Выбрать главу

Малаху гэта зусім даўпадобы. Хто ж адмовіцца пусціць да сябе начальства? Можа, яшчэ якая і палёгка будзе... I Малах ураз канчае:

— Хай прыходзіць. Сёння мы неяк сваімі прапалім.

— Дык я скажу яму. Бывайце, дзядзька Малах!

I ён ідзе да дзвярэй — зважна, спакойна,— ведама, сур'ёзны такі чалавек. I, ідучы паўз Аўгіяьку, ловіць яе вясёлы ўдзячны погляд.

Аўгінька надзвычайна рада. Гэта ж не іначай Віктар з ім таварышуе, з гэтым гарадскім. Ён штодня будзе хадзіць да яго і бачыцца з ёю. I вяселая Аўгінька гатова ўжо з радасці пабегчы ўслед за Віктарам, але парой сунімаецца: адразу кінецца ў вочы!

I яна астаецца ў хаце.

А Віктар рады яшчэ больш за яе — дармо што там, у хаце, трымаў такі зважны, сур'ёзны выгляд. Гэта ж ён сам і падстроіў усё, сам нараіў Зеленюку закватаравацца тут, у Сівалапах.

З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Віктар адразу прыхінуўся да Зеленюка з шчырай дзяцінай адданасцю. Малады рабочы з горада — такі разумны, разважны, такі дасканалы знаўца ўва ўсіх палітычных пытаннях — стаў для Віктара жывым увасабленнем ідэалу грамадскага чалавека. Ён скрозь прыглядаўся да яго, сачыў за кожным ягоным рухам і зусім свядома пераймаў ад яго тыя звычкі, якімі асабліва захапляўся, якія лічыў за ўзорныя для кожнага грамадскага працаўніка. Праўда, яны ў яго адпаведным чынам трансфармаваліся, набываючы большую мяккасць і сціпласць, уласцівыя ягонаму характару.

Зелянюк бачыў гэтую прыхільнасць да яго вясковага хлопца, яна яму імпанавала, і ён з свайго боку адчуваў да яго сімпатыю і даверлівасць. У вялікім бязладным Сіўцы, куды закінула яго партыйная мабілізацыя, адарваўшы і ад работы на заводзе, і ад вучобы (Зелянюк ужо трэці год як вучыўся ў завочным камвузе), камсамолец Віктар быў першы чалавек, якому ён мог вольна адкрываць свае маладыя думкі — столькі ж гарачыя, імклівыя, колькі цвярозыя, пэўныя.

Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам.

...I павялося так ад самага таго дня ці, праўдзівей, ад вечара, калі перабраўся Зелянюк у Сівалапы, што Малахава чыстая палавіна памалу зрабілася неафіцыйным цэнтрам, дзе завязваўся клубочак дружнага актыву, адкуль пачынала кусціцца свежая рунь новага сівецкага бытавання.

Ужо тады, у першы вечар, падышлі былі па-суседску да Зеленюка: былы партызан і чырвонагвардзеец Якуб Лакота, некалі дужы мужчына, а цяпер чэзлы і хваравіты — след белагвардзейскага катавання; Малахаў сваяк — паджылы, але здаровы, камляваты мужык, увесь у густой паклычанай барадзе; малады, спраўны гаспадар Мікіта, які калісь троху вучыўся на агранома і якога ў Сівалапах вельмі паважалі за ягоную стараннасць і за практычныя доследы ды палепшанні ў гаспадарцы. Прыцягнуўся нарэшце і Паўлюк Гвардыян, старэйшы брат Цімафея Міронавіча Гвардыяна, але — не ў пару яму — зусім нікчэмны, шалапутны мужык — вялікі гультай і п'янюга.

Усе яны перш сышліся ў гаспадара — там сядзелі і сціху гаманілі аб сім аб тым, з чаканнем пазіраючы на дзверы ў другую палавіну. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. А тады ўжо да позняй ночы ішла жвавая несціханая гутарка, у якой памалу, слова па слову, раскрываўся вялікі сэнс будаўніцтва, што стаяла на парозе непарушнае сівецкае старасветчыны.

Увайшоў быў потым, сціху прачыніўшы дзверы, Малах, абапёрся аб вушак і стаяў так чорным нерухомым ценем — слухаў толькі, а сам праз увесь вечар не сказаў ніводнага слова.

Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар, які адразу ўжо стаў тут, у Зеленюковай кватэры, за свайго чалавека. Ад яго звычайнае сарамлівасці не асталося і следу. Адно перашкаджала яму, што вельмі часта хацелася піць, і ён, кідаючы гутарку, выходзіў на гаспадарову палавіну. Праўда, ён іншы раз забываўся і напіцца, але ніводнага разу не забываўся сказаць колькі слоў Аўгіньцы і атрымаць ад яе вельмі выразную і мілосную ўсмешку. Нават разы са два, здаецца, ці тры яму пашчасціла заспець яе ў хаце адну — дык там справа даходзіла ўжо і да пацалункаў.

Ведама, маладосць!

6

Усё ішло як мае быць. У Сымона Карызны не было ніякіх сумненняў аб тым, што той зрух, тая вялікая рэвалюцыйна-ператворная работа, якая бурна разгарнулася ў рэспубліцы, якую несла на сваім баявым сцягу партыя, ёсць сапраўды адзіна правільны, пэўны і няўхільны шлях далейшага поступу рэвалюцыі. Ён з поўнай шчырасцю галасаваў супроць усялякіх выступленняў апартуністаў, якія сеялі ў масах бязверыцу, страх перад немінучымі цяжкасцямі і перашкодамі, якія фактычна клалі палкі ў колы рэвалюцыі. Ён лічыў іх за здраднікаў, за трусоў і заўсёды вымагаў большага ім пакарання, чымся было запрапанована. Ён нават адчуваў да іх чыста асабістую варожасць, бо ў глыбіні душы, недзе на мяжы свядомасці, насіў невыразную думку ці нават адчуванне, што пералом гэты пэўным чынам вынікае з яго глухога інстынктыўнага нездаволення нэпаўскаю будзёншчынай і азначае зварот да рамантычна-баявых традыцый мінулых дзён. Гэта, зноў кажу, было больш адчуванне, чымся думка, бо іначай Сымон Карызна, безумоўна, знайшоў бы ў сабе патрэбную сілу і здольнасць да самакрытыкі і зразумеў бы шкодную памылковасць гэтай тэндэнцыі.