Ён сам не любіў свайго імя, аднак, ніхто ў жыцці не гаварьіў яму такіх абразлівых слоў. Але больш балючым і страшным за абразу было іншае: ён зразумеў, што гэта яе адказ на ўсе яго пытанні, на ўсе надзеі і спадзяванні, больш ім няма пра што гутарыць. Ён пасядзеў моўчкі яшчэ хвілінку і, падымаючыся, сказаў:
— Валянцін, вядома, лепшае...
— Валянцін... Валя... — неяк радасна, летуценна сказала яна і неяк незвычайна, шчасліва засмяялася.
Ён развітаўся не сваім голасам:
— Добрай ночы.
— Добрай ночы, — сур'ёзна адказала Надзя і ласкава папрасіла:— А ты, Квачык, не крыўдуй на мяне. Не трэба.
Няхай бы яна лепш не гаварыла яму гэтых ласкавых слоў! Здавалася, каб яна засмяялася здзекліва, дык яму не было б так балюча, як ад гэтых слоў. Ён ішоў, як у сне, нічога не чуў і не бачыў. Каля саду яго спыніў Цімох Сарока, які ішоў з дзяўчынай, папрасіў закурыць. Запаліў запалку, глянуў Яўмену ў твар і ціха, каб не пачула дзяўчына, сказаў:
— Я на тваім месцы такому сябру морду пабіў бы.
— Што-о? — быццам не зразумеўшы, спытаў Яўмен і моўчкі пайшоў далей.
Непрыкметна для сябе, ён вышаў у поле і, пасля сам не мог успомніць як, апынуўся каля трактара.
Валянцін убачыў яго, спыніў машыну і, не заглушаючы матора, крыкнуў:
— Што здарылася?
— Злазь! — махнуў рукой Яўмен.
— Што-о?
— Злазь! — голас яго, суровы і ўладны, быў добра чуваць і праз рокат матора.
Валянцін саскочыў на зямлю і, глянуўшы сябру ў твар, адступіўся.
Яўмен, нічога не кажучы, лёгка ўскочыў на сядзенне, скінуў пінжачок свайго выходнага гарнітура, згарнуў яго падкладкай наверх.
— У чым справа? — наблізіўся Валянцін.
— Ідзі, цябе чакае Надзя!
Яўмен крануў трактар і адразу пераключыў на вышэйшую хуткасць.
Валянцін бег побач і крычаў на ўвесь голас:
— Надзя? А што здарылася? Што?.. Ды скажы ты па-чалавечы! Вар'ят!..
Яўмен махнуў рукой у напрамку вёскі.
Валянцін на момант адстаў, пастаяў нерухома, а потым перагнаў трактар і, не аглядаючыся, пабег да вёскі.
Яўмен убачыў, як шпарка ен пабег, і ўсмешка ўспыхнула на яго твары.
Ён зразумеў, што за недарэчная думка з'явілася ў напарніка, уявіў, як ён будзе шукаць Надзю, як, калі яна пайшла спаць, разбудзіць яе бацькоў...
Не, не тое. Яўмен зразумеў, што яны, Надзя і Валянцін, па-сапраўднаму кахаюць адзін аднаго. Ад гэтага стала лягчэй на душы, зніклі роспач і крыўда. Застаўся толькі смутак: было шкада сябе, няўдачніка. Ён цяжка ўздыхнуў і рушыў трактар яшчэ шпарчэй.
Наперагонкі з трактарам, ныраючы за хмары, бег месяц.