён даваў волю сваім пачуццям. Голас яго тануў у роўным гудзенні матора.

Усяго адзін тыдзень працуюць яны з Валянцінам на полі калгаса «Ясны дзень». Прыехалі сюды з Макарэвіч пасля таго, як МТС атрымала новыя трактары і была зроблена, як яны называлі, «ператруска» брыгад,

Адзін тыдзень. Але які гэта быў тыдзень у жыцці Яўмена! Да яго прышло першае і сапраўднае каханне. Яны пазнаёміліся з Надзяй у першы дзень у кіно і пасля штовечар сустракаліся: хадзілі па вёсцы або да раніцы праседжвалі пад старымі ліпамі каля калгаснага саду. Цяпер ён успамінаў гэтыя сустрэчы, і ў яго так светла, так хораша рабілася на сэрцы, што хацелася працаваць і працаваць, без адпачынку, без змены, каб хутчэй праляцеў гэты тыдзень, калі ён мусіць працаваць начамі.

Яўмену захацелася піць. Ён спыніў трактар ля дарогі і пайшоў да месца запраўкі — да старой бярозы, каля якой стаялі бочкі з вадой і гаручым.

Падышоў і спыніўся, здзіўлены. Пад бярозай, на пакамечанай траве, шырока раскінуўшы рукі, смачна спаў Валянцін. Пад галавой у яго ляжаў выходны пінжачок, пад бочкай з вадой стаялі новыя бацінкі.

Яўмен спачатку лагодна, з ласкавасцю старэйшага, хоць па гадах быў маладзейшы, паківаў галавой. Але праз момант невядома адкуль з'явілася злосць: «Лайдак! Гультай! Я працую за яго не снедаўшы, а ён...»

Яўмен моцна штурхнуў сябра:

— Гэй, ты, соня! Што гэта такое?..

Валянцін лыпнуў вачыма, расплюшчыў іх, хутка сеў і, пацягнуўшыся, пазяхнуўшы, весела засмяяўся. Глянуў на сонца.

— Хэ! Хіба ты яшчэ працуеш?

— А ты думаў — як ты?!.

— А што я? Я знарок прышоў сюды, каб ты мяне разбудзіў. Вось бачыш — проста з гулянкі, — ён кіўнуў на свае бацінкі і зноў засмяяўся, відаць, успомніўшы нешта прыемнае. Гэты яго смех чамусьці абразіў яўменавы светлыя пачуцці і адначасова неяк абяззброіў яго — ён не ведаў, чым яшчэ можна ўпікнуць свайго бестурботнага напарніка.

— Пасароміўся б... Я яшчэ не снедаў.

— Хэ! Кажуць, работа дурняў любіць, — не паднімаючыся, Валянцін пачаў сцягваць з сябе кашулю. — А я не ведаю, што з леташнім хлебам рабіць. Прасіў у дырэктара машыну, каб завезці на рынак, — не даў, скнара гэткі.

— Падвядзеш ты, Валя, брыгаду...