Выбрать главу

I вось цяпер толькі, пачуўшы пра кулацкія махінацыі Гвардыяна, Вера зразумела раптам, што гэтая невялічкая смешная жанчына — зацяты вораг партыі і Савецкай улады. Пэўна, што вораг, бо Вера ж добра ведае яе рабскую адданасць мужу, ягоным інтарэсам, ягоным думкам, пачуццям і настроям.

I яна з гэтай жанчынай сябруе. Яна, палітычна свядомая, блізкая да партыі працаўніца, першая на ўвесь Сівец актывістка.

Вера Засуліч гарыць уся ад нутранога сораму, а можа, і страху. Кожны напамінак пра Гвардыяна востра падколвае яе, напінае нервы, не дае спакойна ўсядзець на месцы.

Яна вінавата! Яна страшэнна вінавата! Але яна загладзіць сваю віну, сваю мімавольную заблуду! Яна яшчэ з большай шчырасцю, яшчэ з большым імпэтам возьмецца за працу, і ў справе калектывізацыі Сіщца, у барацьбе з кулакамі, з тымі самымі Гвардыянамі, яна адыграе не апошнюю ролю!

Вера выступае ў спрэчках (яна ж хоць і беспартыйная, але партыйнымі справамі цікавіцца) і ў гарачыя запальныя словы ўкладае сваё глыбокае абурэнне супроць тых, хто ставіць палкі ў кола вялікага будаўніцтва. Яна патрабуе найлюцейшае барацьбы з імі, яна заклікае да гэтае барацьбы ўсіх партыйцаў і беспартыйных. Яе словы робяць уражанне, яе настрой перадаецца прысутным. Яна чуе гэта і яшчэ больш запаляецца.

Дармо што ўсміхаецца гэты блазнюк брыгадзір! Мо ён не верыць у яе шчырасць? Мо ён думае, што яна толькі гаворыць, што ў яе не хопіць сілы самой рабіць тое, да чаго яна заклікае?

Пабачым, хто чаго варты!

...Вера Засуліч ідзе з партыйнага сходу ўзрушаная, але пэўная ў сабе. Дарогай яна цвёрда пастанаўляе ад гэтага ж дня спыніць усякія зносіны з Гвардыянамі.

Яна варочаецца дамоў паспешна, прыбежкам — пэўна, сышліся ўжо бабы на «кройку-шыццё». Яна адразу бяжыць у клас, дзе старожка ўжо запаліла святло, але там усяго тры жанчыны. Наказаўшы ім чакаць, Вера бяжыць у сваю кватэру, каб хвілін з дзесяць якіх адпачыць на самоце.

На кухні гарыць газовачка — старожка нешта поркаецца каля печы. А на ўслончыку ў кутку сядзіць невялічкая молепадобная жанчына і ззяе насустрэчу настаўніцы салодкаю, наскрозь прасякяутаю ласкай, усмешачкаю. Яе куксачка-твар увесь сабраўся ў камочак дробных прыветных маршчынак.

— Я вас чакаю, чакаю, Вера Міхайлаўна!

Вера аслупянела. Што ёй рабіць? Ёй трэба канечна выгнаць яе, гэтую кулацкую гідру, сказаць, каб яе духу-паху тут не было. Яна павінна гэта зрабіць, гэта яе абавязак. I яна зробіць, абавязкова зробіць. Вось зараз, адразу, каб доўга не думаць.

Вера раскрывае рот, каб сказаць першае жорсткае слова, і рот яе сам па сабе складаецца ў ветлую ўсмешку.

— Добры вечар, Матруна Іванаўна! Вы даўно прыйшлі?

— А ўжо, любачка мая, хвілін з дзесяць, чэснае слова...

Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань, пасля тых слоў якія яна ёй сказала. I наважвае, што можна яшчэ, бо першыя словы былі звычайнае прывітанне, якога вымагае простая абычайлівасць. А цяпер ужо яна скажа адразу, усутыч, без ніякіх там абыходаў. Каб надаць сабе смеласці, яна супіць бровы, набірае суровага выгляду.

— Матруна Іванаўна!

Але тут на момант запыняецца і, расхмурыўшы твар, канчае:

— Зойдзем да мяне ў пакой...

— Дзякую, Вера Міхайлаўна. Толькі на адну хвіліначку, чэснае слова...

Вера Засуліч у думках з шалёнаю злосцю дзярэ сябе кіпцюрамі і мала што не плача. А тым часам адмыкае пакой і далікатна прапускае наперад маленькую молепадобную жанчыну.

Матруна Іванаўна борздзенька, мышкаю, забягае ў свой абзвычаены куточак — паміж дзвярэй і грубкі — і зачынае дробненька ўздыхаць:

— Божачка мілы, што гэта дзеецца. Любачка мая, гэта ж як свет стаіць, гэткага не чуваць было, чэснае слова. Што хто працаваў, стараўся, недаядаў, недапіваў — цяпер аддай усё немаведама каму. Чысты разбой, чэснае слова...

Вера сядзіць бледная, здранцвелая — яна нават не дабірае сэнсу Матруніных слоў, а ўспрымае іх як балючыя жорсткія ўдары, ад якіх муціцца ў галаве і сэрца заходзіцца з тупога, звярынага страху. Што ёй трэба? Чаго яна прыйшла сюды? Як ёй сказаць, што ёй тут не месца, што яны — ворагі, што яна і на парог яе не хоча пускаць?

Матруна Іванаўна пачынае жаласна хліпаць:

— Кажуць... адбяруць усё... пазаганяюць усіх у калектыў у гэты... Усіх чысценька, як на прыгон усё роўна. Столькі гаравалі, столькі мэнчыліся, чэснае слова...

Слёзы Матруніны выклікаюць у Веры дзіўную мешаніну жалю і злосці. Яна рашуча ўскаквае з месца і крычыць: