— Скідай свой камбінезон... Я падвяду?.. Хэ!.. Дрэнна ты мяне ведаеш! Цябе магу, а брыгаду — ніколі, — і ён зноў засмяяўся, прыгладжваючы далонямі свае чорныя жорсткія валасы.
Снеданне Яўмену падавала дачка гаспадыні, шаснаццацігадовая Галя. Сама гаспадыня даўно была ў полі.
Яўмен апетытна еў яешню з гарачай бульбай.
Галя сядзела на лаве, бліжэй да дзвярэй, насупраць расчыненай печы, і ўпотай, крыху сарамліва, паглядала на трактарыста. Яна клапатліва, як маці, папярэджвала кожны яго рух: сама наразала хлеб, падавала соль, малако або рушнік.
— Садзіся са мной снедаць, Галя, — запрасіў Яўмен.
Дзяўчына, нібы пакрыўджана, адказала:
— Што я галодная, ці што? Я ўжо снедала.
— Што ты снедала? Тут жа яешня!
— А і не люблю яе, яешню. Думаеш, усе яе так любяць, як ты?
Яўмен ведаў, што Галя ва ўсім паводзіць сябе, як зусім дарослая, і знарок размаўляў з ёй, як з малой. За гэта яна крыху недалюблівала яго і больш сябравала з Валянцінам. Можа таму яна і вырашыла цяпер адплаціць Яўмену за яго нежаданне прызнаць яе цалкам дарослай. Адвярнуўшыся і гледзячы ў акно, яна сказала:
— Дружочак твой, Валянцін, да самай раніцы з Надзяй гуляў.
Яўмен папярхнуўся. Твар яго заліўся чырванню. Галі стала шкада яго.
— Круцёлка яна, гэтая Надзя! — шчыра сказала дзяўчына. — Думае, калі прыгожая, дык ёй можна галовы ўсім кружыць. I сябра твой таксама добранькі...
Яўмен узлаваўся.
— Галька! Гэта не твая справа! Ты яшчэ малая...
— Хм!.. малая! Я не люблю людзей, якія падманьваюць... А яшчэ комсамольцы!..
Абурэнне дзяўчыны супраць яго напарніка канчаткова пераканала Яўмена, што ўсё, аб чым яна сказала, праўда. Ён кінуў на стол відэлец і выйшаў з хаты, не скончыўшы снедання.
Што рабілася ў яго душы! То агнём пякло, то абдавала ледзяным холадам. Спачатку ён ляжаў на сваёй пасцелі пад павеццю і да драбніц успамінаў свае сустрэчы з Надзяй, усё, што яна гаварыла. Ад успамінаў гэтых рабілася нестрывала балюча: «А яшчэ сябра! — думаў ён пра Валянціна. — Я цябе на трактары вучыў! А ты гэтак... Пачакай жа!..» Яўмен намагаўся прыдумаць напарніку помсту, але прыдумаць нічога не мог і ад гэтага злаваўся яшчэ больш.
Урэшце ён вырашыў неадкладна схадзіць да рэчкі, куды прыгналі ўжо статак, і ўбачыць Надзю. Ён па вачах пазнае яе думкі, бо калі яна ашуквала яго, то, пэўна ж, збянтэжыцца, адчуе сябе ніякавата. А можа, наадварот? Можа, яна хоча пажартаваць з Валянціна, трохі павадзіць яго за нос, ускружыць галаву? Усе ж кажуць, што яна насмешніца і жартаўніца. Гэтая думка суцешыла Яўмена. Сапраўды, хіба можа яна пакахаць Валянціна, ведаючы, што яе кахае другі чалавек, больш старанны, працавіты і больш сур'ёзны. Ды і з твару, бадай, прыгажэйшы...
Вышаўшы з-пад паветкі, Яўмен убачыў Галю, якая назірала за ім праз акно, і схамянуўся ад нечаканай думкі.
«Калі пра гэта ведае Галя, дык, пэўна ж, пра гэта ведае ўся вёска. I паспрабуй зараз паказацца на вочы даяркам — пальцамі будуць паказваць, падсмейвацца. Яны ўмеюць».
Яўмен вярнуўся назад, кінуўся на пасцель. «Заснуць бы!..» Але сон не прыходзіў. Хлопец так і не здолеў заснуць да самага вечара.
А ўвечары, прышоўшы на змену, ён не мог глянуць напарніку ў вочы, адчуваў сябе неяк няёмка, быццам сам быў вінаваты. Развіталіся яны, як ніколі, холадна.
Ноччу, на працы, у яго гудзела ў галаве і — чаго не здаралася раней — не ладзілася з трактарам, з плугамі: то пераграваўся матор, то заядала цягу ад плугоў... Няроўная ішла глыбіня, з'яўляліся агрэхі. Яўмен праклінаў дзірван, лаяў праўленне калгаса, што так запусцілі поле, дырэктара МТС, што не даў ім новы трактар, хоць у душы адчуваў, што справа не ў гэтым. I поле — як поле, і трактарам сваім ён ганарыўся дагэтуль, не раз казаў, што не памяняе яго і на новы.
Ноч была душная. Хмары віселі так нізка, што здавалася: падымі руку — і дакранешся да цёплага, мяккага воблака. Зрэдку хмары разрываліся, і з бяздоння неба глядзелі далёкія зоркі, адзінокія і сумныя. На зямлі не было ні расінкі, і пыл у святле фар падымаўся, як у спякотны дзень.
На світанні, знясілены, Яўмен спыніў трактар, саскочыў на зямлю і паваліўся ў старую разору, на траву.
Яго разбудзіў Валянцін, асцярожна пакратаўшы за нос: так будзяць малых. Яўмен сеў, праціраючы вочы. Пачынаў ісці дождж, дробны і нясмелы. Валянцін спытаў сур'ёзна і чула, нават у вачах яго не было знаёмых іскрынак смеху, якія не згасалі там амаль ніколі:
— Ты што... захварэў? — і, не дачакаўшыся адказу, растлумачыў, кіўнуўшы на раллю: — Ты бадай што і нормы сёння не даў.
— Душна было, — адказаў Яўмен.
— Душна, — зноў-такі без жарту ці іроніі згадзіўся Валянцін і пайшоў да трактара.