Выбрать главу

Так прывучыў яе глядзець на калектывізацыю Сымон Карызна, і гэты погляд яна засвоіла з шчырай гатоўнасцю сумленнага спраўнага працаўніка. На загану ёй трэба сказаць, што веліч гэтага гістарычнага працэсу яна ўспрымала троху абстрактна, і захапленне яе фактычна складалася з двух злітых у адно пачуццяў: з чыста дзяцінага страху перад грознаю невядомасцю і такой жа дзяцінай радасці, што вось дзеецца нешта надзвычайнае, нешта смелае, рашучае, баявое. Адылі гэта не перашкаджала ёй заўсёды быць у дзейнай бадзёрасці і перадаваць гэту бадзёрасць усім, хто з ёю стыкаўся.

Вера Засуліч у значнай меры натура рамантычная. Таму ёй падабаецца ўсё яскравае, барвістае, выдатнае. Таму ёй больш даўпадобы гарачыя, багата насычаныя эмоцыяй выказванні Сымона Карызны, чымся спакойна-дзелавыя, нават трошачку ўсмешлівыя заўвагі (менавіта — заўвагі) брыгадзіра Зеленюка. Наогул, Карызна гаворыць лепш за ўсіх і, безумоўна, лепш за ўсіх разумее сутнасць усіх гэтых спраў. Вера спачывае душой, як слухае ягоныя прамовы. Адно прыкра турбуе яе, што Карызна надта ўжо зважае на гэтага блазнюка брыгадзіра. Гаворачы, ён раз-пораз кідае ў яго бок асцярожны дапытлівы погляд, нібы чакае ягонае ўхвалы. Гэты погляд страшэнна назаляе Веры — ён надае ўражанне, нібы Карызна баіцца Зеленюка, высцерагаецца яго ці мо ўважае яго за нейкі для сябе аўтарытэт. Навошта гэта? Наогул, Вера заўважыла, што паміж гэтых двух партыйцаў часам мільгае нешта падобнае да захаванага спаборніцтва. А можа, гэтак лепей для справы? Хто яго ведае.

Але ткі давялося на тым сходзе і Веры Засуліч зазнаць хвіліны пякучае прыкрасці. Гаварылі пра сівецкія справы. Выходзіць, што калектывізацыя ў Сіўцы не рушыць з месца, бо побач з упартай работай па прапагандзе ідэй перабудовы вёскі ідзе не менш упартая агітацыя супроць калгаса. Разам з тым як расце і мацнее дружны актыў перадавікоў, цэнтр якога ў Сівалапах, у хаце дзядзькі Малаха адначасна збіваецца і другі, не менш дружны актыў, гатовы да астатніх сіл змагацца за старую вёску, за старое жыццё, вякамі ўсталяванае, прырослае да каржаватага мужычага нутра. А фактычна — гэта была зграя кулакоў і падкулачнікаў, першым заводцам у якой быў, вядомая рэч, Цімафей Міронавіч Гвардыян.

I вось Вера Засуліч успомніла невялічкую молепадобную жанчыну з дробнымі высеянымі вачмі.

Справа ў тым, што ў Веры Засуліч былі вельмі блізкія і прыязныя адносіны з Матрунай Іванаўнай, Гвардыянавай жонкай. З першых дзён прыезду свайго ў Сівец Вера нейкі час кватаравала ў Гвардыянаў і там пасябравала з ціхай малапрыметнай гаспадыняй, пакорна адданай свайму жорсткаму мужу — ды не толькі мужу, а кожнаму, з кім даводзілася ёй заводзіць больш-менш блізкія дачыненні. Што і казаць — да Веры Засуліч яна з першага ж дня паставілася з глыбокай, чыста набожнай пашанай.

I, нягледзячы на сваю малапрыметнасць, Матруна Іванаўна была цікавая жанчына. У ёй, дзівосна перамяшаўшыся, была шэрая абмежаванасць забітае вясковае жанчыны з рэшткамі калішняй, праўда, убогай, страшэнна блытанай культурпасці. Так-так, Матруна Іванаўна вучылася нават калісьці ў гімназіі! Яна была зусім шляхетная паненка — тонка гаварыла з кавалерамі пра каханне, грала на гітары і кволым галаском выводзіла журботны напеўчык:

Ветер пронесся над речкою сонною, Тихо шумит очерет... Там, на воде, между тиной зеленою Мертвое тело плывет...

Грубая неўвароткая мужава воля жорстка прыгбала ўсе яе паэтычныя нахілы, і цяпер толькі калі-нікалі яны прабіваліся скрозь закаржэлы пласт тупога жыцця раптоўнымі недарэчнымі парасткамі, якія дужа пацяшалі Веру Засуліч. То яна, жаласна скуксіўшы маленькую сваю фізіяномію, запяе напаўзабыты раманс, то ўспомніць што-небудзь рамантычна-прачулае з свае неверагоднае мінуўшчыны, то пачне разважаць пра мілосныя пачуцці, пра каханне. Усё гэта так дзіка, так прарэзліва дысанавала з усёй ёй, цяперашняй Матрунай Іванаўнай, што смехатлівы настрой у Веры часам мімаволі змяняўся на пачуццё раптоўнае жудасці.

У глыбіні душы Вера, безумоўна, толькі смяялася з Матруны Іванаўны, але разам з тым адчувала да яе найшчырэйшую сімпатыю і да апошняй пары не кідала вадзіць з ёю сяброўства, карыстаючы сяды-тады з яе добраахвотных дробных паслуг.