Дзяўчына нават расплакалася.
Яўмен нікуды не пайшоў, яму шкада было Галі, а яшчэ больш сябе.
Ён цвёрда вырашыў выкінуць яе з свайго сэрца і з думак, заглушыць пачуццё, і каб не хваляваць сябе, ні з кім не гаварыць пра гэта ні слова — ні з Валянцінам, ні, тым больш, з ёй, з Надзяй. Але ад гэтага «цвёрдага рашэння» нічога не засталося, калі ён у першы вечар пасля начной працы выйшаў на гулянку. Нясмела падыходзіў ён да клуба, дзе іграў баян і на пляцоўцы танцавала моладзь. Баяўся, што хлопцы пачнуць кпіць, смяяцца з яго няўдалага кахання. Але ніхто нічога не сказаў, хлопцы прывіталіся з ім па-сяброўску. Толькі Цімох Сарока, калгасны электраманцёр, сказаў:
— А вось і наш герой!
Але сказаў ён гэта сур'ёзна: напярэдадні ў раённай газеце быў надрукаваны артыкул пра яго, яўменаву, стаханаўскую працу.
Каля клуба гарэў вялікі электрычны ліхтар. Яўмен убачыў сярод дзяўчат Надзю і адчуў, як зноў моцна закалацілася сэрца. Якая яна прыгожая!
Не, ён павінен пагутарыць з ёй апошні раз, высветліць усё да канца, каб ніякія сумненні ці ніякія надзеі не грызлі больш яго сэрца.
Ён танцаваў з другімі, дзяўчатамі, курыў жартаваў з хлопцамі, а думаў пра адно: што сказаць ёй?
Ён пачне з таго, што спытае, ці чытала яна артыкул у газеце, а пасля скажа: «Надзя! Я заўсёды буду працаваць так, нават лепш... Я буду зарабляць многа хлеба і грошай... І калі ты... Як мы будзем жыць!.. Мы нават уласную машыну купім, як той Бярозка!» Але праз момант словы гэтыя здаліся да недарэчнасці наіўнымі і нясціплымі, і ён адмовіўся ад іх.
Ён скажа інакш. Ён адпомсціць Валянціну, бо калі Валянцін так ставіцца да сябра, з якім трэці год, можна сказаць, есць з адной міскі, то няхай і сам не чакае літасці. Ён проста і злосна, знарок злосна, скажа Надзі, што Валянцін гультай, што ён не любіць працаваць, што ўзімку на рамонце ён атрымаў вымову. I нават больш — будзе здзекавацца і смяяцца з яго: «Ён жа падобны на дзятла, калі глядзецьна яго збоку, а калі проста ў твар, то нельга не заўважыць, што ў яго крыху скрыўлены нос».
А Надзя раптам возьме і адкажа: «Які ты дрэнны чалавек, калі так нагаворваеш на сябра».
I правільна зробіць, калі гэтак адкажа. Валянцін сапраўды часам ленаваўся, але нос у яго не скрыўлены: гэта ён сам выдумаў на сябе, калі аднойчы, пагаліўшыся, глядзеў у люстэрка.
Не, лепш за ўсё проста спытаць у яе па-сяброўску: «Скажы, Надзя, ты кахаеш Валянціна?»
Яна павінна адказаць. А можа здарыцца, што ў адказ яна абдыме яго, засмяецца і ласкава-ласкава скажа: «Які ты дурны, Квачык! Я кахаю толькі цябе!»
Уявіўшы гэта, Яўмен ажно задыхнуўся ад шчасця.
Відаць, нямала яшчэ і іншых варыянтаў размовы з'явілася б у яго гзлаве, каб ён раптам не заўважыў, што Надзя знікла з пляцоўкі. Забыўшыся на ўсё, Яўмен адразу кінуўся шукаць яе. I тут упершыню пачуў за спіной смяшок:
— Даганяй яе каля трактара!
Гэтыя, сказаныя некім, уедлівыя словы страшэнна ўразілі яго.
Няўжо?.. Няўжо яна пабегла ў поле, каб там, на працы, спаткацца з Валянцінам?
Яўмен схаваўся ў ценю ліп каля калгаснага саду і доўга, стаіўшы дыханне, слухаў, калі ж урэшце спыніцца трактар. Ды час ішоў, а трактар гудзеў па-ранейшаму і праз дрэвы саду было відно, як па полі плыве святло фар. Калі прайшло столькі часу, што яго хапіла б, каб двойчы схадзіць да трактара і назад, Яўмен з палёгкай уздыхнуў і, абышоўшы клуб, каля якога ўсё яшчэ іграў баян, рушыў па соннай вуліцы вёскі.
Надзя з сяброўкай сядзела на лавачцы каля сваёй хаты. Узрадаваны Яўмен падышоў да іх, папрасіў дазволу прысесці.
— Калі ласка, — адказала сяброўка і адразу ж паднялася. — Дык я пайду, Надзечка, спаць. Ты будзі мяне заўтра, а то я зноў прасплю.
Яўмен з удзячнасцю правёў яе позіркам.
Яны засталіся ўдваіх. Сядзелі воддаль адзін ад аднаго і маўчалі. Надзя, не падымаючы галавы, наском туфля чарціла на пяску нейкія літары. Яўмен пазіраў на яе і крыху зларадасна думаў: «Ага, няёмка табе, сорамна?» Але і сам не ведаў, з чаго пачаць размову. Ад хвалявання яму стала холадна, хоць вечар быў цёплы.
Ён сказаў пра надзіну сяброўку:
— Разумная дзяўчына Клава.
Надзя не адказала.
Тады ён услухаўся ў гудзенне трактара, якое то сціхала, аддалялася, то набліжалася, расло, і заўважыў:
— Газуе Валянцін.
Надзя і брывом не павяла, быццам упершыню пачула гэтае імя. Яўмен разгубіўся. Усяго тыдзень таму назад яна была такая гаваркая — расказвала бесперапынку, жартавала... А цяпер... Але раптам Надзя ціха засмяялася і, глянуўшы на яго, сказала:
— Якое ў цябе непрыгожае імя, старое — Яўмен, — і пасля кароткай паузы дадала: — I прозвішча таксама... Як мянушка...