– Дзе? Што? Калі? Во хлус дык хлус. Хоць я разумею Петрыка: пачне зараз частаваць абедам дзядзька Хвядос, а ён адразу ж пачырванее, засаромеецца. Нібы дзяўчынка. Толькі што з таго – голад не цётка, есці хочацца, як не круці-вярці, а мне неяк дык і ўсёроўна, хто накорміць – ці дзядзька, ці цётка. Хоць, вядома ж, потым трэба будзе пастарацца, каб нечым аддзячыць, бо, як сказаў вясковы грамацей дзед Грышка, бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. А дзед ведае, што гаворыць. Петрык жа хуценька разабраўся ў сітуацыі – варта было яму зірнуць толькі раз на мой кіслы твар – і ціха, каб не пачуў дзядзька, шапнуў мне:
– У нас суп з квасолі... Яшчэ смачней, чым што.
А дзядзьку Хвядосу не было калі і падслухоўваць таго Петрыка – ён ужо глядзеў на незнаёмага чалавека ў доўгім – ледзь не да самых пятаў – плашчы і ў новай кепцы-васьміклінцы, які моўчкі і задужа ўважліва разглядваў усё, што траплялася яму на папялішчы. Нарэшце пачаў выцягваць з-пад абгарэлых бёрнаў кола ад возу. Не атрымлівалася – перашкаджаў плашч, тады незнаёмец зняў яго, паклаў на печ, краем звесіўшы долу. Выглянуў з-за печы і дзядзька Хвядос. Убачыўшы яго, незнаёмец павітаўся:
– Шчасця вам у хату!
– Дзякуй, – крыху неяк сарамліва адказаў дзядзька. – Дзякуй. З прыцэлам, бачу, наперад гля-дзіце. А то якая ж у мяне хата? Так вось... печ адна... З ёй і трымаемся.
Незнаёмец нарэшце ўпэўніўся, што кола нікуды нявартае, адстаў ад яго і падышоў бліжэй да гаспа-дара, глядзеў таму ў вочы, настырна і доўга, быццам спрабаваў прыгадаць, дзе ж ён бачыў Хвядоса, дзе сустракаліся. Не прыгадаў. Таму сказаў коратка, але пераканаўча:
– Печ ёсць – лічыце, і хата ёсць.
– Ды яно быццам і так, канешне... – пагадзіўся , але ўсяго напалову, дзядзька Хвядос. – А вы, калі не вялікі сакрэт, кім будзеце?
Чалавек той адказаў не адразу. Спярша выгледзеў паблізу ад сябе бярозавы цурбачок, а ўжо сядаючы на яго, прамовіў:
– Настаўнік я. Да вайны дзяцей вучыў. У школцы. А цяпер ад райкома партыі.
Яны пазнаёміліся – назвалі сябе.
Пачуўшы пра райком, Хвядос ніяк аслупянеў. Потым ён пашкроб каля вуха, і яшчэ, здавалася, больш разінуў рот:
– Ад... ад райкома, кажаце?! – І нацягнуў на галаву пілотку, якую схапіў на каптурку. – Ну-ну. Добра гэта. А я, прызнацца па шчырасці, думаў, што... як бы тут сказаць... каб не апраставалосіцца... ага.
– Калі так думалі, то памыляліся. Ёсць у раёне ўлада. Была і ёсць. Савецкая. Вадой не пачастуеце мяне?
Дзядзька Хвядос замітусіўся:
– Зараз. Мы гэта зараз. Чаго-чаго, а вады хапае.
Ён знік і неўзабаве вярнуўся з поўным – да беражкоў – карцом, падаў Козыраву. Той смачна выпіў, крэкнуў, і зноў вярнуўся да ранейшай размовы:
– Цяжкавата, праўда: дзе пехам, дзе на кані, але ў кожнай вёсцы хочацца пабываць. Дабраўся, дзякаваць Богу, і да вас.
– Вядома, вядома,– трос галавой дзядзька Хвядос.
А Козыраў працягваў:
– Каб знаць-ведаць, што засталося пасля немца...
– А што засталося? – дзядзька Хвядос паказаў рукой на папялішча. – Вось усё, што засталося, перад вамі... як на далоні. Адны галавешкі – такія ж чорныя, як і жыццё людское. Прабачце, можа што не так сказаў...
Так ці не так, але як на наш з Петрыкам розум, дык і правільна. Няма чаго нос задзіраць, калі парткі дзіравыя. Пагадзіўся з дзядзькам Хвядосам і важны райкомаўскі госць, але выгляду не падаў, а толькі сказаў, што ў нашай Гуце хоць там- сям хаткі віднеюцца, а ёсць жа вёскі... І ён махнуў рукой, бы шабляй:
– Былі!.. Эх, жыццё-бляшанка! Вот мне сказалі: калгасы трэба ўзнімаць. Хлеб вырошчваць. Парсючкоў. Каровамі абзаводзіцца. Дзе толькі іх возьмеш, рагуль тых? Коні... коні ёсць?
Дзядзька Хвядос паскроб пальцам за вухам, хехекнуў:
–Коні? Коні ёсць... Адзін. Белы. І тое не конь – баба...
Козыраў насцярожыўся:
– Баба?
– Кабыла.
– А-а, кабыла! – шырока ўсміхнуўся Козыраў. – Кабыла – гэта, можа, і лепш, га? Як думаеш, Хвядос?
–Калі з боку перспектывы, то канешне... – усміхнуўся дзядзька Хвядос. – Але ўсё ж сілёнкі ў яе не тыя. Хоць і грэх скардзіцца – цягавітая. Быццам разумее ўсё роўна, што сёння ёй больш рабіць трэба... за сясцёр і братоў, якіх на фронт забралі... Камісавалі кабылу – вока ў яе адно. Сляпая.
– Вока? – насцярожыўся райкомавец. – Сляпая?
– Ну... а што? Ёй на танцы не хадзіць.
– Каму? – зусім выкругліліся ў таго вочы.
– Марусьцы.
– Пачакай, якія танцы? Якая Маруська? – яшчэ больш, здавалася, заблытаў госця дзядзька Хвядос.
– Якая Маруська? Кабыла наша...
Пра гэтую кабылу дык і ўспомніць смешна і грэшна. Не ўзялі яе на фронт – калека ж. Выб’юць другое вока, што тады? За аброць вадзіць? Ды і з адным вокам – што з яе за ваяка? Заставайся ўжо, Маруська, дома. А не ж! Як толькі ўсіх коней пагналі на зборны пункт – і яна наўздагон. Праз такі высокі паркан сіганула, што вяскоўцы дзіву даліся. Дагнала. А коней жа тых суправаджаў і дзед Грышка – ці не галоўным яшчэ начальнікам быў там? – то ён пазней мне з Петрыкам расказваў:
– Бач, і ёй на фронт захацелася. Цікава-інцярэсна. Табе, Маруська, і дома клопату хопіць. Нельга табе: інвалід. Білет не той маеш – белы. А з ім – к-хе, к-хе – скубі сабе траўку ў нашай Гуце ды тады-сяды і пуп рыхтуйся напружыць. Не ўсім трэба біць супастатаў ды гарматы цягаць. Камусьці і тут, дома, не менш клопатна. Я, хлопцы, яе сытна накарміў з казённага меха аўсом, пераначавала яна на зборным пункце, а тады зацугляў і прывёў дамоў. Пабачылі б, як ішла – ледзь ногі цягнула, а галаву так і не падняла, у зямельку ўперыла і не падняла: пакрыўдзілася, мабыць. Гонар і ў яе, Маруські, ёсць.
Так наша Маруська і адваявалася. А цяпер вось і ёй зацікавіліся, ды яшчэ і на высокім узроўні.
Дзядзька Хвядос чамусьці спытаў у раённага начальніка дазволу паклікаць сюды, да печы, усіх вяскоўцаў. Той пагадзіўся:
– Пакліч. Усіх пакліч, Хвядос.
Неўзабаве над Гутай стаяў звон – гэта біў кляцом з бараны ў рэйку дзядзька Хвядос, і павярнуўшыся тварам да госця, быццам супакойваў таго:
– Зараз яны збяруцца. Зараз. Яны падчыняюцца майму сігналу. Ага.
– Вы яшчэ багатыя, – Козыраў хадзіў туды-сюды, заклаўшы рукі за спіну. – Печ стаіць. Кабыла ёсць. А ў суседзяў, за ляском усяго, а нібы іншая зямля – ні кала, ні двара. Зусім дрэнь у іх справы...
Петрык шапнуў мне:
– Пра Званец гаворыць...
Я кіўнуў: канешне, а якая ж яшчэ вёска за ляском, ды і знайшоўся мне тут знахар – хіба я сам не ведаю. Сядзі лепш і слухай, што важны госць далей скажа. А ён сказаў тое, што мы і самі ведалі:
– І нікога з людзей не сустрэў. Яны, відаць, яшчэ не вераць гэтай цішыні. Баяцца яе.
А тады пачалі падыходзіць Мікіта, Лізавета, Варка, бабка Антося, Раіса, Тамаш. Козыраў кожнаму падаў руку. Тады і мы рашылі вылезці са схованкі. А чаго сядзець там, калі можна быць бліжэй да галоўных падзей, якія, спадзяваліся, былі наперадзе. Ды, калі шчыра, хацелася пераканацца, а ці пацісне райкомавец і нам руку. Але ён, убачыў-шы нас, прытуліў да сябе, паклаўшы спярша свае шырокія, бы лапаты, далоні нам на плечы, і гучна сказаў:
– Я вось і кажу тут Хвядосу: багатыя вы яшчэ. Вось, вось яно, ваша багацце, ваш заўтрашні дзень.
Як заўсёды, бліжэй да госця прадзёрся Тамаш, спытаў у Хвядоса быццам ціха, але пачулі ўсе:
– З райкома, гаворыш?
Дзядзька Хвядос кіўнуў: ага.
Пакуль дарослыя разбіраліся, хто адкуль, Петрык памацаў у Козырава кабуру, а тады мне шапнуў:
– Ёсць... Сапраўдны.
А Тамаш тым часам павярнуўся тварам да Козырава, гаварыў яму, а сам, схіліўшы галаву на бок, задаволена паглядаў на землякоў:
– Ты, чалавек, калі ўладу прадстаўляеш, давай... давай, гавару, слова выкладай дзяржаўнае. А хлапцы хоць і багацце, ды самі не шыбка багатыя... Пад штанамі лыткі, а на іх – латкі! Х-хі!
Дарослыя пачалі расказваць райкомаўцу пра нас, пра наша сірочае жыццё, ажно зрабілася няёмка... І добра, што Козыраў супакоіў іх:
– Нічога, нічога... Мала я ведаю сёння шчаслівых людзей... Хаця і шчаслівыя мы, калі падумаць. Вельмі шчаслівыя. Перамога зусім блізка, а вораг да нас ужо ніколі не вернецца!