Выбрать главу

Стася ўскочыла з месца, распаленая раптоўным гневам:

— Не кажы так, тата! Я не хачу, каб ты так казаў... Ты гаворыш, усё роўна як смяешся... Калі ты і рабіў усё гэта са смехам, дык ты, дык я... я зусім не буду пра гэта з табой гаварыць.

Карызна маўчаў — адно ўсміхаўся балючай, хваравітай усмешкай, якая сказала дачцэ больш, чымся ўсякія словы. Яна падсела да яго бліжэй і зусім інакшым, ціхім пяшчоным голасам запытала яго:

— Татка, табе дужа цяжка?

Бацька панура схіліў галаву:

— Цяжка, дачушка... Дужа цяжка...

I тады дачка паважным праканалым тонам супакоіла яго:

— Гэта добра, татка... Раз цяжка, значыць, ты ўсё адчуваеш... А я думала, ты смяешся... Скажы, татулька, як усё гэта выйшла ў цябе? Можа, тут якое было непаразуменне?..

Карызна скрывіўся ад унутранага болю і знехаця адказаў:

— Тут, Стася, столькі было непаразуменняў, што я заблытаўся ў іх, як у непраходным лесе. Мне пачынае часам здавацца, што ўсё жыццё маё — непаразуменне.

Яна перапыніла яго тым жа паважным аўтарытэтным тонам:

— Не трэба так гаварыць, татка... Гэта не сур'ёзна...

Ён вінавата ўсміхнуўся.

— Добра, дачушка, я больш не буду... Але — ведаеш што? — нам з табой так многа прыйдзецца яшчэ гаварыць пра гэта... А цяпер — блытаецца ў мяне ўсё... Давай пра другое... Скажы, ты Зеленюка добра знаеш?

Яна ўзняла на яго шырока расплюшчаныя вочы, нібы здзівілася такому наіўнаму яго запытанню.

— Я не толькі знаю, я нават кахаю яго...

Але зараз жа сама заўважыла сваю злачынную прастадушнасць і паправілася:

— Ну мы з ім — добрыя прыяцелі... былі...

Яна з момант памаўчала ў нерашучасці, а тады нясмела сарамліва запытала бацьку:

— Скажы, а ён... Зелянюк... не вінаваты ў гэтым ува ўсім?

Карызна адказаў з цвёрдай катэгарычнасцю:

— Ён ні ў чым не вінават. Вінават я.

Яны колькі хвілін сядзелі моўчкі, занятыя кожны сваімі думкамі. Потым дачка мякка кранула бацьку за рукаў, нібы асцярожна будзіла яго, і прашаптала:

— Татка... Я ўсё-ткі пра гэта яшчэ... Усяго некалькі слоў... Скажы, ці ты не хочаш шчыра так, па-сапраўднаму, каб неяк добра стала... ну, разумееш, каб зноў так, як раней...

Карызна не даў ёй скончыць — перапыніў яе ў дзіўным замяшанні:

— Я разумею... Я, дачушка, не ведаю... У мяне ўсё пераблыталася... Я буду хацець... Я зраблю так, каб хацець...

Тады Стася зусім блізка прыхілілася да яго і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала:

— А як з мамкай?

Карызна паглядзеў на яе строгімі вачмі.

— Стася, ты не маленькая, і табе не трэба ціхіх сямейных абставін... Мы цябе роўна любім абое... мы табе як былі — бацька і маці... Ёй не дрэнна... Яна лепей жыве цяпер, чымся раней...

Дачка слухала яго і ў тон яму пакорліва ківала галавой:

— Я ведаю... Я за мамку не злуюся на цябе. Тут — асабістае. Я сама ведаю... Але...— Яна адвяла ўбок свае вочы, каб не паказаць іхняга здрадлівага бляску, і дадала больш сама сабе, чымся яму: — ...але мне так шкода, так шкода свае мамкі...

На гэтым і скончылася была ў бацькі з дачкой першая па сустрэчы гутарка, якая хоць у сутнасці не развязала ні бацьку, ні дачцэ іх сумненняў, але шчасліва пагадзіла іх між сабой.

12

Зелянюк узрушана хадзіў узад і ўперад па нязграбна-даўгім, як труна, і пустым пакоі, у якім зазвычай непадзельна панаваў аптэкар Плакс са сваім местачковым драмгуртком і які раённая камісія «дэманстрацыйна» абрала сабе пад часовую штаб-кватэру.

Зелянюк ламаў галаву над сфармуляваннем пэўнага, яснага адказу на запытанне, якое зрабіла яму Стася пры іхняй неспадзяванай сустрэчы.

Нашто ён уласна ў сваіх лістах да Стасі, у якіх падрабязна апісваў ёй усе сівецкія падзеі, упарта хаваў ад яе сапраўднае месца дзеі і сапраўдных асоб, якія ў ёй бралі ўдзел?

Ён не каяўся і не сумняваўся — ён і цяпер, як раней, як увесь час, як і там, пры сустрэчы з Стасяй, быў шчыра і цвёрда ўпэўнены, што сапраўды так было лепей, што так і трэба было яму рабіць, але ў яго не было дакладнае формулы, у якую б можна было і ў якую яму канечна трэба было ўкласці сваё напаўінтуіцыйнае перакананне.

Ён добра помніць, што пачалося ўсё з несур'ёзнага, чыста дзяцінага жарту — ён хацеў так напісаць ёй колькі лістоў, а потым прызнацца ды пасмяяцца разам з ёй з гэтага бязвіннага ашуканства. А потым, як пайшлі ў яго сутычкі з Карызнам ды як набылі яны формы вострай прынцыповай варожасці, ён, па доўгіх меркаваннях, наважыў і надалей, да таго ці іншага развязання іхняга канфлікту, хаваць ад Стасі праўдзівыя прозвішчы герояў сваіх прыгод.

Але ж чаму ён гэтак наважыў рабіць? Ці меў ён тады што канкрэтнае на мэце?