Выбрать главу

— Я старауся рабіць так, каб было добра...

I тут жа злавіў сам сябе на падступнай двузначнасці свайго сказу: «Каму добра — партыі ці сабе?»

Яго словы зрабілі на прысутных дрэннае ўражанне, бо ўсе чакалі ад яго шчырага прызнання памылак і ўсе зразумелі, што ён ад гэтага прызнання пастараўся ўнікнуць. Ён адчуў гэта і хваравіта ўсміхнуўся з свае незадачы.

«Смешна б было адмаўляць віну... бязглузда... Трэба было сказаць... Трэба сказаць...»

Але гаварыць было позна.

Сакратар райкома т. Гайдук — мізэрны, хударлявы чалавек, з смарчкаватым тварам, з даўгім, ды не надта паважным носам — у кароткіх і, здаецца, зусім малазначных словах падагуліў сэнс усяе справы, унітаваўшы яе — дробную, выпадковую — у шырокі размах усяго ўсёабдымнага руху эпохі. I ўсім ясна было, што гэтая агідная сівецкая пацяробаўшчына не ў адным Сіўцы завялася, што гэта — звычайная шума на магутных бурнапеністых хвалях рэвалюцыі.

I ўсім ясна было, што ні Карызну, ні Пацяробу няма больш месца ў бальшавіцкай партыі.

Далей былі толькі неабходныя фармальнасці.

Паклаўшы на стол партбілет, Сымон Карызна паспешна, каб унікнуць нязноснай яму ў гэты момант кампаніі Пацяроба і іншых сваіх таварышаў, выйшаў з райкома. Адылі, збегшы з высокіх ганкаў райкомаўскага дома, ён суняўся і з хвіліну стаяў на адным месцы — не таму, што не ведаў, куды ісці, а таму, што не чуў ніякай патрэбы ў тым, каб ісці куды-небудзь, каб рухацца, каб што-небудзь наогул распачынаць у гэтым новым, трагічна-пустым і невыразным сваім жыцці.

На дварэ патыхала ўжо блізкай вясной, і вільготны ветрык, мякка выпырхнуўшы з цемры, шаптаў на вуха даўнія наіўна-салодкія казкі, сабраныя недзе па маладзенькіх, палахліва прытоеных сярод брудных снягоў, праталінках.

I ў маўклівую пустату Карызнавага нутра прынёс раптам гарэзлівы вясновы ветрык шчымлівае і простае, як даўнія салодкія казкі, пачуццё.

Карызну стала сумна. Проста сумна, маркотна, як чалавеку, які разлучыўся з блізкімі людзьмі, як дзіцяці, што асталося без маткі. Гэта было першае адчуванне Карызны ў новым жыцці, і яно вярнула яго думкамі на хвіліну назад, у райком, адкуль павеяла на яго цудоўнай цеплынёй неўзваротнае дружнасці і сяброўства. Але яно і адштурхнула яго ад ганкаў райкомаўскага дома, бо ён ужо ведаў, што яму трэба ісці зараз у мізэрную чорную каморку заезнага дома і перажываць там першыя глухія гадзіны свае самоты.

Прайшоўшы крокаў з дзесяць па вуліцы, Карызна раптам заўважыў, што ён не адзін, што побач з ім пасуваецца ў цемры нейкі няясны цень. Ён прыгледзеўся і, пазнаўшы ў няясным цені жанчыну, адразу зразумеў, што гэта Марына Паўлаўна.

Ясна: яна падпільнавала яго фатальна-трагічную хвіліну і прынесла яму сваю спагаду.

Карызна спагады гэтае не прыняў. Яму мілей было цяпер плаваць у мякка-разлётных хвалях свайго новага смутку, чымся варочацца да згубленых слядоў былога спакою.

Яна была яму яшчэ лішняя.

I Марына Паўлаўна зразумела гэта. Таму, калі, падышоўшы да заезнага двара, ён моўчкі падаўся ў яго цёмныя, як бяздонны лёх, вароты, яна не затрымала, не паклікала яго, а таксама моўчкі, як нямотны цень, знікла ў волкай цемры прадвясновай начы.

Карызна ўвайшоў у сваю каморку, запаліў святло і доўга з тупым здзіўленнем азіраў чорныя пакалупаныя сцены, убогі рахітычнага выгляду стол, такое ж крэсла, тапчан, нібы перад ім была не звычайная брудная абстаноўка выпадковага начлегу, а сталыя спадарожнікі яго новага этапу ў жыцці, да якіх трэба добра прыгледзецца, каб не трапіць зноў у якую неспадзяваную ператруску. Потым ён падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца.

Яго абудзіў раптоўны стукат у дзверы. Не ўправіўся ён яшчэ і вымавіць слова, як дзверы расчыніліся і ў іх з'явіўся брыгадзір Зелянюк.

Карызна ўзняў галаву і шырокімі напаўнепрытомнымі вачмі глядзеў на неспадзяванага госця.

Зелянюк быў злёгку замяшаўшыся, але сваё замяшанне досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Увайшоўшы ў каморку, ён адразу сеў на тапчан і загаварыў — зноў жа, каб схаваць замяшанне — наўмысна гучным фамільярным тонам:

— Я прыйшоў, Карызна, са справай да цябе...

— Са справай?

I Карызна зірнуў на яго такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў:

«Чаго табе яшчэ трэба? Калі ты адчэпішся ад мяне?»