Выбрать главу

— Дык я сама скажу яму. Добра?

Вера ў радасным захапленні кінулася да яе:

— Стасечка, любая, скажы... Я так шкадую яго... Я так шкадую...

Яна парыўчата абнімала Стасю, а ў яе вялікіх цёмна-цёмна-сініх вачах блішчалі слёзы. Стася ўважна паглядзела на яе і шчырым прыяцельскім тонам зазначыла:

— Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка.

Вера Засуліч шчасліва ўсміхнулася.

13

Справа Сымона Карызны, Пацяроба і яшчэ некаторых найбліжэйшых іхніх паплечнікаў разглядалася на пашыраным, спецыяльна для гэтае мэты скліканым пасяджэнні бюро райкома.

Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх, глуха зацяты ў жорсткім, амаль варожым да ўсіх маўчанні. Гэтая пахмурасць яго была заслонай, за якой ён хаваў сваё замяшанне і якой адгароджваўся ад сутычак з прыяцелямі, поўных немінучага ў гэткіх выпадках фальшу і двузначнасці.

Зусім іначай паводзіў сябе Пацяроб. Гэты і тут не страціў рызыкі і, горда замкнёны ў сваёй адумыслава-пацяробаўскай вялічнасці, звысака кідаў на ўсіх пагардліва-зачэпныя погляды, якія мусілі азначаць, што калі ён і не лічыць сябе пераможцам, дык у кожным разе яшчэ і далёка да таго, каб палічыў сябе за пераможанага.

— Яшчэ паглядзім, хто на чыё пераверне!

Пасяджэнне пачалося з даклада старшыні камісіі, што з даручэння райкома ездзіла ў Сівец дзеля азнаямлення на месцы з усімі дэталямі справы.

Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Канкрэтныя факты, якія з спакойнай, нават троху педантычнай стараннаспю выбіраў з сваіх бяздонных матэрыялаў дакладчык, паўставалі перад Карызнавай свядомасцю ў дзіўнай навізне, набываючы зусім новае, нечаканае для яго значэнне. Так часам якая-небудзь непрыкметная, нудная, абыклая для вока рэч, апынуўшыся ў руках чужога чалавека, раптам здзіўляе гаспадара незаўважанай дасюль яскравасцю.

I Карызну пачало здавацца, што справа ідзе тут зусім не аб ім, што гэта зусім не яго пералічаюцца тут сапраўды цяжкія, сапраўды невыбачныя злачынствы.

...Скрыўленне партыйнай лініі ў справе калектывізацыі, злоснае нарушэнне прынцыпу добраахвотнасці...

...Заціск здаровае ініцыятывы бядняцка-серадняцкай часткі насельніцтва...

...Парушэнне прынцыпу — «ліквідацыя кулацтва толькі на базе суцэльнае калектывізацыі» і скарыстанне раскулачвання з выключнай мэтай тэрарызацыі насельніцтва...

...Незаконнае высяленне беднякоў і сераднякоў...

...Беспрынцыпная калатня і звадкі з сябрамі ўласнае ячэйкі...

...Затойванне ад партарганізацыі сваёй сувязі з кулацкай сям'ёй і свае ранейшае праваапартуністычнае дзейнасці...

Карызна слухае з напружанай увагай, як перабірае дакладчык бясконцую чараду злачынстваў, і злачынствы гэтыя дзіўна абстрагуюцца ў ягонай свядомасці, абарачаючыся ў зусім самастойныя, незалежныя ад нікога, праявы. Потым яны збіраюцца ўместа, камбінуюцца, пераплятаюцца і складаюць нарэшце адзіны — таксама абстрактны — вобраз агіднага злачынцы. Гэта не ён зусім, не Карызна, гэта нейкі далёкі, прамінулы ў жыцці чалавек — дурны і агідны,— супроць якога Карызна абураецца не менш за іншых, не менш за самога дакладчыка.

Карызна раптам чуе, што гэты настрой не новы, што ён ужо некалі перажываў яго, і напружвае памяць, каб успомніць, калі гэта было.

Так, успомніў. Гэта было тады, як, едучы ад Рачкоўскага, ён — спакойны, упэўнены ў сваёй сіле і незалежнасці — абарачаўся мыслевым поглядам у мінулае і бачыў там замест сябе чужога малазнаёмага чалавека.

Карызна нервова здрыгаецца.

Што гэта — выпадак ці заканамернасць? Няўжо яму прыйдзецца скрозь так, з страхам і агідай, азірацца на свае пражытыя дні!

Дакладчык скончыў, і зачаліся спрэчкі. У спрэчках выступалі ўсе, хто быў тут прысутны, і ўсе гаварылі бадай што адно: усе ганьбілі, асуджвалі, патрабавалі суровае кары. Карызна глядзеў на кожнага, хто пачынаў гаварыць, з нейкай абсалютна пустой цікавасцю і ўвагу ўсю зварачаў не на словы, не на сэнс іх, а на тое, як хто трымаецца, ці добра патрапіць каторы ўзяць належны тон абурэння і які кіне на яго, на Карызну, погляд: ці гнеўны, ці спачувальны, ці проста безуважны.

Найактыўнейшы ўдзел у спрэчках браў Пацяроб. Ён без ладу, з чыста бабскай звяглівасцю ўтыкаўся ў прамову кожнага, хто выступаў, агрызаўся, лаяўся, нахабна вытыкаў кожнаму яго ўласныя грахі, якіх ён нейкім дзівам меў на ведаме безліч, і ўпарта напіраў на іх, як на сваё апраўданне, хоць яны не мелі ніякага дачынення да разглядання справы. I кожны свой выпад, якія б вынікі ён ні меў, пакрываў трыумфальным поглядам ваяўнічага пераможцы.