Выбрать главу

Яўмен накінуў на плечы свой зашмальцаваны пінжачок, адышоўся і раптам адчуў, што ў яго пасвятлела на сэрцы.

«А фізіяномія ў яго сёння кіслая. Ніколі яшчэ Валянцін Лабанок не быў такі сур'ёзны, сумны»... — Чым больш ён думаў аб тым, як размаўляў з ім напарнік, тым весялей яму рабілася. Ён не вытрымаў і пайшоў цераз калгасны двор, хоць гэта і было яму не па дарозе.

I сапраўды, спаткаў Надзю

Яму нават здалося, што яна знарок чакала яго. Надзя стаяла каля студні, у белым халаце, з-пад марлевай павязкі выбіваліся пасмы прыгожых залацістых валасоў. Яна налівала ваду ў бочку. У сваёй незвычайнай вопратцы была яна яшчэ больш прывабнай, чым у святочным плацці, якое надзявала ўсе тыя вечары, калі яны сустракаліся. Яўмен бачыў: яна ўгледзела яго яшчэ здалёк, але рабіла выгляд, што не заўважае, — адвярнулася, нахілілася над студняй. Яўмен падышоў нясмела, спыніўся воддаль, назіраючы, як яе загарэлыя рукі бягуць па слізкім вочапе. Вынырнула вялікае драўлянае вядро, хіснулася, вада палілася на босыя ногі дзяўчыны. Яна засмяялася і, павярнуўшыся, сказала:

— Добрай раніцы, Квачык.

У яе вачах закаханы хлопец убачыў тое, што прагнуў убачыць, — весялосць, ласкавасць, не было ў іх ні разгубленасці, ні сораму.

— А які ты мурзаты! Станавіся, спаласну цябе разок, увесь пыл сплыве, — і яна, набраўшы ў жменю вады, жартаўліва пырснула на яго.

Ён стаяў, не зводзячы з яе позірку, і на твары яго ззяла найшчаслівейшая ўсмешка. 3 гэтай усмешкай ён адказаў на яе жарт, здавалася яму, самымі значнымі словамі, якія толькі можна было сказаць у такую незвычайную хвіліну:

— Пыл я змыю! — і гэта гучэла так: на пыл ты не глядзі! I ўжо звычайным голасам растлумачыў: — Душна было.

— Нешта твой трактар усю раніцу маўчаў, — сказала Надзя.

Ён збянтэжыўся і, не ведаючы, што адказаць, схлусіў:

— Гаручае не падвезлі, — і сам спалохаўся: а раптам яна ведае, што гаручае падвезлі ўвечары, ці сустрэне выпадкам старшыню і скажа яму. У Яўмена загарэліся шчокі, але, на шчасце, Надзя нічога не прыкмеціла.

— Ну, ідзі снедаць, Квачык, а то мяне чакаюць, — сказала яна і шпарка пайшла да будыніны пад шыферным дахам, з акна якой выглядалі яе цікаўныя сяброўкі.

Снедаючы, Яумен са смакам з'еў сваю яешню і выпіў амаль цэлы гладыш халоднага малака. Засынаў ён з шчаслівай усмешкай на вуснах. Па гонтавым даху паветкі аднастайна, але прыемна, бубніў дождж.

Пад вечар дождж сціх, прамачыўшы зямлю ўсяго на некалькі сантыметраў. Але ў паветры было свежа, не ўзнімалася ні пылінкі. Плугі рэзалі вільготную зямлю, як масла, чорныя тлустыя скібы лажыліся адна пры адной і цягнуліся доўгімі хвалістымі лініямі. Здавалася, ніколі яшчэ так добра не працаваў яўменаў трактар. Машыне таксама, відаць, палягчэла пасля дажджу. Павольна наплываў змрок, засвяціліся электралямпачкі на калгасным дварэ. Яўмен уключыў фары, але не збавіў хуткасці.

А раніцою ўліковы трактарнай брыгады двойчы перамяраў плошчу, не паверыўшы першы раз сваім падлікам: баяўся, што памыліўся, бо выпрацоўка Яўмена Квача за змену — начную змену! — перавысіла рэкорд найлепшага трактарыста МТС Сяргея Бярозкі.

Пераможцам здаваў Яўмен змену, пераможцам ішоў ад трактара ў вёску, зноў жа цераз калгасны двор. Але Надзі на гэты раз не спаткаў.

Пасля снедання ён сядзеў на прызбе — прыемна пагрэцца на ранішнім сонцы — і чытаў раённую газету, у якой зноў (каторы раз за вясну!) пісалі пра Сяргея Бярозку. Яўмен чытаў і думаў, што добра было б, каб і пра яго працу напісалі ў наступным нумары газеты. Няхай бы прачытала Надзя, ёй, безумоўна, таксама прыемна было б перад сяброўкамі. Дарэчы, газета выйдзе якраз напярэдадні таго дня, калі скончыцца яго начная змена, і ён зможа ўвечары гуляць.

3 горада прышла Галя, якую ён сёння яшчэ не бачыў, прывіталася і села насупраць, каля паветкі, абхапіла рукамі каленкі і ўтаропілася ў трактарыста. Яўмен паспрабаваў чытаць далей, не звяртаць на яе ўвагі, але праніклівы позірк дзяўчыны ўстрывожыў яго. Зноў заныла ў сэрцы ад прадчування нечага непрыемнага. Ён рабіў выгляд, што чытае, а сам раз-по-разу пазіраў на яе, чакаючы яе слоў, як удару. I не памыліўся...

— А Валянцін зноў з Надзяй гуляў да самай раніцы, — ціха, неяк таямніча, паведаміла Галя.

Яўмену раптам здалося, што яна здзекуецца з яго, насміхаецца, і ён узлаваўся, — шыбнуў газету, падхапіўся з прызбы.

— А мне што да гэтага? Чаго ты да мяне прычапілася?!

I падумаў сабе: «Што гэта за жыццё! Пайду зараз да старшыні і папрашу, каб перавёў на другую кватэру...»

Спалоханая Галя кінулася ў хату, але там яе з папрокам сустрэла маці. Яна чула іх размову на дварэ.