Выбрать главу

У Карызны пацяробаўскія выступленні абуджалі пачуццё прыкрай дакукі, а бадзёрыя змоўна-таямнічыя погляды, якімі той раз-пораз на яго пазіраў, стараючыся падтрымаць згнібёны дух свайго таварыша, кідалі Карызну ў халодную дрыготку агіды.

Наогул, усе гэтыя спрэчкі страшэнна нудзілі Карызну — яны здаваліся яму лішнімі, непатрэбнымі для справы і ў значнай меры штучнымі. Нават вялікае выступленне Зеленюка — фактычна пракурорская прамова, у якой ён з жорсткай бесцырымоннасцю калупаўся ў Карызнавай псіхіцы, не спыняючыся перад самымі інтымнымі яе куточкамі, нават гэтая прамова не выклікала ў Карызны моцнага ўзрушэння. Яму толькі шкода было чамусьці, што ў Зеленюковай прамове мала агню, мала нянавісці, што ён залішне аб'ектыўны і стрыманы. Мабыць, нянавісць гэтага нялюбага блазнюка дала б яму нейкае асаблівае задавальненне.

Сымон Карызна нецярпліва чакаў выступлення Рачкоўскага. Ён чакаў яго з затоенай унутры злараднасцю, ён загадзя трыумфаваў, уяўляючы тую ніякавасць, тое замяшанне, з якім Рачкоўскаму давядзецца ганьбіць яго, свайго калішняга супольніка.

Дзіўная рэч, але з усіх прыяцеляў і ворагаў — роўна чужых яму цяпер і далёкіх — найбольшую непрыязнасць адчуваў чамусьці Карызна да свайго лепшага друга, да Рачкоўскага. Ён проста не мог на яго глядзець — яго ўпэўнена-моцны, энергійны твар, яго прысадзістая, крэпкая, што дубовы камель, фігура абуджалі ў ім дрэннае пачуццё зайздрослівае варожасці, якое занялося ў ім яшчэ тады, як, прыехаўшы ў раён, суняўся ён быў перад кватэраю свайго друга, каб, як зазвычай, да яго заехаць. Перш чым злезці з вазка, ён паспрабаваў быў уявіць сабе сцэну сустрэчы з старым прыяцелем, і вось тут замест тае свежае бадзёрасці, якую заўсёды выклікаў у ім адзін успамін пра Рачкоўскага, заныла раптам у сэрцы ў яго гэтае прыкрае, едкае пачуццё, і магчымасць сустрэчы з Рачкоўскім не ўзрадавала яго, а напалохала. Ён сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары.

Рачкоўскі выступіў у самым канцы спрэчак. Ён паволі ўзняўся з месца, уперся рукамі ў стол, нібы ўрос у яго, і ўстроміў проста ў Карызну свой цвёрды няўломны погляд.

— Так, браце Сымоне... Зблышыў ты... Сорамна мне за цябе... вось... Партыя на цябе звяралася, партыя даручыла табе кіраваць часткай яе арганізацыі, а ты партыю сваю ашукаў... Чуеш ты? Ашукаў!.. Ты гэтую веру партыі да цябе на што скарыстаў, га? Ты ведаеш, браце, што ты зрабіў? Ты здрадзіў! Так, здрадзіў...

I Рачкоўскі з уласцівай яму грубай пачуццёвасцю стаў найчарнейшымі фарбамі маляваць учынкі Карызны, якія з кожным словам яго — важкім, цвёрдым, як удар молата, паўставалі ўсё ў страшнейшым выглядзе.

Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю.

«Ага! Ты гэтак? Ты такі тон узяў да мяне? Пастой жа, браток…»

I ён толькі чакаў, пакуль кончыць Рачкоўскі, каб зараз жа ўстаць і кінуць проста ў твар яму — жорстка, бязлітасна:

«А ты? А ты хто такі, калі я здраднік? Ці не з табой разам рабілі мы палавіну тых грахоў, за якія ты ганьбіш мяне? Ці не ты вёў мяне на іх, ці не ты кіраваў. А цяпер што, га?.. Можа, твая рызыка, твой задор і штурхнулі мяне на новыя злачынствы? Ты забыўся, як сам пад'юджваў мяне, як заклікаў мяне біць, варушыць усё да грунту, пераварочваць свет? Ага, ты забыўся?..»

Рачкоўскі нібы адгадаў Карызнаў намер і папярэдзіў яго:

— Мы ўсе памыляемся. У кожнага бываюць памылкі. Я таксама рабіў іх... Так, рабіў... Партыя ведае пра іх, ад партыі нельга хаваць ніводнага свайго кроку, як бы ты ні зрабіў яго: свядома ці несвядома...

Ён перавёў погляд на сяброў райкома, нібы беручы іх у сведкі правільнасці сваіх слоў, і гаварыў далей яшчэ з большай сілай і нават урачыстасцю:

— Партыя ведае пра мае грахі... Але партыя ведае і тое, што я гэтыя свае грахі — во...

Ён зрабіў рэзкі размашысты жэст, які выразней за слоў паказаў, як ён сцёр з твару зямлі нават апошні след сваіх грахоў.

— Адным ударам... Помніш, я казаў табе, га? Адным ударам! Во!..

I ўдар, які ён зрабіў кулаком аб стол, папраўдзе быў настолькі рашучы і моцны, што ўсё на стале задрыжала і заенчыла ў раптоўным сполаху.

Карызна далей не слухаў. Нечаканае прызнанне Рачкоўскага ашаламіла яго, выбіла з рук у яго апошні козыр і пагасіла ўсё ягонае абурэнне. Ён адно падумаў, як калісьці падчас прыезду свайго да Рачкоўскага: «Што гэта: хітры манеўр ці простая праўдзівая дарога наперад?»

Адылі адказу на гэтае сваё запытанне ён не шукаў — яго агарнула бяздонна-глыбокая апатыя. Ён не сачыў нават больш за ходам пасяджэння — сядзеў моўчкі ў сваім кутку, акунуўшыся ў збавіцельную бяздумнасць. I калі яму раптам прапанавалі слова, ён устаў і беспарадна пазіраў навокал, не ведаючы, пра што гаварыць. I сказаў зусім выпадковае, чаго не меў на мэце казаць, што неяк само па сабе ўсплыло на думку: