Выбрать главу

У галаве білася тлумнай навалай: «Разбой... Гэта — чысты разбой... Сярод белага дня рабаваць чалавека! Што ж гэта будзе?»

Страх і разгубленасць памалу пераходзілі ў злосць, і Гвардыян сціскаў кулакі.

Чакайце ж, браточкі! Ён не дасца так лёгка! Нічога не выйдзе! Не адзін жа ён гэткі! Усіх не ймеш — няпраўда ваша! Чакайце, ён таксама не будзе сядзець склаўшы рукі, нешта будзе рабіць і ён, чакайце, даражэнькія!

8

Колькі гэтае працы, колькі вечнага клопату ў Веры Засуліч! Зранку — у класе. Праз чатыры, пяць, а часам і шэсць гадзін няўпыннае тлуманіны галава азеліцца так, што, прыйшоўшы нарэшце ў свой чысценькі прытульны пакойчык і адчуўшы ўсім нутром навакол сябе чароўную доўгачаканую ціхасць, Вера доўга, мо хвілін з дзесяць ці болей, стаіць нерухома на адным месцы, млява апусціўшы рукі і ўпяўшы некуды ў прасцяг невідушчы погляд вялых вачэй. Яе стройная фігура тады недалужна сутупіцца і разам з панурым выразам твару можа нават зрабіць уражанне, што Вера Засуліч зусім няшчасны чалавек.

Але гэта — чыстае непаразуменне. Вера цалкам шчаслівая. Яна любіць працу і сквапна шукае яе, яна не можа быць без працы, без клопату. Вось пастаіць яна так хвілін з дзесяць (проста адпачывае, змарыўшыся), і зноў ажывіцца, і, яшчэ не ўправіўшыся згатаваць сабе чаго-небудзь на ўбогі дзявоцкі полудзень, будзе ўжо гарэць новымі турботамі.

Увечары (гэта ж праз якіх дзве ці тры гадзіны, ведама — зімовы дзень) збяруцца бабы на «кройку-шыццё» — яна кіруе імі, перадае ім сваю прымітыўную практыку, вынссеную яшчэ з дзяцінства, з сацыяльна несамавітае сям'і сядзельца ў «казенной винной лавке». Але ж да вечара яна мусіць яшчэ забегчы на адчынены сход ячэйкі, бо хоць яна і беспартыйная, а партыйным жыццём цікавіцца надзвычайна. I вось, наспех перахапіўшы сяго-таго, яна ўжо бяжыць на ячэйку і, бегучы, успамінае, што пасля «кройкі-шыцця» адразу будзе рэпетыцыя новае п'есы. Хоць драмгуртком яна не кіруе, але; як і ва ўсім, ў чым даводзіцца ёй браць удзел, адчувае адказнасць за гэтую інстытуцыю, мабыць, больш за самога аптэкара Плакса, чалавека ў значнай меры флегматычнага. Дык, бегучы, яна ўспамінае, што яшчэ не распісаны ролі, што трэба канечна гэта арганізаваць, бо без распісаных ролей «з нашымі аматарамі» адна цяганіна.

I вось яна забягае ў аптэку.

Аптэкар Плакс з-за свае стойкі, якая падобна да прафесарскае кафедры, сустракае  яе, як зазвычай, стэрэатыпным запытаннем:

— Цытраваніліну ці пірамідону?

Вера дасадліва адмахваецца:

— Адкасніцеся вы з сваім пірамідонам! У мяне не баліць галава...

Плакс навучальна тлумачыць:

— Галава заўсёды можа забалець. Кожнай галаве ўласцівы два працэсы: думаць і балець, і гэтыя працэсы ўзаемна абумоўлены: хто больш думае, у таго і больш баліць галава.

— Дык я анічога не думаю... Плаксік, мне дужа некалі. Як у нас з ролямі?

Але аптэкар Плакс не можа дапусціць у сваёй справе легкамыснай паспешнасці; ён перакананы, што жыццё ў чалавека без меры доўгае і яго хопіць на тое, каб рабіць усё спакваля. Перш чым распачаць справу, ён мые рукі, старанна выцірае іх ручніком, выходзіць з-за свае кафедры і здароўкаецца з Верай, доўга і мякка трымаючы яе невялічкую ручку. Вера церпіць гэта без асаблівай прыкрасці: ёй, па праўдзе сказаць, Плаксава асцярожная сімпатыя куды мілей за абажанне большасці (не ўсіх, вядома) сівецкіх рыцараў. Узаемнага пачуцця да яго яна, мабыць, не чуе, але паважае яго і за драматычныя таленты, і за мяккае абыходжанне.

Але ж ёй страшэнна некалі, і яна ўсё-такі адбірае ў Плакса сваю руку.

— Дык як жа з ролямі? Гэта ж пільная пастаноўка, нам за тыдзень трэба даць яе.

Цяпер Плакс можа гаварыць і аб справе. Ён варочаецца за сваю кафедру, поркаецца нечага ў сваіх рэцэптах і нарэшце падае Веры спісаны сшыгак.

— Палавіну роляў я ўжо сам распісаў. Ды і рэшту, мабыць, зраблю.

Вера не ведае, як і радавацца гэтай неспадзяванай Плаксавай рупнасці. Цяпер яна спакойная, яна можа бегчы далей. Але Плакс яшчэ хоча нешта сказаць, і яна наспех моршчыць лоб у шчырай уважнасці.

Плакс выгалашае свой аўтарытэтны прысуд:

— П'еса дрэнная, але цалкам адпавядае палітычным задачам сённяшняга дня; пусцім на дармавую...

— А як жа выдаткі?

Плакс пагардліва крывіцца і робіць рукой лёгкі жэст, нібы далікатна адпіхвае ад сябе якую брыдкую рэч.

— Навошта пэцкаць мастацтва ў бруд матэрыяльных рахункаў? Мастацтва даражэй за грошы...

Вера кідае яму адвітальную ўсмешку і, здаволеная, выбягае з аптэкі.

На адчыненым сходзе ячэйкі Вера Засуліч сядзіць, застыўшы ў глыбокай напружанасці. Ад яе ўвагі, можа, і не хаваецца тое, што сакратар ячэйкі Сымон Карызна па яе прыходзе відочна ажыўляецца, весялее, робіцца больш гаваркі і красамоўны. Можа, гэта нават і цешыць яе жаночы гонар, але яна не робіць з гэтага ніякіх высноў і нават, больш таго, стараецца гэтага зусім не заўважаць. Пытанні, што абмяркоўвае сход, цалкам захапляюць яе. Ды і ці дзіва! У гэтых пытаннях так многа новага, жывога, глыбаказначнага. Гэта не дробныя справы бягучага дня — гэта справы эпахальных маштабаў, гэта — гістарычна вялікі зрух, які павінен даць новы кірунак усяму жыццю краіны.