Выбрать главу

— Чаго ж вы баіцеся, Ахрэм Данілавіч?

— Таго, чаго і вы, Цімафей Міронавіч.

Гвардыян хацеў быў звярнуць на жарт, а далей змеркаваў, што мо выгадней будзе ўзяць больш сур’ёзны тон ды дапытацца чаго ў хітрага Галілея.

— Я дык што ж, пэўная справа: кулак, хе-хе-хе... А чаго ж вам, будучы, баяцца?

Галілей непакойна паварушыўся.

— Кхе... кхе... Каб ведаў, дык не баяўся б. Чалавек таго баіцца, чаго не бачыць ці не разумее.

Гвардыян працягнуў разважна:

— Што праўда, то праўда... Каб гэта ведаў усё, што наперадзе, дык які страх!.. Хе-хе... Каб ведаў, дзе павалішся, дык бы лёг там спакойненька.

Ён не верыў, што Галілей папраўдзе баіцца, але наважыўся ісці напрасцень.

— Што ж яны, будучы, зробяць вам, Ахрэм Данілавіч?

— Яны мне нічога не могуць зрабіць... Ці аб адным чалавеку страх?.. Вам, Цімафей Міронавіч, будзе капец... ага... А ці варты вы таго ці не варты?

Ён сеў, спусціўшы ногі, на палацях, абапёрся аб калені рукамі і ўпяў у Гвардыяна спакойны задуменна-дапытлівы погляд, ад якога таму стала мутарна.

— Трэба памеркаваць... ага... Рэвалюцыя ідзе... Рэвалюцыя заўсёды шукае чые-небудзь пагібелі. З гэтай пагібелі — іншым шчасце... Так і з вашай пагібелі будзе некаму шчасце... ага... Я не ведаю... не разумею... Нічога не разумею...

— Не разумееце?

— I нічога я вам не скажу.

— Не скажаце?

Гвардыян раптам адчуў, што сапраўды яму страшна. Каб схаваць ад Галілея сваё пачуццё, ён пяўся зрабіць на сваім твары безуважна-іранічную ўсмешку, але замест яе дрыготныя вусны расцягваліся ў нейкую ўбогую, разгубленую грымасу. I нястрыманы нутраны імпэт прымушаў яго мімаволі рабіць наіўныя недарэчныя запытанні.

— Можа, скажаце, зямлю адбяруць?

— Кхе... кхе... адбяруць.

— Можа, скажаце, гаспадарку рашаць?

— Кхе... кхе... і рашаць.

— Можа, і хату?.. I тое, што ў хаце? Га? I тое, што ў хаце? Можа, скрыні пачысцяць, кішэні павыварачваюць? Можа, сарочку здзяруць? Ну? Кажы! Ну? Кажы!..

Ён падступіў пад палаці і ашчэрыўся на Галілея сваёй дзікай грымасай, у якой перамяшаўся страх з агіднай нястрымнай злосцю.

— А можа, ты брэшаш, га? Брэшаш, Галілей, во што... Брэшаш! Брэшаш! Не загубяць бязвіннага чалавека! Няма такога закону! Закону няма!

Галілей замітусіўся на палацях, закхекаў, затрос сваёй мізэрнаю барадзёнкай. Падняўшы пад столь правую руку, ён таргануў за нейкую вяровачку, і раптам палаці плаўна пасунуліся ўніз і спусцілі Галілея на падлогу.

Гвардыян стаяў аслупянелы, разявіўшы рот ад здзіўлення. А Галілей ужо трусіўся па хаце, поўны дзівоснае непакойнасці, і лапатаў не то Гвардыяну, не то самому сабе:

— А ўчора я трактар бачыў... ага... Ішоў некуды праз наша мястэчка... Тах-тах-тах-тах-тах... I жук поўз па дарозе. (Галілей відочна зманіў. Які ўзімку мог жук паўзці па дарозе? Ды і трактара, пэўна, ніякага не было.) Жучок... Проста — чорны жучок... Кхе... кхе... Дык трактар пайшоў, а жучок астаўся... Раструшчыў трактар жучка... і ніхто не шкадаваў... Раструшчыў, Цімафей Міронавіч, ага... разумееце?

Гвардыян, якога троху ахаладзіў цудоўны сход на зямлю Галілея, слухаў яго з падазронаю настарожанасцю.

— А што гэта па-твойму — трактар?

Галілей трыумфаваў.

— Ага... Вось — не ведаю... кхе... кхе... Не разумею, Цімафей Міронавіч, не разумею... I нічога не скажу... ага...

У гэты час зноў нібыта недзе ўгары азваўся сабака — заскавытаў жаласна і нецярпліва. Галілей зайшоў на другі бок печкі, таргануў за другую вяровачку, і такім жа спосабам, як і ён сам, спусціўся на дол ягоны сабака. Галілей зараз жа растлумачыў:

— Кхе... кхе... Сцюдзёна ў мяне. На доле ніжэй за нуля тэмпература. Кожнае стварэнне цеплынёй ажыўляецца... Босы, не чапай Цімафея Міронавіча!

Мабыць, папраўдзе было сцюдзёна ў Галілеевай хацёнцы, бо Гвардыян калаціўся, як у трасцы, хоць і быў апрануты ў добрае футра. Наогул, ён адчуваў сябе, як акунуўшыся ў проламку. Прыкрая ледзяная золь ела нутро, падтачваючы цёплую заслону душэўнае раўнавагі. Ён мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй.

— Бывайце, Ахрэм Данілавіч!

— Таго і вам, Цімафей Міронавіч... Кхе... кхе... Усяк бывае, ага... усяк бывае...

Гвардыян напружыў усе сілы і, выходзячы, крыкнуў з задорнай бязрупатнасцю:

—Дармо! Ці тое бачылі на белым свеце! Жывём і жыць будзем... ого-го!..

Узышоўшы на вуліцу, Гвардыян раптам завярнуў назад, пад сваю хату: ён не мог у гэткім настроі ісці да аб'ездчыка. Ідучы па мястэчку, ён, мабыць, упершыню за ўвесь час свайго сівецкага дабрабыту забыўся трымаць знадворную станавітасць; ён сігаў шпаркімі нервовымі крокамі, выцягнуўшы наперад худую сваю жылаватую шыю.